У СМІ пратачылася інфармацыя аб кошце штодзённага падтрымання працы вядомай нейрасеткі ChatGPT. Адзін такі дзень можа каштаваць амаль 700 тысяч даляраў і нават больш. 

Менавіта столькі, па інфармацыі выданняў Business Insider i The Information, плаціць кампанія OpenAI (распрацоўшчык ChatGPT) за адзін дзень працы штучнага інтэлекту па ўсім свеце (гэтая сума не ўключае выдаткі на навучанне нейрасеткі, яна датычыць толькі аперацый па вылічэнні і выдачы адказаў карыстальнікам).

Абодва выданні спасылаліся на Дылана Патэля, галоўнага аналітыка фірмы SemiAnalysis, якая займаецца даследаваннем тэхналогій паўправаднікоў. Паводле яго слоў, такі велізарны кошт абумоўлены выкарыстаннем дарагіх вытворчых магутнасцяў, якія забяспечваюць хуткія і дакладныя разлікі адказаў з боку штучнага інтэлекту.

«Функцыянаванне ChatGPT абыходзіцца OpenAI ў 694,444 даляра кожныя суткі. Большая частка гэтых выдаткаў заснаваная на выкарыстанні 3617 дарагіх сервераў HGX A100, куды ўваходзяць 28,936 графічнага працэсара. Кошт аднаго звароту да чат-бота складае 36 цэнтаў (альбо 1 рубель)», — расказаў Дылан Патэль выданню The Information.

Аналітык таксама падкрэсліў выданню Business Insider, што гэтая сума адносіцца толькі да папярэдняй, трэцяй версіі нейрасеткі. Праца сённяшняй мадэлі ChatGPT-4 будзе каштаваць яшчэ даражэй, таму кампанія OpenAI і ўвяла платную падпіску на карыстанне магчымасцямі чацвёртай версіі, каб кампенсаваць выдаткі.

У гэты ж час карпарацыя Microsoft, па інфармацыі Патэля, займаецца распрацоўкай свайго ўласнага чыпа Athena, які павінен істотна скараціць выдаткі на вытворчую магутнасць нейрасеткі. Гэты чып можа выйсці ўжо ў наступным годзе.

Чытайце таксама:

Вялікабрытанія выдаткуе 100 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў на распрацоўку ўласнага «суверэннага» штучнага інтэлекту

Кітай хоча, каб штучны інтэлект адлюстроўваў асноўныя каштоўнасці сацыялізму

Склалі для вас вялікі ТОП карысных нейрасетак на ўсе выпадкі жыцця

Клас
7
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
19
Сумна
1
Абуральна
1