Лявон Халатран Леон Халатран Leon Khalatran

Лявон Халатран у інтэрв'ю на ютуб-канале «Ток». Скрын відэа

Пра ўмовы і заробак

«Хімію» Лявон адбываў у вёсцы Сушкі (Камянецкі раён). На другім паверсе будынка, дзе ён жыў, была размешчана адміністрацыя. На першым паверсе — тры жылыя пакоі. У іх разам можа жыць 45 чалавек. У пакоях — двухпавярховыя нары, стол, шафа, тумбачкі і халадзільнікі. Ёсць агульная кухня.

Ён адзначае, што на хіміі вязень працуе і мусіць сам сябе забяспечваць.

«Набываеш прадукты, гатуеш. Таксама плаціш за пражыванне нешта кшталту камуналкі — ад 30 да 60 рублёў».

«Хімікі» ў асноўным працуюць на фермах вялікага прадпрыемства — аграхолдынга «Белавежскі». Заробкі там нават у вязняў, па словах Халатрана, дастаткова добрыя. 

«Калі яны працуюць жывёлаводамі, даглядаюць за свіннямі, то ў іх раз на тры месяцы здача мяса. І тады, я сам бачыў разлікоўкі ў іншых, заробак складае пяць тысяч рублёў. Нават у «хімікаў». І мянты са здзіўленням глядзяць на гэтыя разлікоўкі. Яны ж там працуюць за тысячу».

Лявон падкрэслівае, што такія вялікія заробкі і для некаторых асуджаных, не палітычных, вельмі нязвыклыя: «Яны ўпершыню такія грошы бачаць і пачынаюць набываць усякую непатрэбшчыну, бязглуздыя рэчы з TikTok. Гульнявыя прыстаўкі нельга набываць, як і ноўтбукі. Адзін хлопец набыў iPhone 12 за заробленыя грошы».

Пра пʼянства

На думку Лявона, многім, хто адбывае «хімію», лепш адтуль не зʼязджаць. І тлумачыць, што, нягледзячы на тое, што «хімія» трохі жорсткая па сваіх умовах, яна дазваляе не спіцца: «Калі яны зʼедуць і ўладкуюцца на нейкую дрэнную працу, то будуць атрымліваць капейкі і співацца. Там амаль ва ўсіх праблемы з алкаголем: і ў «хімікаў», і ў мясцовых жыхароў. У мясцовых звычайная справа, калі нехта пʼяным згарэў у хаце, патануў, патрапіў пад машыну, проста спіўся».

Кіраўніцтва адпраўляе па фермах спецыяльную службу з алкатэстарам. Яна нечакана прыязджае і ўсіх правярае. Але работнікі, ведаючы, што такое будзе, усё роўна ўмудраюцца напіцца:

«Я назіраў, як да мікрааўтобуса, дзе сядзіць доктар з тэстарам, ледзьве ідзе жанчына, якая на працы напілася. І кіраўніцтва ім дае вымовы, потым звальняе. Але праз некаторы час бярэ зноў, таму што няма іншага».

Лявон адзначае, што «хімікі» закрываюць шмат «дзірак» у недахопе працоўнай сілы ў акрузе. Але і «хімікі» знаходзяць спосабы напіцца.

«Адзін з палітычных, ведаючы, што яго пакараюць, усё адно напіўся, «паслаў» кіраўніка, бо даўно на яго меў крыўду.

Па яго прыехалі, а ён яшчэ ў прысутнасці міліцыянераў у краме ўзяў піва, адкрыў і выпіў. Яны былі ў шоку. Настолькі ў людзей залежнасць ад алкаголю. Гэта проста катастрофа. Пасля яму прысудзілі 10 ці 15 сутак», — распавядае Халатран.

Пра работу

Лявона накіравалі на працу на ферму, якая знаходзілася за некалькі кіламетраў ад камендатуры і на якой гадавалі бычкоў.

