Фота ілюстрацыйнае, з сацсетак

Пасяджэнне суда прайшло 16 сакавіка ў закрытым рэжыме, але рашэнне па яго выніках апублікавалі толькі цяпер.

У кастрычніку 2022 года Служба бяспекі Украіны правяла апытанне грамадзяніна Беларусі з выкарыстаннем паліграфа і па яго выніках рэкамендавала яму пакінуць тэрыторыю Украіны да 23 кастрычніка 2022 года. Беларус, у сваю чаргу, звярнуўся ў суд з просьбай скасаваць гэта рашэнне.

У судовым рашэнні адзначаецца, што падчас апытання пры дапамозе паліграфа супрацоўнікі СБУ атрымалі звесткі, якія сведчаць «аб магчымым знаходжанні беларуса ў агентурным апараце спецслужбаў або праваахоўных органаў Беларусі і выкананні задач на шкоду нацыянальнай бяспецы Украіны».

«Улічваючы варожае стаўленне Рэспублікі Беларусь да Украіны, было прапанавана органу вайсковага ўпраўлення Узброеных сіл Украіны адмовіць грамадзяніну Беларусі ў праходжанні вайсковай службы ў нацыянальных вайсковых фармаваннях Украіны, так як знаходжанне грамадзян Беларусі, якія скампраметаваныя супрацай з нацыянальнымі спецслужбамі, на тэрыторыі Украіны, стварае пагрозу дзяржаўнай бяспецы», — патлумачылі прадстаўнікі СБУ на судовым пасяджэнні.

Па выніках апытання супрацоўнікі СБУ таксама нібыта выявілі ў беларуса прыкметы «дэвіянтных паводзін» і «дэзадаптацыйныя схільнасці, якія могуць ускладніць знаходжанне гэтай асобы ў шэрагах Узброеных сіл Украіны і прывесці да цяжкіх наступстваў».

Суд палічыў, што атрыманая падчас контрвыведнай праверкі інфармацыя сведчыць аб «учыненні беларусам дзеянняў, якія супярэчаць інтарэсам забеспячэння нацыянальнай бяспекі Украіны і аховы грамадскага парадку», і з'яўляецца дастатковай падставай для прымусовага вяртання беларуса ў краіну паходжання ці трэцюю краіну.

У апублікаваным судовым рашэнні, згодна з заканадаўствам Украіны аб ахове персанальнай інфармацыі, замест прозвішча беларуса выкарыстоўваецца фармулёўка «АСОБА_1».

Летась у кастрычніку стала вядома, што з Украіны вымушаныя былі выехаць два беларускія добраахвотнікі — былы палітвязень Ціхан Клюкач і баец з пазыўным «Карыч». Апошняга СБУ нібыта і западозрыла ў супрацы з КДБ Беларусі.

Чытайце таксама:

Сталі вядомыя прычыны недаверу да двух байцоў «Пагоні». Адзін з іх сапраўды быў завербаваны КДБ

«Хто хоча ваяваць, той знаходзіць магчымасць». Былы палітвязень Клюкач далучыўся да палка «Пагоня»

«Камандзір прызначыў яму адэкватнае пакаранне». Полк Каліноўскага пракаментаваў сыход Клюкача

Клас
13
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
8
Сумна
2
Абуральна
3