Вызначэнне трох фіналістаў прэстыжнай прэміі адбылося 3 красавіка пасля рэпетыцыі дырыжораў-канкурсантаў з Аркестрам Моцартэум і œnm — аўстрыйскім ансамблем новай музыкі — у прысутнасці журы конкурсу. Журы абрала спадароў Віталя, Тобіаса і Ханкёля, і іх наступным крокам стане дырыжыраванне гадзінным канцэртам на Зальцбургскім фестывалі ў Аўстрыі — сусветнавядомым форуме музыкі і драмы.

«Я надзвычай удзячны за гэты давер, прызнанне і падтрымку, і віншую маіх дарагіх калег Тобіаса і Ханкёля і іншых удзельнікаў, якія, хоць і не прайшлі ў фінал, былі выбраны з больш чым 320 заявак і зрабілі фантастычную працу», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Віталь Алексяёнак.

Фіналісты: Віталь Алексяёнак, Тобіас Вёгерэр і Ханкёль Юн. Фота: facebook.com/alekseenok

Фіналісты: Віталь Алексяёнак, Тобіас Вёгерэр і Ханкёль Юн. Фота: facebook.com/alekseenok

«Прыходзьце і падтрымайце нас. Мой канцэрт адбудзецца 5 жніўня з зальцбургскай «Камератай», — запрасіў на сваё выступленне беларускі музыкант.

Прэмія маладых дырыжораў Герберта фон Караяна — гэта ініцыятыва Зальцбургскага фестывалю ў супрацоўніцтве з Інстытутам Эліет і Герберта фон Караяна. Тры фіналісты, якія прэтэндуюць на прэстыжную прэмію маладых дырыжораў, лічацца аднымі з самых яркіх дырыжорскіх талентаў наступнага пакалення. Кожны з іх правядзе свой уласны канцэрт з зальцбургскай «Камератай» і атрымае шанец пераканаць як аўтарытэтнае журы, так і гледачоў фестывалю ў сваім майстэрстве.

Таксама пераможца, якога вызначыць журы пасля апошняга канцэрта, можа разлічваць на грашовы прыз у памеры 15 000 еўра і запрашэнне на Зальцбургскі фестываль наступнага — 2024 года.

Тым часам пакуль ідзе падрыхтоўка да фінальнага этапу конкурсу, Віталь Алексяёнак анансаваў свае бягучыя праекты.

«Я шчаслівы вярнуцца ў Дзюсельдорф, пагрузіўшыся ў інтэнсіўныя рэпетыцыі з дарагім мне Дзюсельдорфскім сімфанічным аркестрам, — адзначыў ён. — У тым ліку [ў рэпетыцыі] над «Метамарфозамі» Штрауса, Базельскім канцэртам і «Вясной свяшчэннай» Стравінскага ў рамках нашай новай пастаноўкі ў Нямецкай оперы на Рэйне. Наперадзе столькі ўзрушаючай музыкі і супрацоўніцтва з фантастычнымі людзьмі — які гэта падарунак», — з натхненнем напісаў музыка.

Для Віталя Алексяёнка, які родам з Вілейкі, нагадаем, гэта ўжо не першы досвед працы на міжнароднай акадэмічнай сцэне. У пазамінулым годзе ён працаваў галоўным дырыжорам у аркестры Мюнхенскага ўніверсітэта. У кастрычніку 2021 года перамог у конкурсе дырыжораў імя Артура Тасканіні — заняў I месца, атрымаў прыз глядацкіх сімпатый. У 2022 годзе быў запрошаны ў тэатр La Scala для пастаноўкі оперы «Маленькі прынц» паводле казкі Экзюперы, а затым быў прызначаны на пасаду дырыжора ў Нямецкай оперы на Рэйне.

На пачатку года Віталь Алексяёнак быў запрошаны на пасаду галоўнага запрошанага дырыжора ў сіцылійскі Тэатр Масіма Беліні ў Катаніі.

Чытайце:

«Каб аднойчы вярнуцца дахаты». Ганна Шаркунова напісала песню на словы Максіма Знака

«Не трэба мяне хаваць з помпай, я ж не на вайну іду». Якія загадкі тояць тастаменты і эпітафіі часоў ВКЛ?

89-гадовы Кастусь Цвірка: Буду жыць, пакуль не выдам усе 200 тамоў «Беларускага кнігазбору»!

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2