Фота: АВВА

Фота: АВВА

11 мая адбылося ўрачыстае аб'яўленне вынікаў конкурсу беларускага бізнэсу ў зале каціровак Варшаўскай фондавай біржы. Free Belarus Business Award быў арганізаваны АВВА пры фінансаванні Еўрапейскага саюза.

Гэта было першае мерапрыемства з запланаванага цыкла — у 2023 і 2024 адбудзецца яшчэ тры такія конкурсы, а ўвогуле праект імкнецца стаць вялікім нацыянальным.

Арганізатары атрымалі заяўкі ад больш чым 70 прадстаўнікоў бізнэсу з беларускімі каранямі з 12 краін, з розных сфер і розных маштабаў. Агульны прызавы фонд першага конкурсу склаў 25 тысяч еўра — пяць пераможцаў атрымала сертыфікаты на 5000 еўра кожны. Яшчэ адзін пераможца — у партнёрскай намінацыі — атрымаў узнагароду ад Паўла Лібера.

Перамаглі наступныя кампаніі:

  • у катэгорыі «Малады бізнэс» — платформа тэлемедыцыны для дзяцей з ADHD PigPug Health;
  • у намінацыі «Індывідуальны бізнэс» — студыя анімацыі KAPI animation GbR;
  • у намінацыі «Патэнцыял маштабаванасці» пераможцам стала крама кветак ROSES.EE;
  • «Міжнародныя амбіцыі» — клінінгавая платформа Cleanwhale;
  • «Рэпрэзентацыя Беларусі» — кавярня і арт-пляцоўка Klubokawiarnia MY;
  • спецыяльны прыз ад Паўла Лібера атрымаў касметалагічны сэрвіс Atelier Royal.

Акрамя Еўрапейскага саюза, партнёрам выступіла і Варшаўская фондавая біржа. А сярод чальцоў журы — міжнародныя эксперты ў сферы інвестыцый, эканамічнага развіцця і інавацый.

Падчас конкурсу ўдзельнікі атрымалі магчымасць прайсці курс па асновах публічных выступаў.

АВВА таксама адзначае, што нават той бізнэс, які не перамог, усё роўна можа атрымаць сталую падтрымку, а таксама разлічваць на кансультацыйную, інфармацыйную і іншую падтрымку, далучыўшыся да АВВА.

Клас
9
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1