Ілан Маск. Фота: thehansindia.com

Ілан Маск. Фота: thehansindia.com

Распрацоўшчыкі спадзяюцца, што з дапамогай спецыяльных чыпаў людзі, якія страцілі зрок або рухомасць, змогуць вярнуцца да паўнавартаснага жыцця, піша Бі-бі-сі.

Папярэдняя заяўка Neuralink не атрымала ўхвалення FDA з меркаванняў бяспекі, як казалася ў прэс-рэлізе, апублікаваным у сакавіку.

Цяпер у кампаніі кажуць, што задаволеныя рашэннем рэгулятара, аднак неадкладных планаў на адбор удзельнікаў выпрабаванняў у кіраўніцтва на гэтым этапе няма.

Як гэта працуе

Тэхналогія Neuralink прайшла паспяховае тэставанне на малпах.

У кампаніі спадзяюцца, што з дапамогай новых мікрачыпаў стане магчымым лячэнне такіх захворванняў, як параліч і слепата. Таксама мяркуецца, што яны дапамогуць людзям з абмежаванымі магчымасцямі больш шырока выкарыстоўваць камп'ютары і іншыя новыя тэхналогіі.

Адна з функцый чыпаў — інтэрпрэтацыя генераваных мозгам сігналаў і перадача інфармацыі на прылады праз Bluetooth.

На думку Маска, новая распрацоўка асабліва важная на фоне засцярогаў, што штучны інтэлект можа аднойчы замяніць людзей у розных галінах жыцця.

У сваім афіцыйным паведамленні Neuralink назвала ўхваленне FDA «важным першым крокам, які аднойчы дазволіць новай тэхналогіі дапамагчы многім людзям».

Між тым распрацоўкі кампаніі Маска нельга назваць абсалютным прарывам.

На гэтым тыдні стала вядома, што ў Швейцарыі ўжо правялі працэдуру па ўжыўленні чалавеку мазгавога імпланта.

Пацыент — галандзец Герт-Ян Оскам — быў паралізаваны на працягу 12 гадоў у выніку веласіпеднай аварыі.

Герт-Ян Оскам. Фота Weber Gilles

Герт-Ян Оскам. Фота Weber Gilles

Ужыўленыя яму электронныя імпланты бесправадным шляхам праз другасныя імпланты ў хрыбетніку наўпрост транслююць яго думкі нагам, прымушаючы іх ісці.

Швейцарская сістэма пакуль таксама знаходзіцца ў эксперыментальнай стадыі, але прасунулася некалькі далей, чым распрацоўка Neuralink.

У кампаніі Ілана Маска заяўляюць, што іх прыярытэт — бяспека, даступнасць і надзейнасць прапанаванай імі тэхналогіі, а не спаборніцтва на рынку.

Этычны бок

Нягледзячы на шматспадзеўны эфект мазгавых імплантаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у новай тэхналогіі знайшліся свае крытыкі.

«Я думаю, што мы набліжаемся да рэчаіснасці, у якой будзе значна менш свабоды думкі, значна менш разумовай прыватнасці, хоць наўзамен мы і атрымаем новую магчымасць для самавызначэння», — кажа прафесарка Ніта Фарахані, экспертка ў галіне этычных, юрыдычных і сацыяльных наступстваў у сферы развіцця новых тэхналогій.

Паводле яе слоў, мозг чалавека ўсё больш і больш завязаны на новыя прылады. Нават звычайныя гадзіннікі цяпер улоўліваюць амаль любы намер чалавека, не кажучы ўжо пра больш складаныя тэхналогіі, як, напрыклад, распрацоўка Neuralink, кажа Фарахані.

«[…] Калі ўспрымаць наш мозг як апошнюю рысу нашай прыватнасці, як адзіную прастору, якую мы можам засцерагчы ад іншых людзей і закрыць туды доступ, то чым больш адбываецца дасягненняў у галіне [мазгавых імплантаў], тым менш магчымасцяў захаваць гэтую апошнюю мяжу прыватнасці», — сказала экспертка ў інтэрв'ю Бі-бі-сі.

Акрамя таго, многіх цікавіць, колькі будзе каштаваць чалавеку з імплантам абслугоўванне гаджэтаў, звязаных з чыпам, ці ўсім гэта будзе па кішэні і што адбудзецца з целам чалавека, калі тэхналогія раптам дасць збой.

Чытайце таксама:

У Швейцарыі паралізаванаму мужчыну ўжывілі імпланты ў мозг і хрыбетнік. Цяпер ён зноў можа хадзіць

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2