«Большасць беларусаў едуць у Літву па працу»

У Літву ў большасці выпадкаў беларусы прыязджаюць працаваць, і гэта не айцішнікі ці актывісты, а людзі рабочых спецыяльнасцяў. Пра гэта «Свабодзе» расказала дырэктарка Дэпартамента міграцыі пры МУС Літвы Эвеліна Гудзінскайце.

«Большасць беларусаў прыязджаюць у Літву працаваць. Сёлета з эканамічных прычын часовы дазвол на жыхарства атрымалі 6 тысяч беларусаў, а з гуманітарных прычын — толькі 235 чалавек. Большасць прыязджае працаваць на будоўлю ці кіроўцам. Калі мы возьмем сярэдні партрэт, то гэта будзе мужчына 37 гадоў, сям’я ў Беларусі, а ён працуе дальнабойнікам. Калі ў Беларусі пачаўся палітычны крызіс, то стала прыязджаць болей высокакваліфікаваных работнікаў, але большасць — гэта ўсё адно рабочыя», — кажа Эвеліна Гудзінскайце.

Паводле кіраўніцы дэпартамента, на пачатак 2023 года ў Літве стала жылі 48804 беларусы. Тры гады таму іх было 17769. Гэта значыць, з 2020 года ў Літву на сталае жыхарства пераехалі сама меней 31035 грамадзян Беларусі. Гэта без уліку тых, хто жыве ў Літве, маючы візу, а не дазвол на жыхарства.

Адна з праблем, з якой сутыкаюцца беларусы пры падачы дакументаў у літоўскі Дэпартамент міграцыі — тэрміны. Бывае, што дакументы падаюць не ў час, кажа Эвеліна Гудзінскайце. Пакуль такія сітуацыі завяршаліся папярэджаннем.

«Адна з праблем — калі людзі забываюць, што трэба сачыць за тэрмінамі знаходжання. Бывае, у міграцыю звяртаюцца, калі тэрмін часовага дазволу на жыхарства ці візы ўжо заканчваецца. Трэба падаваць такія дакументы загадзя. Другая праблема — гэта даведка аб несудзімасці і апастыль, бо ў консульствах вялікія чэргі. У апошнюю хвіліну гэта зрабіць цяжка. За парушэнне гэтых тэрмінаў пакуль былі толькі папярэджанні», — дзеліцца досведам кіраўніца дэпартамента.

Другія пасля ўкраінцаў

Цяпер беларусы ў Літве складаюць другую групу па колькасці эмігрантаў, гавораць у Дэпартаменце міграцыі. На першым месцы — эмігранты з Украіны. З пачатку вайны ў міграцыйнай службе Літвы зарэгістравалі 78 тысяч украінцаў. На канец красавіка ў Літве засталіся 44 тысячы з іх.

У рэдкіх выпадках беларусам адмаўляюць у атрыманні дазволу на жыхарства, гэта найчасцей звязана з пытаньнямі бяспекі, кажа літоўская чыноўніца.

«Тысячы беларусаў атрымліваюць дазволы на жыхарства, адмова была толькі 331. Гэта было праз пагрозы для краіны. У тым ліку праз адказы ў анкеце, якую трэба запаўняць пры падачы дакументаў. Некаторыя апраўдвалі дзеянні Расіі. Некаторыя складанай мовай спрабуюць нешта тлумачыць», — кажа Эвеліна Гудзінскайце.

Па яе словах, з 2020 года 155 беларусаў падаліся на грамадзянства ў Літве. Летась яго атрымалі 32 беларусы. 

Плынь эміграцыі з Беларусі ў Літву ўвесь час расце, зазначае кіраўніца міграцыйнага дэпартаменту.

«Паток эміграцыі не змяншаецца, ён расце. Гэта звязана і з вайной, аднак расце і наша эканоміка, працадаўцам у Літве патрэбная працоўная сіла. Беларусы блізкія нам менталітэтам, тым, як мы ставімся да працы, таму нашы працадаўцы любяць наймаць беларусаў», — даводзіць Эвеліна Гудзінскайце.

Чытайце таксама:

Літва не стала працягваць рэжым надзвычайнага становішча на мяжы з Беларуссю

У Вільні жыве 23 тысячы беларусаў. Гэта самая вялікая група сярод замежнікаў

Амаль 300 беларусаў не змаглі легалізавацца ў Літве, бо падтрымліваюць Расію і вайну

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0