Музей месціцца ў цокальным будынку школы. Яго гісторыя пачалася з экспазіцыі, якую пачаў збіраць яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў старшыня пінскай яўрэйскай абшчыны Іосіф Ліберман, цяпер ужо нябожчык.

Калекцыя складалася з самых розных прадметаў і дакументаў, якія не ўкладаліся ў стройную сістэму, а існавалі як бы асобна адзін ад аднаго. Яна захоўвалася на другім паверсе ў будынку былога Дома быту па вуліцы Бялова.

Пры стварэнні музея «Сцежкамі яўрэйскай гісторыі» прадметную калекцыю, сабраную Ліберманам, істотна пашырылі. У новай экспазіцыі яна складае каля 15-20%, але без гэтага пачатку не было б і самога музея.

Стваральнікам вельмі хацелася ў мініяцюрны музей змясціць ледзь не ўсю гісторыю яўрэяў Палесся, паказаць розныя бакі яўрэйскага жыцця і багатыя традыцыі.

У музеі можна ўбачыць не толькі Пінск і знакамітае яўрэйскае прадмесце Карлін, але і іншыя яўрэйскія мястэчкі, кожнае з якіх мела сваю спецыялізацыю, славілася майстрамі, сакральнымі помнікамі і вядомымі людзьмі.

У экспазіцыі шмат посуду, керамікі з Гарадной — былога яўрэйскага мястэчка Столінскага раёна, якое было радзімай бацькі Іосіфа Лібермана.

Адно з упрыгажэнняў экспазіцыі — фігуркі з салёнага цеста. Гэты матэрыял далікатны, але традыцыйны для Палесся. З яго ў асобных рэгіёнах рабілі ўпрыгажэнні для вясельных караваяў.

Кампазіцыі мінскага мастака Эліны Сіняўскай выкананыя на тэму яўрэйскіх святаў і традыцый. Тут можна ўбачыць маладую пару пад хупай, яўрэйскія пахаванні, рабіна, які трубіць у шафар, святкаванне Пейсаха, Сукота, вясёлага Пурыма і многае іншае.

За кожным экспанатам музея — гісторыя і традыцыі яўрэйскага народа. У музеі нямала кніг духоўнага зместу, сярод іх старадаўнія, адна датуецца 1568 годам.

Не засталася без увагі стваральнікаў музея і тэма вайны ды Халакосту. Пакуль яна прадстаўленая сціпла — не хапае месца, і калекцыя таксама вельмі сціплая. Сярод экспанатаў кнігі, дакументы, узнагароды, карціны мясцовых мастакоў.

Ёсць і некалькі экспанатаў з гісторыяй — напрыклад, пляшка, якая разам з выхадцам мястэчка Пагост-Загародскі дайшла да Берліна, або пішучая нямецкая машынка, якая стала ваенным трафеем і яшчэ доўга служыла ў адной з устаноў Пінска. Тут жа і кавалачкі скруткаў Торы.

Удалося знайсці грашовыя купюры, якія дзейнічалі ў перыяд акупацыі, выпушчаныя ў 1940 годзе, хутчэй за ўсё, на тэрыторыі Польшчы. А таксама даваенны драўляны чамадан з напісаным на ім крэйдай адрасам.

У музеі ўжо запланавана некалькі экскурсій.

Чытайце таксама:

У кнізе ўспамінаў пра кардынала Свёнтэка такая розная стылістыка беларусаў і замежнікаў

Незвычайная гісторыя радзівілаўскіх палескіх спаніэляў

Пінскія балоты і палешукі без салодкіх стэрэатыпаў

Клас
17
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1