Young generation

Многія людзі старэйшага пакалення, у тым ліку і Аляксандр Лукашэнка, які нядаўна выказаўся, што моладзь не хоча працаваць, мяркуюць, што «зумеры» — ці прадстаўнікі пакалення, народжанага паміж 1997 і 2012 гадамі, — народ лянотны і не перапрацуецца. Аднак гэта не зусім так.

Упартасць, мэтанакіраванасць і адказнасць могуць быць уласцівыя зумерам так жа, як і прадстаўнікам папярэдніх пакаленняў. Але ёсць у так званага «пакалення Z» і свае адметнасці.

  • «Зумеры» — першае пакаленне, якое з малых гадоў жыве ў лічбавым свеце. Таму большасць з іх даюць рады з гаджэтамі і сацыяльнымі сеткамі, умеюць фільтраваць лічбавую інфармацыю і арыентуюцца ў найноўшых тэхналогіях. Гэта дае ім вялізную канкурэнтную перавагу.
  • Паводле апытання, праведзенага Press Club Belarus сярод медыяменеджараў незалежных беларускіх смі, 50% рэспандэнтаў заўважылі, што для зумераў — праца не на першым месцы. 37,5% з гэтым не пагадзіліся, астатнія менеджары адказалі, што не ведаюць. Пры гэтым шматлікія сусветныя медыя адзначаюць тэндэнцыю, паводле якой пакаленне Z не прывязанае да працы так моцна, як больш сталыя генерацыі. Зумеры могуць страціць працу, але не будуць наконт гэтага пераймацца, бо лёгка знаходяць іншую. Ясна, што гэта наўпрост звязана і з маладосцю людзей, якія не маюць крэдытаў і ні да чаго не прывязаныя, але, як слушна адзначылі ўдзельнікі апытання, «зразумець, чаго хочуць зумеры, часта складаней, чым зразумець, чаго хочуць іх больш сталыя калегі».
  • Менеджары і рэкрутары кажуць, што аддаленая праца перашкаджае маладым работнікам знайсці настаўнікаў і асвоіць прафесійныя нормы ў офісе. У выніку многім з гэтых маладых работнікаў не хапае кемлівасці, прафесійных сувязяў і зносін з кліентамі і калегамі.
  • Многія 20— і 30-гадовыя маюць больш высокі ўзровень стрэсу, чым іншыя супрацоўнікі. Каля паловы той жа мэтавай групы кажуць, што жывуць ад заробку да заробку і, такім чынам, у іх няма адчування фінансавай бяспекі.
  • Дыплом зумераў — не гарантыя іх прафесіяналізму. Але
яны шмат чаму здольныя навучыцца непасрэдна на месцы і наогул маюць цікавасць да адукацыі, розных трэнінгаў, у тым ліку анлайнавых.
  • Маладое пакаленне не бачыць сэнсу ў тым, каб строга прытрымлівацца пяцідзённага тыдня ў офісе (вядома, калі гэта не праца па графіку ці з кліентамі).
Працоўныя задачы можна выконваць адкуль заўгодна, а графік можа быць гнуткім. Для пакалення 20-гадовых не праблема, калі сціраюцца межы між працай і асабістым жыццём — і ў гэтым іх агромністая перавага ў новай эканоміцы.
  • Аўтарытэтныя вертыкалі не так моцна працуюць для зумераў. Найлепшыя адносіны ў іх складуцца з тымі, хто будзе апеляваць да іх як да самакаштоўных асобаў, а не як да «недасведчаных прадстаўнікоў маладога пакалення». Моладзь з новага пакалення не ўспрымае, каб на іх глядзелі зверху ўніз.

Чытайце яшчэ:

Чаму менеджары-міленіялы выгараюць на працы хутчэй за іншых?

10 падарункаў, якімі можна здзівіць міленіяла

Як не хвалявацца і не выгараць. Парады псіхолага прадуктыўнасці, які выкладае амерыканскім вайскоўцам

Клас
9
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
6