Яўген Васількоў. Скрын з youtube-канала «Хронікі механізатара»

Яўген Васількоў. Скрын з youtube-канала «Хронікі механізатара»

Сям'я Васількова пасля эміграцыі пасялілася ў прыгарадзе Рыгі. 43-гадовы Яўген атрымаў пасведчанне еўрапейскага ўзору на кіраванне трактарнай тэхнікай і працуе механізатарам у прыватнай фірме. 

Пра сваю цяпершчыну блогер апавядае ў ютуб-канале «Хронікі механізатара», які ён стварыў на радзіме ў 2016 годзе. У ім 673 відэа, якія сабралі больш чым 1 мільён 130 тысяч праглядаў. 

Яўген Васількоў кажа, што працягвае здымаць, каб паказваць, як адрозніваецца жыццё ў калгасах і ў прыватніка.

«Калі зʼехаў, то многія казалі, чаго ён туды папёрся, каму там патрэбны. Прападуць, бо ў Еўропе пацукоў ядуць. Дык, вось, не прапаў ды паказваю, што ёсць іншае жыццё людскае, — кажа ён. — Працую па спецыяльнасці. Езджу на машыне. Купаюся ў моры. Хай глядзяць і пабачаць».

Ролікі з Латвіі блогер пачынае з вітання «Добры дзень, землякі». У іх ён расказвае, як пабываў з жонкай у рыжскім тэатры, якая на чужыне сельскагаспадарчая тэхніка, як латышы дбаюць пра прыроду, у якіх дамах жывуць і якімі вуліцамі прагульваюцца.

«Ад землякоў даведваюся, што некаторыя зайздросцяць. Кажуць, што правільна зрабіў, зʼехаўшы. А некаторыя лічаць, што брахню паказваю, бо такога не можа быць…», — расказвае блогер рэакцыю гледачоў.

Па словах Яўгена, ягоны заробак ў 5—6 разоў большы, чым у Беларусі ў найлепшыя часы. Сям’я, аднак, не шыкуе. Даводзіцца шмат чаго купляць, бо выбраліся на чужыну з тым, што ўлезла ў машыну.

«Але ж на мора зʼездзіць ці на якую экскурсію выкройваем, а ў Беларусі не хапала ні на мэблю, ні на мора, сядзелі ў крэдытах», — апавядае ён.

Яўген Васількоў стрыміць сваё наведванне тэатра ў Рызе. Скрын з Youtube-канала «Хронікі механізатара»

Яўген Васількоў стрыміць сваё наведванне тэатра ў Рызе. Скрын з Youtube-канала «Хронікі механізатара»

Сямʼя беларуса мае падтрымку ад латвійскай дзяржавы, якую ён называе рэальна сацыяльна арыентаванай. Кажа, што тутэйшыя чыноўнікі абыходзяцца з чалавекам паважліва, а каб аформіць патрэбныя дакументы не трэба выстойваць чэргі ды кланяцца ў кабінетах, як у Беларусі. Большасць неабходнага робіцца праз інтэрнэт, праз тэлефон.

«Хоць мясцовыя і не дужа задаволеныя сваёй уладаю, але розніца між жыццём у Латвіі і тым, што ёсць у Беларусі, велізарная. Тут абсалютнае іншае стаўленне да каштоўнасці жыцця. Чалавекам тут даражаць, а не тое, што ў Беларусі: як працуеш — патрэбны, а скажаш не тое, дык рот заткнуць», — адзначае Яўген.

«Паказваў, што рэальна адбываецца ў раёне»

На радзіме відэаролікі Яўгена Васількова пра мясцовае жыццё не давалі спакою хойніцкім чыноўнікам. Яго відэа глядзелі, а райвыканкаму даводзілася рэагаваць.

Яўген жыў з сям’ёю ў вёсцы Віць. Гэта вялікае паселішча з чатырма сотнямі чалавек за 16 кіламетраў ад Хойнікаў. Да 1964 года яно называлася Гноеў. Хойніччына забруджаная радыяцыяй з Чарнобыля, што прыводзіла да ад'езду насельніцтва. Раён мяжуе з Украінай.

Каб уратаваць родныя мясціны ад заняпаду і ўзяўся пісаць «Хронікі механізатара». Праўда, на яго думку, мелася расплюшчыць людзям вочы.

«Паказваў, што рэальна адбываецца ў раёне, як знішчаецца радзіма. У тэлевізары казалі, што ў нас усё добра, мы будуем светлую будучыню. Чакаючы яе, я пасівеў. Дзеці падраслі. А яна не надыходзіць. Бацька чакаў гэтак, калі камунізм пабудуюць, і не дачакаў», — расказвае Яўген.

