cytron

Цытроны на рынку ў Артыджы, Сіракузы, Італія. Фота: Джавані Далорта / Wikimedia Commons

Цытрон — сімвал самага паўднёвага рэгіёна Італіі — Калабрыі, які знаходзіцца на «дзюбцы» так званага Апенінскага бота. Гэтая садавіна расце ў раёне з прыгожай назвай Рыўера-дэі-Чэдры — Кедравы бераг. На працягу стагоддзяў, дзякуючы мяккаму клімату, мясцовыя жыхары ў гэтым кутку Італіі спецыялізаваліся на вырошчванні сорта цытрона Liscia Diamante («гладкі алмаз»). Эфірны алей, здабыты з яго скуркі, выкарыстоўваецца ў стварэнні парфумы, таксама фрукт мае рытуальнае значэнне ў юдаізме, ён адзін з сімвалаў рэлігійнага свята Сукот.

Аднак за апошнія 50 гадоў Liscia Diamante на італьянскім узбярэжжы амаль вымерла, бо з-за няўхільных кліматычных зменаў калабрыйцы мігравалі ў іншыя месцы ў пошуках лепшага жыцця, а эфірны алей з цытрона замянілі больш таннымі прамысловымі заменнікамі. Для жыхароў, якія тут засталіся, мала эканамічнага сэнсу ў тым, каб працягваць вырошчваць садавіну.

Сонечныя батарэі як спосаб выратаваць садавіну і дадатковая крыніца даходу

raised solar panels

Антоніа Ланчэлота. Фота: Агасціна Петроні / BBC

BBC распавядае пра фермерскую сям'ю Ланчэлота, якая рашылася пайсці па шляху інавацый і ўстанавіла над цытрусавымі дрэвамі сонечныя батарэі. Вытворчасць аднаўляльнай энергіі на 40 гектарах сельскагаспадарчых угоддзяў па ўсёй Італіі не толькі паляпшае якасць пладоў, але і дае Ланчэлота альтэрнатыўны даход для сельскай гаспадаркі, вырабляючы электраэнергію, дастатковую для 16 000 сем'яў.

Па словах прадпрымальніка Антоніа Ланчэлота, пакрыццё, якое забяспечваецца панэлямі, знізіла патрэбу цытрусавых у вадзе на 70%. Плады сталі буйнейшыя, лепшага колеру і маюць менш дэфектаў ад уздзеяння непагадзі. Яны таксама маюць больш высокую канцэнтрацыю эфірнага алею ў скурцы.

Мужчына абвяргае думку пра тое, што ў цені расліны дрэнна растуць. Ва ўмовах празмерна высокіх тэмператур на поўдні Італіі — якраз наадварот.

Акрамя таго, дах абараняе расліны ад экстрэмальных кліматычных з'яў: у 2017 годзе, калі нязвыклы зімовы мароз пашкодзіў большасць цытронавых раслін рэгіёна, дрэвы Ланчэлота выжылі, бо панэлі іх абаранілі, і сям'я раздавала саджанцы і іншым фермерам.

Гэтая праблема далёка не ўнікальная для цытронаў і наогул для цытрусавых. Змяненне клімату ўплывае на сельскую гаспадарку ва ўсім свеце, бо экстрэмальныя ўмовы надвор’я становяцца ўсё больш частымі. Ланчэлота і іншыя прыхільнікі агравальтаікі спадзяюцца, што гэтая практыка можа прынесці карысць многім сельскагаспадарчым культурам, якія рызыкуюць апынуцца ў небяспецы.

Праблемы і выклікі электраэнергетыкі

Solar panels

Аграэлектрычная ўстаноўка ў Нідэрландах. Фота: solarniasociace.cz

Канцэпцыя агравальтаікі існуе з 1980-х гадоў. Еўрапейскі саюз у свой час выдаў дырэктыву для дзяржаў-удзельніц, каб да 2020 года 20% іх энергіі прыходзілася на аднаўляльныя крыніцы, што прывяло да гонкі за стварэнне сонечных ферм.

Аднак аграэлектраэнергетыка ўсё ж развіваецца з вялікімі цяжкасцямі. З-за навізны, супраціву некаторых фермераў зменам і адсутнасці выразнага заканадаўства трэба прайсці доўгі шлях, перш чым аграэлектраэнергетыка стане мэйнстрымам.

У многіх частках свету распрацоўка буйных сонечных праектаў на сельскагаспадарчых землях адсунула на другі план мясцовыя супольнасці, якія не бачаць асаблівай выгады ад праекта і сутыкаюцца з беспрацоўем па меры знікнення традыцыйных мясцовых сельскагаспадарчых працоўных месцаў.

І галоўная складанасць, безумоўна, выдаткі: па словах Ланчэлота, будаўніцтва аграэлектрычнай фермы з панэлямі, узнятымі над раслінамі, у Італіі можа каштаваць каля 1 млн еўра на 10 000 кв. м (ёсць яшчэ фермы з панэлямі, якія ляжаць проста над зямлі, яны на 7% таннейшыя, але выгады для фермерскай супольнасці ад захавання зямлі могуць перавесіць выдаткі).

Першапачатковыя ўнёскі значныя, і могуць акупіцца толькі праз шэсць-сем гадоў. Сёння нямногія фермеры могуць атрымаць доступ да такога капіталу. Адзін з варыянтаў — партнёрства з вытворцамі энергіі: яны атрымліваюць прыбытак ад продажу энергіі і плацяць арэндную плату фермеру, які таксама вырошчвае ўраджай пад панэлямі — менавіта так зрабіла сям’я Ланчэлота.

Чытайце яшчэ:

У вёсцы Ражанка Шчучынскага раёна пабудавалі сонечную электрастанцыю ФОТА  

У Польшчы выпрацавалі рэкордную колькасць энергіі ад сонечных батарэй

Сонечная энергетыка ў Германіі: усё больш сонца, панэляў і інвестыцый

Клас
19
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
5