Маляваныя дываны Язэпа Драздовіча ў экспазіцыі новага музея. Фота: «Культура і мастацтва»

Маляваныя дываны Язэпа Драздовіча ў экспазіцыі новага музея. Фота: «Культура і мастацтва»

У музеі па вуліцы Дачнай, 13 выстаўлена ўнікальная калекцыя маляваных дываноў — непаўторнага прыкладу беларускага дэкаратыўнага мастацтва. Традыцыя маляваных дываноў вядомая на Беларусі з канца XIX стагоддзя, але найбольшае іх распаўсюджванне прыпала на 1930—1950-я гады. Гэты час адзначыўся актыўнай перабудовай вясковага жыцця і зменай інтэр’ера сялянскіх хат. У імкненні ўпрыгожыць сваё жытло беларусы знаходзілі найбольш танныя і менш працаёмкія альтэрнатывы дарагім карцінам, тканым дыванам ці шпалерам. 

Такой альтэрнатывай сталі маляваныя дываны, якія ствараліся на саматканым ільняным палатне або цыраце. Малюнак наносіўся пэндзлем, а таксама з дапамогай выразаных уручную з кардону, гумы ці бульбіны трафарэтаў. Існавала і змешаная тэхніка: выява па цэнтры дывана малявалася, а бардзюр наносіўся трафарэтам. Мастакі-самавукі для работы выкарыстоўвалі алейныя або клеявыя фарбы, якія самі і выраблялі.

На фарбаваным у чорны колер палотнішчы малявалі раслінны арнамент, сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі. Майстры часта стваралі на палатне ідылічную (райскую) карціну свету згодна з уласнымі ўяўленнямі і фантазіямі. Сюжэты чэрпалі адусюль: з жыцця, з іканапісу, з рэпрадукцый карцін (у тым ліку малюнкаў на цукерачных абгортках). 

Рэканструкцыя інтэр'ера сялянскай хаты. Над дзіцячым ложкам — казачная маляванка. Фота: Tochka.by

Рэканструкцыя інтэр'ера сялянскай хаты. Над дзіцячым ложкам — казачная маляванка. Фота: Tochka.by

Дыван замаўлялі ў якасці падарунка на вяселле, народзіны дзіцяці ды іншыя святы. Яны маглі быць часткай пасагу, тады на дыване змяшчалі ініцыялы маладой заказчыцы, а пра захаванне аўтарства народныя мастакі, для якіх гэтая праца была дадатковым заробкам, асабліва не думалі. 

Музей-запаведнік у Заслаўі пачаў работу па зборы калекцыі маляванак яшчэ з 1988 года, набыўшы творы Язэпа Драздовіча. Тады ж былі арганізаваны экспедыцыі на радзіму мастака — Глыбоччыну. Мастак па адукацыі, ён быў вымушаны зарабляць на жыццё, малюючы дываны, дзякуючы чаму з’явіўся ўзорны прыклад мастацкага сінтэзу народнага і прафесійнага. Музею-запаведніку ўдалося здабыць вялікую калекцыю маляваных дываноў Драздовіча, якая цяпер складаецца з 32 работ. Яшчэ 28 дываноў захоўваецца ў музеі культуры і побыту ў Германавічах, дзе мастак калісьці стварыў культурны асяродак.

У музеі-запаведніку таксама захоўваецца 11 з 13 вядомых маляваных дываноў народнай мастачкі са Случчыны — Алены Кіш. Цікавасць уяўляюць маляваныя дываны мастакоў-самавукаў М. Марозькі, Г. Кузаўкова, І. Ворсы, Ф. Сухавілы, Н. Зосіка, Я. Вайцешык.

Частка экспазіцыі, прысвечаная творчасці Алены Кіш. Фота: «Культура і мастацтва»

Частка экспазіцыі, прысвечаная творчасці Алены Кіш. Фота: «Культура і мастацтва»

Агулам экспедыцыі па беларускіх рэгіёнах дазволілі музею-запаведніку сабраць найвялікшую калекцыю маляваных дываноў у краіне — больш за 250 адзінак. 

Такая вялікая колькасць прадметаў у калекцыі і рост цікавасці беларусаў да гэтага віду інсітнага (наіўнага) мастацтва падштурхнулі Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе» да стварэння асобнага музея ў сваёй структуры.

Маляваныя дываны з кветкамі і райскімі птушкамі. Фота: Realt.by

Маляваныя дываны з кветкамі і райскімі птушкамі. Фота: Realt.by

Пад музей адведзены будынак былога флігеля палаца Пшаздзецкіх (дарэчы, у іх мінскім палацы цяпер размяшчаецца мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага), уладальнікаў Заслаўя ў XVIII — XIX стагоддзях. Па некаторых звестках, тут размяшчалася палацавая бібліятэка, карцінная галерэя і сцэна для тэатральных выступленняў падчас буйных кірмашоў, што праводзіліся ў Заслаўі чатыры разы на год, і розных святаў. Але ў наш час будынак выглядае як тыповая пабудова ў якім-небудзь аграгарадку: персікавая афарбоўка сцен, пластыкавыя вокны, вішнёвая металачарапіца ды падшыўка даху сайдынгам.

З вонкавым выглядам выразна кантрастуе сучасны дызайн экспазіцыі, распрацаваны наваполацкай кампаніяй «Мастак-сэрвіс». Прадуманае асвятленне дапамагае засяродзіць увагу на творах. Прастору музея пад розныя патрэбы дазваляюць хутка мадэрнізаваць мабільныя перагародкі. Сярод сучасных навінак — VR-акуляры, з дапамогай якіх наведвальнікі могуць трапіць у прастору маляванага дывана.

Шырокую папулярнасць маляваныя дываны набылі ў апошнія гады, калі беларусы ўсвядомілі сябе паўнавартаснай нацыяй і перасталі саромецца сваёй культуры, асабліва сялянскай. Наіўныя вобразы з маляванак першай паловы XX стагоддзя, як выявілася, добра пераклікаюцца з сучаснай мастацкай і масавай культурай. «Мемныя» львы з дываноў Алены Кіш ці маляваныя пейзажы Драздовіча былі перанесены ў якасці прынтаў на моладзевыя світшоты, шоперы, сталі стыкерамі ў месенджарах і налепкамі на ноўтбуках. Можна сказаць, што гэтая традыцыя здабыла другое жыццё, але вялікія пласты беларускай культуры яшчэ толькі чакаюць, калі на іх нарэшце звернуць увагу.

Клас
22
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?