Ціханоўская і Зяленскі на ўручэнні прэміі. Фота: Офіс Ціханоўскай
Летась лідаркі пратэстаў 2020 года атрымалі гэтую прэмію, а сёлета — Уладзімір Зяленскі і народ Украіны. Гэта адна з самых прэстыжных палітычных узнагарод у свеце.
Напярэдадні Святлана Ціханоўская паўдзельнічала ў Форуме Карла Вялікага, дзе брала ўдзел у двух дыскусіях: пра сітуацыю ва Усходняй Еўропе і шляхі да міру.
Распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі, Віктарам Бабарыкам, Ігарам Лосікам, пра смерць Мікалая Клімовіча, прысуды партызанам і журналістам.
Таксама Ціханоўская заклікала раздзяляць рэжым і народ, паказаць беларусам еўрапейскую перспектыву, прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці, у тым ліку за датычнасць да прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
У асноўны дзень цырымоніі Ціханоўская разам з Таццянай Хоміч і Веранікай Цапкалай узялі ўдзел ва ўрачыстым богаслужэнні ў старадаўнім кафедральным саборы Аахена, а таксама ў самой цырымоніі.
У кулуарах яны сустрэліся з прэзідэнткай Еўрапарламента Рабертай Метсолай, спікеркай Бундэстага Барбэль Бас, прэмʼерам Польшчы Матэвушам Маравецкім, прэзідэнткай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляйен і прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Ціханоўская таксама выступіла на мітынгу, прысвечаным Украіне, удзел у якім бралі прэзідэнт Зяленскі і іншыя высокія госці.
Увечары Ціханоўская асобна сустрэлася з былой прэзідэнткай Літвы Даляй Грыбаўскайце. Размаўлялі на тэму Беларусі, знікнення з публічнай прасторы і хваробы Лукашэнкі, магчымых сцэнарыяў развіцця падзей, паведаміў офіс Ціханоўскай.
Чытайце таксама:





