Мікалай Клімовіч. Фота: ягоны фэйсбук

Мікалай Клімовіч. Фота: ягоны фэйсбук

«Ён вельмі адкрыты і наіўны, як дзіця. Мікалай шмат пісаў аб тым, што адбывалася вакол нас.

Знаёмыя казалі, што трэба троху прыпыніцца і не пісаць або не пісаць так шмат пад сваім імем. А ён казаў, што не здольны [рабіць] па стане здароўя нічога іншага, але маўчаць проста не можа. Вось за гэтыя допісы яго і ўзялі», — кажа яго знаёмы.

Мікалай Клімовіч і Дзмітрый Калдун. Фота: ягоны фэйсбук

Мікалай Клімовіч і Дзмітрый Калдун. Фота: ягоны фэйсбук

Блогерствам Мікалай займаўся ледзь не 20 гадоў. Хадзіў на суды да іншых людзей. У 2022-м яму спатрэбілася аперацыя на сэрцы. Грошы яму на рэабілітацыю сабралі талакой.

«Доўгі час яму не давалі працаўладкавацца. Ён жыў тым, што абрабляў агарод і гандляваў сваёй садавіной. Людзі час ад часу дапамагалі.

Хадзілі чуткі, што быў асабісты загад Валянціны Кулак, загадчыцы аддзела ідэалогіі Пінскага гарвыканкама, што калі нехта возьме Мікалая на працу, то яны пасля ні жыць, ні працаваць у Пінску не будуць. І баяліся, ніводная ўстанова яго на працу не брала — горад жа маленькі.

А ў 2020 годзе на яго наклалі шмат штрафаў, і ён быў выгульваў сабак, каб троху зарабіць. Вёў не жыццё, а выжыванне фактычна.

Калі б ён пакаяўся і стаў на калені, то яго б «памілавалі», але Мікалай не змог бы з гэтым жыць. Ягоныя ідэі яму былі больш важныя за сваё жыццё», — кажа іншы прыяцель Мікалая.

Мікалай Клімовіч. Фота: ягоная старонка «Укантакце»

Мікалай Клімовіч. Фота: ягоная старонка «Укантакце»

Яшчэ адзін знаёмы распавядае, што яго брутальна затрымалівалі ў 2022 годзе:

«Прыехаў ГУБАЗіК, Мікалая моцна збілі. Але калі яго завезлі на ІЧУ, то яму стала вельмі дрэнна і міліцыянты злітасціліся і выклікалі хуткую. Пасля казалі, што каб не выклікалі, то ён бы не перажыў гэтую ноч».

Тым разам суддзя Бычыла даў яму штраф за рэпост выявы Пуціна ў фашысцкім касцюме. «Хоць Мікалаю было цяжка яго пагасіць, гэта лепш за арышт, — працягвае суразмоўца. — Праз нейкі час яго выклікалі ў Следчы камітэт і сказалі, што супраць яго заведзеная крымінальная справа за лайк пад карыкатурай на Лукашэнку ў «Аднакласніках», але яго пакідаюць пад падпіскай ад нявыездзе.

Ён верыў у нейкую справядлівасць, бо не лічыў, што зрабіў нешта такое, за што заслугоўваў калоніі. Калі пракурор запрасіў год калоніі, ён вельмі спужаўся і ўсім казаў, што памрэ там. Сябры яго суцяшалі як маглі, але ўсе разумелі, чым гэта можа скончыцца.

І калі Мікалая ўзялі пад варту ў залі суда, то ён быў шакаваны, казалі, што ў яго быў такі выраз твару, быццам ён спіць і спрабуе прачнуцца ад нейкага кашмару. Спадзяваліся, што будзе апеляцыя і яму зменяць пакаранне на хатнюю хімію. Гэтага не адбылося».

Мікалай Клімовіч. Фота: ягоная старонка «Укантакце»

Мікалай Клімовіч. Фота: ягоная старонка «Укантакце»

Сувязь з Мікалаем сябры згубілі пасля апеляцыі 21 красавіка. Спачатку не турбаваліся, бо ведалі, што падчас этапу можа абрывацца сувязь на некалькі тыдняў. 

Падчас этапу ў калонію мужчыну везлі праз усю краіну. Перад гэтым ён затрымаўся ў віцебскім СІЗА, якое вядома жорсткімі ўмовамі. 

Сябрам паведамілі, што ён памёр 6 мая, амаль адразу пасля прыезду ў калонію. Калі сябры яго шукалі, то ім адказвалі, маўляў, чакайце, як прыедзе ў калонію, дашле вам ліст. Замест ліста прыйшла пахавальная.

Чытайце таксама:

«Ціхі чалавек з мяккім голасам». Хто тыя суддзя і пракурор, якія адправілі ў калонію блогера Клімовіча — палітвязня, які памёр за кратамі

Пакаралі за лайк пад карыкатурай Лукашэнкі. Што вядома пра палітвязня Мікалая Клімовіча, які памёр у калоніі

Колькі палітвязняў памерла ці звяло рахункі з жыццём праз невыносныя ўмовы за кратамі

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
48
Абуральна
29