Эскізны варыянт надмагільнага помніка Змітраку Бядулю. Скрыншот з відэарэпартажу АНТ

Эскізны варыянт надмагільнага помніка Змітраку Бядулю. Скрыншот з відэарэпартажу АНТ

У рэпартажы, які выйшаў учора на АНТ, упершыню паказалі зацверджаны эскізны варыянт помніка Змітраку Бядулю, які паставяць на ягонай магіле на Усходніх могілках.

Беларускі пісьменнік і паэт Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік) памёр у эвакуацыі ў казахстанскім Уральску 3 лістапада 1941 года. Там і быў пахаваны. У 2020 годзе адбылося перапахаванне ў Мінску на Усходніх могілках. Тады адбыўся казус: нерэлігійнага яўрэя перапахавалі з удзелам бацюшкі, а на магіле паставілі праваслаўны крыж з рускамоўным надпісам.

Змітрок Бядуля спачатку дэбютаваў з беларускамоўнымі творамі ў «Нашай Ніве», а ў 1914 годзе быў прызначаны сакратаром у газету, рэдактарам-выдаўцом якой тады быў Янка Купала. 

Партрэтная выява Змітрака Бядулі на эскізным варыянце помніка. Скрыншот з відэарэпартажу АНТ

Партрэтная выява Змітрака Бядулі на эскізным варыянце помніка. Скрыншот з відэарэпартажу АНТ

Аўтар помніка Змітраку Бядулю — скульптар Сяргей Гумілеўскі, які патлумачыў сваю задуму тэлеграм-каналу «Спадчына». Надмагільны помнік будзе выкананы ў выглядзе асіметрычнай пліты з дарагога зялёнага граніту, якая па форме нагадвае ніву пад парывам ветру, на пліце — бронзавая скульптурная выява паэта ў часе паэтычнага роздуму. Асіметрыя надмагільнай пліты таксама мусіць надаваць помніку паэтычнае гучанне. Падыход да помніка плануюць зрабіць з брукаванкі, што сімвалізуе складаны жыццёвы шлях, якім прайшоў Бядуля і праз шмат гадоў вярнуўся на радзіму. Вышыня помніка — 180 сантыметраў, такое абмежаванне ўстаноўлена законам «Аб пахаваннях і пахавальнай дзейнасці».

Для вытворчасці і ўстаноўкі помніка неабходна сабраць 12,5 тысячы рублёў. 

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае прадпрыемствы, грамадскія арганізацыі, а таксама зацікаўленых грамадзян узяць удзел у дабрачынным зборы сродкаў і зрабіць грашовы ўнёсак на разліковы рахунак у беларускіх рублях: BY15AKBB36429000005530000000 у ААТ «АЗБ Беларусбанк» БІК: АКВВВY2X УНП: 190269032. 

Клас
14
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?