Мухарэм Інджэ сказаў, што не хоча, каб на яго ўскладалі віну за паразу апазіцыі. Фота: Memleket Party

Мухарэм Інджэ сказаў, што не хоча, каб на яго ўскладалі віну за паразу апазіцыі. Фота: Memleket Party

У якасці адной з прычын зняцця сваёй кандыдатуры ён назваў падробленыя фатаграфіі сэксуальнага характару і паскардзіўся, што на яго паклёпнічалі і падвяргалі ганенню на працягу паўтара месяца, а турэцкія ўлады не змаглі абараніць яго рэпутацыю, піша Бі-бі-сі.

«Падробленыя рахункі, падробленыя відэа, фатаграфіі… яны ўзялі відэа з ізраільскага порнасайта і дадалі туды мой твар, — сказаў ён. — На жаль, некаторыя ў Турцыі падзяліліся імі дзеля таго, каб быць у так званай апазіцыі».

Інджэ таксама заявіў, што не жадае аказацца крайнім у выпадку пройгрышу і цярпець абвінавачанні альянсу апазіцыйных партый, калі Эрдагану ўдасца ўтрымацца ва ўладзе.

Рашэнне Інджэ адмовіцца ад удзелу ў выбарах — выдатная навіна для галоўнага суперніка прэзідэнта Эрдагана Кемаля Кылычдароглу. Кылычдароглу ўзначальвае альянс шасці апазіцыйных партый, і па апошніх апытаннях ён можа набраць на выбарах 49% галасоў.

Кемаль Кылычдароглу. Фота: AP

Кемаль Кылычдароглу. Фота: AP

Турэцкі фондавы рынак таксама адрэагаваў рэзкім ростам.

Прэзідэнт Эрдаган кіруе краінай больш за 20 гадоў. У апошнія гады яго кіравання Турцыя сутыкнулася з сур'ёзнымі эканамічнымі праблемамі, у прыватнасці, з інфляцыяй 44%. Многія аналітыкі абвінавачваюць у гэтым асабіста прэзідэнта, які ўмешваўся ў палітыку Цэнтральнага банка Турцыі.

Цэнтрабанк фактычна не мае аўтаноміі і прымае тыя рашэнні, якія чакае ад яго прэзідэнт. А прэзідэнт прытрымліваецца своеасаблівых поглядаў на крэдытна-грашовую палітыку.

Эрдагана таксама крытыкуюць за запозненую і недастаткова актыўную рэакцыю на разбуральны землятрус у лютым, які забраў жыцці больш за 50 тысяч чалавек у 11 правінцыях.

Нягледзячы на аўтарытарызм Эрдагана, у Турцыі выбары адыгрываюць важную ролю — за апошнія дзесяцігоддзі людзі прывыклі да таго, што ў іх ёсць магчымасць уплываць на палітыку, і расстацца з гэтай магчымасцю ніхто не гатовы.

Хоць па апытаннях доля галасоў Інджэ невялікая, прыхільнікі апазіцыі спадзяюцца, што яго сыходу з выбараў будзе дастаткова, каб Кылычдароглу змог набраць 50%, неабходныя для перамогі ў першым туры ў нядзелю.

Калі ніводны з кандыдатаў не набярэ 50%, то праз два тыдні адбудзецца другі тур выбараў.

Пяць гадоў таму Інджэ набраў 30% галасоў, калі вылучаўся ад галоўнай апазіцыйнай Рэспубліканскай народнай партыі, але ў наступным годзе пакінуў яе.

Турэцкая апазіцыя

Турэцкая апазіцыя, вядомая як «народная кааліцыя», складаецца з шасці партый: кемалісцкай Рэспубліканскай народнай партыі, створанай яшчэ Атацюркам, ісламісцкай Партыі шчасця, правай нацыяналістычнай «Добрай партыі», цэнтрысцкай Дэмакратычнай партыі, Партыі будучыні і Партыі дэмакратыі і прагрэсу. Гатоўнасць такіх розных сіл аб'яднацца ў палітычнай барацьбе — індыкатар таго, як моцна іх выбаршчыкі чакаюць перамен у краіне.

За аб'яднанне апазіцыі адказваў Кемаль Кылычдароглу — лідар Рэспубліканскай народнай партыі. І менавіта яго большасць калег гатовая бачыць прэзідэнтам Турцыі.

Кемалю Кылычдароглу 74 гады. Апошнія 13 з іх ён узначальвае найстарэйшую ў краіне Рэспубліканскую народную партыю.

На гэтыя выбары кандыдат ідзе з мноствам абяцанняў.

Ключавыя з іх — гэта абяцанне змагацца за правы і свабоды, пазбавіцца ад карупцыі і кумаўства, пераарыентаваць замежную палітыку на Захад, каб развязаць існыя рознагалоссі з саюзнікамі ў NATO, адмовіцца ад эрдаганаўскай неартадаксальнай эканамічнай і фінансавай палітыкі, якая загнала краіну ў крызіс, забяспечыць свабоду слова.

Але галоўнае — змяніць Канстытуцыю, каб Турцыя магла вярнуцца да парламенцкай сістэмы, і пазбавіцца ад паправак 2017 года, якія далі Эрдагану максімальныя паўнамоцтвы.

Чытайце таксама:

Апазіцыйны кандыдат у прэзідэнты Турцыі заклікаў Расію «прыбраць рукі ад турэцкай дзяржавы»

За тры дні да выбараў у Турцыі Эрдаган саступае галоўнаму апаненту — апытанне

Эрдаган аб'явіў аб павелічэнні зарплат дзяржслужачых на 45%. Праз пяць дзён у Турцыі пройдуць прэзідэнцкія выбары, якія ён можа прайграць

Клас
25
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1