Выява: vecteezy

Выява: vecteezy

Спяшаемся супакоіць: пакуль машыны для чытання думак яшчэ не з’яўляюцца рэальнасцю. Пры гэтым разнастайныя інтэрфейсы «мозг-камп’ютар» знаходзяцца сёння на розных стадыях развіцця, дазваляючы, напрыклад, людзям з неўралагічнымі парушэннямі аднаўляць рухальныя функцыі, размаўляць са сваімі блізкімі. Існуюць нават распрацоўкі імплантаў, якія патэнцыйна змогуць вяртаць зрок сляпым людзям.

Цяпер жа даследчыкі сталі на крок бліжэйшыя да таго, каб камп'ютар змог чытаць нашы думкі без аперацыі па імплантаванні нейкай прылады ў арганізм. У артыкуле, апублікаваным у панядзелак у часопісе Nature Neuroscience, паведамляецца, што даследчыкі з University of Texas у горадзе Осцін стварылі дэкодар маўлення, здольны пераўтвараць думкі ў словы. 

Дэкодэр маўлення выкарыстоўвае для гэтага даныя мазгавой актыўнасці, сабраныя з дапамогай функцыянальнай МРТ (або фМРТ). Метад фМРТ выкарыстоўваецца для вымярэння актыўнасці мозгу і абапіраецца на тое, што цэрэбральны крывацёк спалучаны з актывацыяй нейронаў. Гэта значыць, што калі канкрэтная вобласць мозга выкарыстоўваецца, прыток крыві да гэтай вобласці таксама павялічваецца, што можна зафіксаваць пры дапамозе спецыяльнай прылады.

Для працы дэкодара маўлення выкарыстоўваўся той жа ШІ, што і ў ChatGPT. Аднак — і тут можна пакуль выдыхнуць — ШІ разумее не дакладныя словы, а мае толькі агульнае разуменне пра тое, што нехта думае. Тым не менш, гэта адзін з першых дэкодараў мозга, які не патрабуе імплантаванай прылады. Пры дадатковых даследаваннях гэта можа дазволіць камунікацыю, на якую не здольныя сучасныя інтэрфейсы «мозг-камп’ютар». Але падобны тып тэхналогіі сутыкаецца з вялікай колькасцю этычных праблем і пытанняў прыватнасці.

Як нейронную сетку вучылі чытаць думкі

Каб прымусіць свой маўленчы дэкодар распазнаваць думкі, даследчыкі пад кіраўніцтвам Аляксандра Хута, дацэнта кафедры неўралогіі і інфарматыкі з University of Texas, спачатку павінны былі навучыць ШІ на даных фМРТ. Тры добраахвотнікі ляжалі ў МРТ-апараце каля 16 гадзін і слухалі аўдыягісторыі, паведамляе Inverse. 

Яны слухалі падкасты і праграмы на самыя розныя тэмы, а таксама глядзелі нямыя (але пры гэтым насычаныя падзеямі) відэа, такія як кароткаметражныя фільмы Pixar і іншыя анімацыйныя ролікі. Навукоўцы кажуць, што імкнуліся ў асноўным да таго, што цікава і весела слухаць падыспытным, бо гэта, верагодна, вельмі важна для атрымання добрых даных з фМРТ.

Пакуль суб'екты забаўляліся рознымі гісторыямі, ШІ працаваў, вывучаючы мноства даных, якія, па словах кіраўніка каманды, больш чым у пяць разоў перавышаюць любы існуючы моўны набор. ШІ вывучаў даныя з дапамогай мадэлі кадавання, якая бярэ словы, што чуе суб'ект, і прадказвае, як адкажа мозг паддоследнага.

Прыклады прадказанняў ШІ для дэманстрацыі тыповых паводзін дэкодара. Дакладна счытаныя словы і фразы вылучаныя блакітным колерам; фразы, сутнасць якіх была ўлоўленая правільна, вылучаныя фіялетавым; памылкі пазначаныя ружовым / Выява: University of Texas

Прыклады прадказанняў ШІ для дэманстрацыі тыповых паводзін дэкодара. Дакладна счытаныя словы і фразы вылучаныя блакітным колерам; фразы, сутнасць якіх была ўлоўленая правільна, вылучаныя фіялетавым; памылкі пазначаныя ружовым / Выява: University of Texas

Адсотак памылак «слова ў слова» быў даволі высокім: ад 92 да 94%. Сучасны ШІ не ў стане пераўтварыць думкі ў чыесьці дакладныя словы або сказы, хутчэй, ён перафразуе іх. Напрыклад, у адным прыкладзе паддоследны пачуў словы «ў мяне яшчэ няма правоў кіроўцы», а дэкодар прадказаў гэта як «яна яшчэ нават не пачала вучыцца вадзіць машыну».

Пытанні псіхічнай прыватнасці

Кіраўнік праекта, спадар Хут кажа, што гэты падыход да інтэрфейсу «мозг-камп’ютар» унікальны не толькі тым, што з’яўляецца неінвазіўным, але і тым, што маўленне разглядаецца ўжо на ўзроўні ідэй. Большасць жа існуючых сістэм працуе, разглядаючы толькі апошнюю стадыю маўленчага працэсу, запісваючы даныя з маторных абласцей мозга (гэта вобласці, якія кантралююць рот, гартань і язык).

Але менавіта такая апрацоўка «зверху ўніз» робіць гэты канкрэтны дэкодар маўлення не ўніверсальным. Хут і яго калегі выявілі, што дэшыфратар, навучаны на функцыянальных даных МРТ аднаго суб'екта, не можа быць ужыты для іншага. Чалавек таксама павінен быў быць уважлівым, бо інакш ШІ не мог улавіць гісторыю з сігналаў мозга.

У пэўным сэнсе даныя могуць быць нават сабатаваныя, калі суб'ект робіць што-небудзь, акрамя канцэнтрацыі ўвагі на гісторыі, якую слухае. Напрыклад, чалавек можа ў думках расказваць іншую гісторыю, або лічыць лічбы, або думае пра свайго ўлюбёнага гадаванца.

Хоць далёкая ад ідэалу здольнасць ШІ чытаць думкі і выклікае палёгку, але аўтары даследавання прызналі магчымасць узнікнення праблем з псіхічнай прыватнасцю і неабходнасць увядзення палітыкамі эфектыўных абмежаванняў на ўжыванне падобнай тэхналогіі.

«Нас таксама турбуе тое, што дэкодар не павінен быць дакладным, каб выкарыстоўваць яго з дрэннымі мэтамі, — сказаў Джэры Тэнг, адзін з аўтараў даследавання, спасылаючыся на паліграф у якасці папярэджання. — Хоць гэтая тэхналогія знаходзіцца ў зародкавым стане, вельмі важна рэгуляваць, для чаго можна выкарыстоўваць даныя мозга, а для чаго нельга. Калі аднойчы стане магчымым атрымаць дакладнае дэкадаванне без супрацоўніцтва чалавека, у нас будзе створаная нарматыўная аснова, на якую мы зможам абапірацца».

Чытайце таксама:

Зубны камень неандэртальцаў даў матэрыял для антыбіётыку новага пакалення

Навукоўцы ўбачылі ўсплёскі мазгавой актыўнасці ў паміраючым мозгу

ChatGPT ужо лепшы за доктара-чалавека па адным параметры

Клас
5
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0