Ён адзначае, што работнікі ў вёсцы, нягледзячы на тое, што пʼюць, вельмі дужыя: «Ты ўжо не маеш сіл працаваць, а яны працягваюць незалежна ад таго, пʼяныя ці не. Праўда, без зубоў і выглядаюць на гадоў 20 старэй».

Халатран у падрабязнасцях распавядае пра асаблівасці працы:

«Па прыходзе на працу я пераапранаўся, ішоў у свой будынак. Там браў «габлі» (сахор. — НН). З гэтымі «габлямі» ты пастаянна ходзіш. Усе работы з імі выконваюцца: выкінуць гной, перавярнуць корм, набраць нечага. Па баках у некалькіх месцах насыпаны корм. Ты павінен паглядзець, ці не «згарэў» ён».

Халатран згадвае, што першы раз, калі яму прапанавалі паглядзець, ці не «згарэў» корм, ён быў вельмі здзіўлены. Напарнік патлумачыў, што трэба засунуць руку, памацаць, ці не згніў ён.

Затым Лявон браў каня, запрагаў у воз, які быў з папярэдняга дня нагружаны сіласам, і раздаваў корм жывёле. Потым працэдура паўтаралася з возам з іншым відам корму. Калі корму не хапала, то даводзілася па яго ездзіць. Затым трэба было ехаць па камбікорм — на воз грузілі мяхі па 40—50 кілаграм.

Лявон заўважае, што спачатку думаў, што больш не будзе есці мяса. «Але паступова ты прызвычайваешся да насілля, якое адбываецца ў адносінах да жывёлы. У вёсцы іншыя адносіны да іх», — кажа ён.

А таксама згадвае, як яго калега з вёскі не мог зразумець, як можна аддаць грошы за аперацыю кату. І дадае, што ты сам незаўважна пачынаеш браць удзел у гвалце.

«Калі ты гоніш быкоў, а іх сто, яны вялікія і могуць цябе затаптаць, і калі хто з іх не ідзе, то ты бярэш вялікую палку і бʼеш яго. Таму што ты стаміўся, таму што ўсе вакол гэта робяць. І табе трэба гэта зрабіць.

Зразумела, што можна пратэставаць, гаварыць, што ты не будзеш гэтага рабіць. Уключыць рэжым змагара. І за гэта пацярпець. Але ў мяне не было ніякіх сіл. Мне проста трэба было там выседзець і выйсці, бо гэта ўсё роўна нічога не змяніла б. У тагачасным разуменні я не бачыў ні сіл, ні сэнсу ў гэтым. І адаптаваўся».

Пра паралелі паміж кароўнікам і сучаснай Беларуссю

Лявон праводзіць паралелі паміж быкамі, якія сядзяць у клетцы, і людзьмі, якія сядзяць у Беларусі:

«Ты, умоўна, у гэтым кароўніку як мент. Ты сядзіш сярод такіх жа, і ёсць іншыя, якія ў клетках. Ты над імі галоўны. Яны цалкам ад цябе залежаць. Ты можаш ужыць да іх любы гвалт. Табе нічога за гэта не будзе. І ты прывыкаеш да гэтага.

І быкі там сядзяць. Іх кормяць. Як і многа хто ў Беларусі: «У нас ёсць зарплата. Няма вайны. Я пабудаваў кватэру. У мяне дзеці вучацца ва ўніверсітэце. Мне Лукашэнка ўсё даў». Так і быкам таксама ўсё далі. Ім ёсць, дзе жыць, што есці. Толькі, калі трэба, цябе «ў расход». І праз адчыненыя дзверы кароўніка яны бачаць палі. Паралеляў вельмі шмат».

Прывыкнуць да фізічнай працы былому палітвязню было цяжка, на адаптацыю сышло пару тыдняў: «Ніякіх паслабленняў мне не давалі. Адзін са мною сварыўся, што не будзе за мяне працаваць. Але потым ты прывыкаеш, вучышся, як рабіць. Праз месяц я ўжо запрагаў каня». 

Глядзіце цалкам:

Клас
10
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
14

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?