Неяк ён звярнуўся ў сельсавет, каб у завулку, дзе жывуць адны пенсіянеры, адрамантавалі ліхтар.

«Мне адказалі, што не могуць, бо за электрычнасць ім давядзецца плаціць. А ў завулку сельсаветчыцы два ліхтары вісяць, якія гараць усю ноч. Такі просты выпадак паказвае беларускую справядлівасць. У ёй нібы ўсе роўныя, але ёсць раўнейшыя. З гэтым я і змагаўся», — кажа Яўген.

Яўген Васількоў на працоўным месцы. Скрын з Youtube-канала «Хронікі механізатара»

Яўген Васількоў на працоўным месцы. Скрын з Youtube-канала «Хронікі механізатара»

Блогер не хацеў, каб у вёсцы заставаліся яго дзеці, бо перспектыў на сяле не было.

На яго погляд, брацца за змяненне сітуацыі трэба было раней. Ён згадвае, як улады ў 2011 годзе абяцалі ўтаймаваць інфляцыю, а потым фінансавы крызіс абясцэніў грошы.

«Тады быў цяжкі перыяд і я задумаўся, што нешта не тое дзеецца. Мы не туды ідзём», — расказвае суразмоўца.

Сталі законы прымаць, якія ўшчамлялі чалавека ў правах, працягвае ён.

«Вёскі ж пусцелі. У нас замест чатырох крамаў засталася адна. Камбінат бытавога абслугоўвання закрылі. Потым кацельню. Замест двух калгасаў зрабілі адзін. Выходзіў з саўгаса, дык не хацелі адпускаць. Звальняўся, бо грошай мала плацілі. Пужалі, што хату забяруць», — апавядае пра жыццё ў глыбінцы блогер.

Акурат тады Яўген пачаў асвойваць інтэрнэт. На хаце павесіў спадарожнікавую талерку. Так зʼявілася альтэрнатыва беларускаму тэлебачанню.

«Еўрапейскія краіны, якія ад Савецкага Саюза адышлі, тая ж Балтыя, жывуць лепей за нас, хаця стартавыя магчымасці для людскага жыцця ў нас былі не горшыя», — лічыць Яўген.

«Выбары падрабляюць, крадуць галасы»

У 2020 годзе Яўген Васількоў узяўся за адміністравання ютуб-канала «Хойнікі для жыцця». Незадоўга да выбараў апублікаваў ролік, у якім крытыкаваў бюджэтнікаў «за несумленную працу ў выбарчых камісіях» і заклікаў адумацца. Відэа тады набрала больш за 90 тысяч праглядаў.

«Трактарыст крадзе салярку, даярка — малако, зваршчык — электроды, электрык — лямпачкі. Ну нехта нешта, — выказваўся ў сваім маналогу блогер. — А як жывуць настаўнікі? Завошта яны жывуць? Заробку ж у іх асабліва і няма. Што яны могуць скрасці — крэйду са школы, са школьнай дошкі? Аказваецца, яны крадуць куды больш. Яны, я так разумею, крадуць у нас будучыню. А як крадуць? Галасамі. Выбары падрабляюць, крадуць галасы, крадуць будучыню нашых дзяцей».

Рэакцыя ўлады была чаканай. Блогера затрымалі і далі 10 дзён адміністрацыйнага арышту за, нібыта, «непадпарадкаванне міліцыі».

«Я ў блогах паказваю бардак, які ў нас робіцца, што, напрыклад, рэчка зарасла ці ліхтары не гараць. Таксама агітую за Святлану Ціханоўскую — таму мяне і ўзялі», — называў прычыну пераследу Яўген Васількоў.

Трактарыст-блогер з Хойніцкага раёна Яўген Васількоў у судзе (у шэрай кашулі). 2020 год. Фота: svaboda.org

Трактарыст-блогер з Хойніцкага раёна Яўген Васількоў у судзе (у шэрай кашулі). 2020 год. Фота: svaboda.org

Пасля арышту блогера людзі сталі дапамагаць яго сям’і: пералічвалі грошы, перадавалі рэчы для дзяцей. Калі ў краіне трывалі яшчэ пратэсты, фермер, у якога працаваў Яўген, вымушаны быў яго звольніць. 

Але блогер працягваў фіксаваць безгаспадарчасць і гібеючыя вёскі ў Хойніцкім раёне.

