Затрымалі шасцярых, а на лаве падсудных — чацвёра

У пачатку лістапада 2022 года МУС даў справаздачу аб затрыманні пяцярых удзельнікаў закрытага чата «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта», які МУС прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем тыднем раней.

У ведамстве распавялі, што супраць затрыманых распачалі крымінальную справу па артыкуле аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Па скрыншотах відэа відаць, што чат СБНШ складаецца з 35-ці чалавек.

«Устаноўлена, што фігуранты, трое з якіх непаўналетнія, пачынаючы з 2020 года адміністравалі чатыры тыкток акаўнты і два тэлеграм-каналы. На названых рэсурсах друкавалася інфармацыя, накіраваная на арганізацыю і падрыхтоўку масавых беспарадкаў, супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў з мэтай замаху на незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць, асновы канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь. Затрыманыя аб'ядналіся ў тэлеграм-групе, якая ў пачатку лістапада прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем. Яны павінны былі знаходзіць выканаўцаў для знішчэння аб'ектаў інфраструктуры і арганізацыі нападаў на праваахоўнікаў», — сцвярджала МУС.

Затрымлівалі хлопцаў супрацоўнікі САХРа, АМАПа і «Алмаза».

У пачатку лістапада сілавікі пісалі, што арганізатараў СНБШ затрымалі ў поўным складзе, аднак праз тыдзень паведамілі пра затрыманне яшчэ аднаго — шостага, адміністратара, і апублікавалі відэа з ім. 

Што вядома пра абвінавачваных? 

Цяпер судзяць 17-гадовага жыхара Магілёўскай вобласці Алега Дабрыднева, 19-гадовых жыхароў Гомельскай і Брэсцкай абласцей Кірыла Балахонава і Уладзіслава Яфімовіча, 27-гадовага жыхара Гродзенскай вобласці Аляксандра Рукойця. Лёс яшчэ дваіх затрыманых — невядомы.

Пасля затрымання ў лістападзе 2022 года з хлопцамі запісалі відэа. Тады яшчэ непаўналетні Алег Дабрыднеў з Касцюковічаў распавядаў, што ў 2021 годзе быў асуджаны за «разукрашивание мусарок». Ён кажа, што затрыманы за адміністраванне тыкток-акаўнта oppositia_1_, дзе «публікаваў экстрэмісцкія матэрыялы і абражаў Лукашэнку». Хлопец дадае, што быў адміністратарам і ў чаце СБНШ, посціў інструкцыі па вырабе кактэйляў Молатава і распавядаў, як пускаць цягнікі пад адхон. 

26-гадовага жыхара Смаргоні Аляксандра Рукойця МУС называе «так званым апазіцыйным актывістам». Прадстаўнік ведамства адзначае, што затрыманы быў раней судзімы за крадзеж. На камеру хлопец кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту з 2020 да 2021 года і адміністраваў канал і чат СБНШ, дзе абмяркоўваліся «радыкальныя метады процідзеяння дзейнай уладзе». У паведамленні МУС гаварылася, што жыхар Смаргоні «прытрымліваецца нацыяналістычных ідэй вельмі правага характару». Як бы ў пацвярджэнне гэтаму ў кадры з'яўляецца фота сцяны з намаляваным на ёй славянскім арнаментам «Конегон», падобным да свастыкі.

У прэс-рэлізе МУС паведамлялася, што адзін з затрыманых — 18-гадовы жыхар Буда-Кашалёва Кірыл Балахонаў, які збіраўся «паехаць ва Украіну для ўдзелу ў баявых дзеяннях у складзе нацыяналістычнага батальёна». 

На відэа восенню 2022 года быў яшчэ адзін затрыманы — адзіны, чый твар на роліках МУС і «Сводак центра» схаваны. Ён кажа, што ўступіў у чат па запрашэнні знаёмага, а задачай групы была падрыхтоўка да «будучай партызанскай вайны».

Як цяпер гучыць абвінавачанне?

Паводле версіі абвінавачання, 17-гадовы жыхар Магілёўскай вобласці Алег Дабрыднеў, 19-гадовыя жыхары Гомельскай і Брэсцкай абласцей Кірыл Балахонаў і Уладзіслаў Яфімовіч, 27-гадовы жыхар Гродзенскай вобласці Аляксандр Рукойць летам 2022 года «ўступілі ў дэструктыўную Telegram-групу, якая ў лістападзе 2022 года прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем, а яе інфармацыйная прадукцыя — экстрэмісцкімі матэрыяламі». 1 лістапада 2022 года «экстрэмісцкім фармаваннем» быў прызнаны Telegram-канал і TikTok СБНШ («Саюз беларускага нацыянальнага шчыта»).

Дабрыднеў і Балахонаў, стаўшы адміністратарамі такой Telegram-групы, «з мэтай выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці захоўвалі і замацоўвалі ў ёй розныя матэрыялы і пісьмовыя тэксты, у тым ліку ўключаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Сцвярджаецца, што па сваім змесце названыя матэрыялы дыскрэдытавалі органы дзяржаўнай улады і кіравання, у іх меліся, напрыклад:

  • інструкцыі па вядзенні дыверсійнай дзейнасці, у тым ліку разбурэння і пашкоджання шляхоў чыгуначнай і іншай сувязі, вырабе, захоўванні і прымяненні запальнай сумесі;
  • заклікі да збору інфармацыі аб аддзелах унутраных спраў і вайсковых камісарыятах для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці;
  • заклікі да стварэння партызанскіх атрадаў у мэтах здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці, удзелу ў незаконных узброеных фармаваннях, вырабе і распаўсюджванні агітацыйных улётак для стварэння ў грамадстве лжывага ўяўлення аб уцягванні Рэспублікі Беларусь у спецыяльную ваенную аперацыю, якая праводзіцца Расійскай Федэрацыяй на тэрыторыі Украіны;
  • іншыя тэксты, у якіх прасочваліся намеры здзейсніць злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці.

Паводле версіі абвінавачання, Яфімовіч і Рукойць «нароўні з адміністратарамі групы бралі актыўны ўдзел у дзейнасці экстрэмісцкага фармавання». У прыватнасці, яны размяшчалі і захоўвалі ў вольным доступе інструкцыі па здзяйсненні дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, відэафайл і інфармацыю аб перамяшчэнні вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, аўдыязапіс, змест якога накіраваны на распальванне варожасці і варажнечы па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці.

Дзеянні Дабрыднева і Балахонава кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), Яфімовіча — паводле ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), Рукойця — паводле ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання) і ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы).

Чацвёра хлопцаў утрымліваецца пад вартай. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
4