Выпадкі атручвання метанолам адбыліся адразу ў некалькіх абласцях Расіі. Найбольш трагічная сітуацыя ва Ульянаўскай вобласці. Там загінула 16 чалавек.
Паводле папярэдняй інфармацыі, людзі атруціліся сідрам маркі «Містар сідр», вырабленым у Самарскай вобласці.
Расспажыўнагляд Расіі забірае зараз сідр з крамаў.
Кампанія, якая разлівала «Містар сідр», паведамляе Mash, мела пратэрмінаваную дэкларацыю аб чысціні свайго абсталявання, а яе ўладальнік ужо атрымліваў папярэджанне за гандаль алкаголем без ліцэнзіі.
Улады заблакавалі па ўсёй Расіі абарот прадукцыі ТАА «Андзі», якая вырабляла «Містар сідр».
СК паведаміў, што справы аб атручванні напоем перадалі ў Галоўнае следчае ўпраўленне. Індывідуальны прадпрымальнік, чыя кампанія вырабляла сідр, затрыманы.
ТАА «Андзі» была зарэгістраваная ў канцы 2021 года, яе заснаваў Анар Гусейнаў, піша РБК. Паводле даных СМІ, затрыманы менавіта ён. У мінулым годзе чысты прыбытак кампаніі склаў 1,02 млн расійскіх рублёў.
Па факце гібелі людзей распачата крымінальная справа па частцы 3 артыкула 238 КК РФ (аказанне паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі, што пацягнулі па неасцярожнасці смерць дзвюх або больш асоб), паведамілі ў Следчым камітэце.