У снежні 2020-га на яго склалі пратакол за «экстрэмізм». Падставай назвалі перадрук у «Хойніках для жыцця» матэрыялаў з тэлеграм-канала, які ўлада прызнала экстрэмісцкім. Пазней і дзве пляцоўкі вяскоўца ў ютубе абвясцілі такімі ж.

Свой ад’езд з Беларусі Яўген тлумачыў тым, што ўлады пагражалі забраць дачку, якую ён з жонкай удачарыў.

З новым, 2021 годам, Яўген Васількоў павіншаваў землякоў з Латвіі, дзе звярнуўся па палітычны прытулак.

«Першы год жыцця ў Латвіі быў цяжкім»

Развітанне з радзімаю Васільковым далося няпроста. Яўген, выехаўшы за сяло, перахрысціўся на прыдарожны крыж, спадзеючыся на вяртанне. Жонка плакала дарогаю.

«Як мы там будзем, казала, мы ж чужыя для іх», — згадвае ён.

Палітычны прытулак у Латвіі Яўген Васількоў атрымаў на пачатку мая 2021 года.

Першы год на чужыне быў цяжкім, прызнаецца блогер. Трымацца дапамагалі ахвяраванні людзей. Гэты час няпроста даўся двум дзецям Васільковых. Яны хацелі дадому. 

Таццяна Васількова, жонка трактарыста і блогера Яўгена Васількова, каля суда. 3 жніўня 2020 года. Фота: svaboda.org

Таццяна Васількова, жонка трактарыста і блогера Яўгена Васількова, каля суда. 3 жніўня 2020 года. Фота: svaboda.org

Цяпер большая дачка Васільковых мае сертыфікат ведання латышскай мовы і вучыцца ў каледжы.

«Зʼявіліся сябры. Тусуецца з украінскімі бежанцамі, якіх тут шмат. Меншая дачка і забылася, як і дзе мы жылі. Ёй было 4 гады, як сюды прыехалі. Хадзіла ў рускамоўны садок. Рыхтуецца да школы. Цяпер у дзяцей усё добра», — расказвае Яўген.

У Васількова-старэйшага з вывучэннем латышскай мовы праблемы.

«Не заходзіць мне гэта мова ніяк. Я думаю па-беларуску. У мяне нават навігатар стаіць па-беларуску. А калі куды еду, дык уключаю радыё «Сталіца». Не выходзіць пераключыцца на латышскую», — прызнаецца ён.

З камунікаваннем, аднак, праблем няма.

«Тут людзі, якія заспелі Савецкі Саюз, ведаюць рускую. З моладдзю горш. Перад вайной было прасцей. Цяпер нямала латышоў не хочуць прынцыпова разумець і гаварыць па-руску. Сітуацыю ратуе, што беларус. Кажу, што ўцякач з Беларусі, і тады стаўленне мяняецца», — апавядае блогер.

Васільковы здымаюць кватэру і лічаць сябе гарадскімі.

«У мяне праца ля горада. У сельскай гаспадарцы застацца не ўдалося, але пры ёй працую. Латвія развіваецца, каб не кавід і не вайна, то было б лепей. Людзі купляюць закінутыя некалі сядзібы, хутары. Звяртаюцца ў фірму, дзе працую, каб яна зрабіла зямлю прыдатнай для гаспадарання. Працы хапае, заробак задавальняе. За дзень выходзіць больш за 40 еўра (127 рублёў. — НН). Два законныя выхадныя, а не як у саўгасе: ад світання да світання», — расказвае Яўген.

«Паверыць не мог, слёзы каціліся»

Яўген Васількоў кажа, што ў Латвіі стаўленне да працы простае — чалавек працуе, каб заробленага хапіла на добрае жыццё. Яму ж гэтага замала, бо прывык укладаць у працу яшчэ і душу, каб было адчуванне далучанасці да супольнага ўнёску ў дабрабыт краіны.

«На радзіме верыў, што хлеб нарасце, намалоцім 6 мільёнаў у засекі краіны і па тэлевізары раскажуць. Цешыла, што прыносіў карысць», — адзначае трактарыст.

У Латвіі Яўген Васількоў перахварэў на каранавірус. Тыдзень праляжаў у рэанімацыі без прытомнасці. Быў на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх і не спадзяваўся, што выжыве. Вірус пашкодзіў 70 працэнтаў лёгкіх.

