dry skin

Фота: pxhere.com

Сухасць скуры не заўсёды вынік дрэнна падабранай касметыкі. Часам сухая скура можа быць сігналам арганізма, што адбываецца нешта больш сур'ёзнае, піша onet.pl.

Як гэта праяўляецца

Скура становіцца шурпатай навобмацак і цьмянай, чалавек адчувае яе непрыемную сцягнутасць. Могуць з'яўляцца балючыя трэшчынкі. Скура таксама пачынае лупіцца — што выглядае вельмі неэстэтычна, і часам перашкаджае ў зносінах з іншымі людзьмі, можа быць прычынай псіхалагічных праблем.

У асобных выпадках чалавек адчувае сверб, раздражненне, паколванне ці нават боль.

Што можа выклікаць сухасць скуры?

Па-першае, дрэнна падабраная, занадта моцная касметыка, у тым ліку мыла і ласьёны. Прычынай таксама могуць быць пральныя парашкі або адзенне з няякасных матэрыялаў.

Яшчэ адна прычына, чаму скура становіцца занадта сухой, — занадта частае прыняцце гарачых ваннаў. Такім чынам мы знішчаем ліпідны пласт, які забяспечвае натуральную абарону і ўвільгатненне.

Калі вы змагаецеся з сухасцю скуры, найперш прыгледзьцеся да касметыкі, якой карыстаецеся. Дэрматолагі раяць адмовіцца ад мыла, якое можа перасушваць скуру.

Захворванні, пры якіх сохне скура

Часам прычына — унутры нашага арганізма. Калі скура пачынае мяняць колер, цвярдзець і ўсё мацней свярбець, варта задумацца пра наведванне лекара.

Тое ж тычыцца і сітуацыі, калі месцы з'яўлення скурных высыпанняў баляць і ператвараюцца ў раны.

Пра якія захворванні гэта можа сведчыць? Вось некаторыя прыклады:

  1. Дыябет. Гэтае каварнае захворванне часта доўгі час ніяк сябе не праяўляе. Калі не лячыць, гэта прыводзіць, сярод іншага, да абязводжвання і сухасці скуры. Акрамя таго, дыябет таксама выклікае больш павольнае гаенне ран, што можа выклікаць інфекцыі ў нашым арганізме. Адным з найбольш небяспечных ускладненняў гэтага захворвання з'яўляецца так званая дыябетычная ступня. Узнікае ў выніку развіцця інфекцыі ў патрэсканай скуры пятак.
  2. Захворванні шчытападобнай залозы. Гэтыя станы ў першую чаргу характарызуюцца залішняй або недастатковай выпрацоўкай гармонаў, у тым ліку тыраксіну і трыёдтыраніну. Адным з сімптомаў з'яўляецца сухая, жаўтлявая і цьмяная скура, якая часта трэскаецца і лупіцца. Таксама варта звярнуць увагу на локці, калені і ступні. У людзей з праблемамі шчытападобнай залозы скура ў гэтых месцах цямнее і выглядае бруднай.
  3. Псарыяз. Гэтае захворванне абумоўленае парушэннем працэсу клетачнага метабалізму. У хворых ён ідзе занадта хутка, таму старыя клеткі не паспяваюць злушчвацца. Гэта прыводзіць да таго, што на нашым целе з'яўляюцца шышкі, пакрытыя луской. Насамрэч, гэта пласты мёртвых клетак. Часцей за ўсё яны з'яўляюцца на локцях, каленях і ў раёне пупка і паясніцы, а таксама на валасістай частцы галавы.
  4. Атапічны дэрматыт. Характарызуецца перш за ўсё зніжэннем узроўню цэрамідаў у ліпідным складзе эпідэрмісу. У людзей, якія пакутуюць на гэтае захворванне, скура хутчэй губляе ваду — таму хутка становіцца сухой і цьмянай. Больш за тое, такія людзі таксама часцей адчуваюць розныя віды раздражнення. Іх скура вельмі далікатная і ўспрымальная да знешніх фактараў. Атапічны дэрматыт праяўляецца ў тым ліку свербам. Скура сухая, на ёй часта з'яўляюцца балючыя ранкі.

Чытайце яшчэ:

Чатыры вітаміны для сухой скуры

Адзінота такая ж небяспечная, як 15 цыгарэт у дзень — галоўны доктар ЗША

Чаму дзеці дрэнна сябе паводзяць, калі стаміліся

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
6
Сумна
4
Абуральна
3