Кошт 1 даляра ў беларускіх рублях за тыдзень павялічыўся на 5 капеек.

26 чэрвеня амерыканская валюта перасягнула сімвалічную планку ў тры рублі.

30 чэрвеня на таргах валютна-фондавай біржы даляр падрос на 0,04 капейкі. А днём раней ажно на 1,66 капейкі. Сёння 1 даляр па курсе Нацбанка каштуе 3,0315 беларускага рубля.

Эканамістка Настасся Лузгіна тлумачыць, што аслабленне беларускага рубля трэба звязваць з абясцэньваннем расійскага, які таксама прасядае адносна даляра.

Паводле яе, беларускі рубель паўтарае тэндэнцыю расійскага, але ўсё ж цалкам яе не капіруе.

Экспертка даводзіць, што кароткатэрміновым фактарам, які паўплываў на ўстойлівасць расійскай валюты, стаў мяцеж Прыгожына. У выніку рынкі і інвестары захваляваліся, што адбілася на курсе валют.

Негатыўныя наступствы ад паходу «вагнераўцаў» на Маскву зазнаў і беларускі рубель.

На зніжэнне курсу расійскага рубля ўплывае рост дэфіцыту расійскага бюджэту, наступствам чаго стала, у тым ліку, павелічэнне грашовай масы. На яго таксама цісне павелічэнне аб'ёмаў паралельнага імпарту пры адносна невялікіх цэнах на энерганосьбіты.

Настасся Лузгіна мяркуе, што плаўны рост курсу даляра да расійскага рубля, калі не будзе катаклізмаў на палітычнай арэне і дадатковых санкцый, захаваецца.

У адваротным выпадку інвестары больш актыўна будуць укладацца ў надзейныя валюты такія, як даляр і еўра. Гэта можа справакаваць больш рэзкае зніжэнне вартасці расійскай валюты.

Беларускі рубель таксама найхутчэй будзе плаўна прасядаць.

Эканамістка кажа, што цягам месяца могуць быць перыяды ўмацавання беларускай валюты, асабліва калі экспарцёры будуць прадаваць валюту, каб расплаціцца з падаткамі.

Падзенне расійскага рубля можа запаволіцца, калі будуць павялічвацца цэны на энерганосьбіты ці, напрыклад, Цэнтрабанк павысіць ключавую стаўку.

Аналагічная дынаміка будзе тады назірацца і з беларускім рублём.

Да канца года да расійскіх фактараў уплыву на беларускую валюту могуць падключыцца ўнутрыбеларускія.

Настасся Лузгіна нагадвае, што ўлада паставіла задачу нарасціць ВУП на 3,8% за кошт унутранага попыту і стымулявання інвестыцый.

«Гэтыя тэндэнцыі могуць стымуляваць імпарт. Таму ціск на беларускі рубель можа ўзрасці з-за мяккай крэдытнай і фіскальнай палітыкі, што вызначаюць умовы для росту грашовай масы і імпарту».

Глядзіце таксама:

«Гэты працэс не спыняецца». Як рэлакейт беларускага бізнэсу ўплывае на Беларусь і суседнія краіны

Стаўкі па валютных дэпазітах у беларускіх банках рэзка змяніліся проці мінулага года

Эканамісты распавялі, колькі беларусаў перабралася ў апошнія гады ў ЕС

Ці варта цяпер разглядаць куплю нерухомасці як добрую інвестыцыю і сродак зберажэння накапленняў?

Клас
13
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?