«Я ўдзячны тутэйшым дактарам. Мяне адвезлі ў спецыяльны інфекцыйны шпіталь, там абсталяванне добрае. Ачуняў. Добра кармілі. Дактарам казаў: калі Чарнобыль нас не ўзяў, значыць, і ніякі вірус не загубіць!» — згадвае ён.

Калі Яўген Васількоў даведаўся, што Расія напала на Украіну, плакаў.

«Паверыць не мог, што такое можа быць, — кажа ён. — Бачыў кадры, як праз Хойніцкі раён усё ва Украіну лятае. Слёзы каціліся. Усё казалі, каб не было вайны, а яна прыйшла».

Яўген з засмучэннем канстатуе: не ўсе землякі разумеюць, што Беларусь саўдзельніца расійскай агрэсіі.

«Хто цемнаваты, таму ўсё па барабане. Для такіх рускія б’юць хахлоў. Яны ж думалі, што Расія дасць дык дасць Украіне. Над хатамі верталёты ляталі. Некаторыя апраўдваліся, што не наша вайна», — даводзіць блогер.

Паводзіны землякоў Яўген тлумачыць тым, што яны вераць у тое, што ім кажа тэлевізар. У 2020 годзе казалі аб пратэстах, што палітыка не іх справа.

«Яны сядзяць па хатах, заробак нейкі маюць. А тое, што ўсё навокал пазачынялі, патрулі кругом, там жа чарнобыльская зона, вайскоўцы, не хочуць бачыць. Дзень пражыў і добра. Яны можа і ведаюць, што гэта не правільна, але не хочуць гэтым галаву забіваць», — разважае палітэмігрант.

Пратэст у Хойніках. Фота: сацыяльныя сеткі

Пратэст у Хойніках. Фота: сацыяльныя сеткі

Блогер не разумее, што яшчэ павінна адбывацца, каб землякі заварушыліся.

«Над хатаю лётаюць самалёты, верталёты, ракеты. Што трэба яшчэ, каб зразумець, што прыйшла бяда. Гэта ж калі страляюць туды, дык прыляціць і адтуль. Якая розніца, з якога боку разбамбяць тваю хату і ў адзін момант разбурыцца твой свет. Не хочуць гэтага бачыць, нібы вочы анучай пазавязвалі», — абураецца ён.

Васількоў лічыць: гістарычны шанец змяніць сітуацыю быў у 2020 годзе.

«Калі б перамаглі, то нармальнае жыццё вярнулі б хутчэй. А цяпер з гэтай вайной, Расіяй, якая цалкам нас паглынула, дужа цяжка будзе пераадолець наступствы», — мяркуе ён.

Сваё перакананне Яўген ілюструе тым, што Латвія, нягледзячы на 30 гадоў жыцця без Савецкага Саюза, зазнае негатыўныя адгалоскі той мінуўшчыны. Таму яму бачыцца «не дужа харошы сцэнар для Беларусі».

«Трэба, каб пакаленні людзей памяняліся. Беларусі спатрэбяцца тыя ж 30 гадоў, каб перабудаваць сваё жыццё, каб людзі прыйшлі да разумення таго, што гэта трэба рабіць і былі гатовыя да доўгай дарогі», — мяркуе ён.

Яўген у сельскай гаспадарцы адрабіў 22 гады. Хацеў ціха, мірна жыць, мець сваю зямлю, трактар.

«Вяртання на радзіму не выключаю, — падсумоўвае суразмоўца. — Усё залежыць ад таго, хто ў Беларусі прыйдзе да ўлады, куды будуць глядзець. Калі будзе ўлада наша, то вярнуся адбудаваць новае жыццё. Калі ж застанецца пад расійскай акупацыяй, то ехаць у турму не бачу сэнсу».

Калі чаканае збудзецца, Яўген Васількоў абяцае разгарнуць «беларускі сцяг з Пагоняй і з імі вярнуцца на радзіму, а каля хаты стану на калені і перахрышчуся».

Глядзіце таксама:

«Іншы б зляпіў, каб аўтамабіль хутчэй паехаў. А я раблю, каб было моцна і прыгожа». Як палескі майстар рэанімуе старую тэхніку

Нямецкі рухавік, гідраўліка, плуг у падарунак. Як выглядаюць і колькі каштуюць беларускія трактары-самаробкі

«Атрымліваецца выгадна, плюс абсалютна экалагічны прадукт». Як сям'я з Бабруйска робіць бізнэс на баранах

Жыхара Хойнікаў выслалі з краіны пасля «сутак» за мірныя акцыі

Клас
98
Панылы сорам
7
Ха-ха
6
Ого
6
Сумна
14
Абуральна
26