Лукашэнка заявіў, што беларусы ўмеюць абараняць сваю зямлю, былі і будуць мацнейшыя за любыя выклікі (цытаты паводле БелТА).

Ён зноў заявіў пра пагрозы з Захаду, які нібыта выпрабоўвае Беларусь на трываласць. «Як бачыце, гісторыя паўтараецца. Калі казаць пра сілу, я ў апошнюю чаргу думаю пра тэхнічныя магчымасці. Яны ёсць. І пра гэта мы выдатна ведаем», — адзначыў Лукашэнка.

Ён зазначыў, што значна важнейшая згуртаванасць шэрагаў і адданасць Айчыны.

«А наша Айчына ад Брэста да Уладзівастока — гэта зямля, свабода і нашы народы, якія тут жывуць. Гісторыя памятае: беларусы ўмеюць абараняць сваю зямлю. Мы былі і будзем мацнейшыя за любыя выклікі», — заявіў ён.

«Не схаваю, было балюча назіраць за падзеямі, якія адбываліся на поўдні Расіі. Не толькі мне. Многія нашы грамадзяне ўспрынялі іх блізка да сэрца. Бо Айчына адна», — падкрэсліў беларускі палітык.

«Улічваючы ролю Беларусі ў вырашэнні гэтай сітуацыі, павінен у гэтым коле сказаць некалькі слоў пра тое, што здарылася, і патлумачыць нашу пазіцыю і прынятыя рашэнні. Асабліва ў святле апошніх укідаў і інсінуацый, якія ўсё больш і больш з'яўляюцца, асабліва ў расійскіх сродках масавай інфармацыі».

«Тым больш што і «збеглыя» нашы замітусіліся. Праўда, фальстарт адбыўся. Імкнуцца прадэманстраваць сваім куратарам наяўнасць хоць нейкіх вынікаў. Паспелі нават апублікаваць чарговыя заклікі і планы. Маўляў, таксама гатовыя рэалізаваць чарговы сцэнар «узброенага бунту»: трэба ж даваць справаздачу», — адзначыў Лукашэнка.

Ён дадаў, што ім былі аддадзеныя ўсе распараджэнні па прывядзенні арміі ў поўную баявую гатоўнасць.

«Калі падзеі ў Расіі адбываліся, мною былі аддадзеныя ўсе распараджэнні па прывядзенні арміі ў поўную баявую гатоўнасць. Ніхто нават у гэтых галімых тэлеграм-каналах не вякнуў супраць. Ніводная сям'я, ні жонкі, ні дзеці, ні сваякі — ніхто. Армія на поўдні, усе ўзброеныя сілы, у тым ліку і міліцыя, спецпадраздзяленні былі прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць», — адзначыў ён.

***

23 чэрвеня Прыгожын абвясціў, што ідзе «на Маскву», бо не хоча, каб Расія жыла «ў карупцыі і хлусні». Ён заклікаў не супраціўляцца наймітам, інакш яны будуць знішчаць усіх, хто ім будзе замінаць.

Ужо раніцай «вагнераўцы» ўзялі пад кантроль частку вайсковых аб'ектаў Растова-на-Доне і высунуліся ў бок Масквы, прайшоўшы Варонежскую, Ліпецкую і Тульскую вобласці.

У Расіі распачалі супраць яго крымінальную справу, Пуцін назваў мяцеж здрадай, а ў Маскве і вобласці ўвялі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі.

Аднак ужо ўвечары Прыгожын абвясціў, што разварочвае калоны і ідзе назад. У Крамлі заявілі, што справу супраць яго закрыюць, сам верхавод ПВК «пойдзе ў Беларусь». Таксама яны паабяцалі не пераследаваць яго наймітаў. Гэта стала нібыта следствам перамоваў Прыгожына з Аляксандрам Лукашэнкам. Таксама стала вядома, што калоны ПВК «Вагнер» могуць пайсці ў Беларусь.

Клас
3
Панылы сорам
4
Ха-ха
39
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
12