Дом у Агарэвічах

Фота: «БУТБ-Маёмасць»

Калі Панскі дом выстаўлялі на продаж першы раз, то яго цана складала 161 тысячу рублёў. Але ахвотных купіць не знаходзілася, нават калі таргі абвяшчаліся з паніжэннем цаны.

Цікавасць з'явілася толькі пасля таго, калі стартавая цана на дом зменшылася да адной базавай велічыні (37 рублёў). Аўкцыён на электроннай пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць» быў прызначаны на 31 сакавіка 2023 года і на яго зарэгістравалася ажно дзесяць удзельнікаў — адна юрыдычная асоба і дзевяць грамадзян.

У выніку з чацвёртай спробы лот прадалі, прычым цана вырасла ў сотні разоў. Сам аўкцыён працягваўся амаль дзве гадзіны, за гэты час было зроблена 2814 ставак.

Вядома, што пераможцам стала фізічная асоба, але арганізатары таргоў не могуць раскрываць даныя пакупніка.

У выніку Панскі дом дастаўся новаму гаспадару за 15651 рубель, ці амаль 5,5 тысячы даляраў. Калі параўноўваць з адной базавай велічынёй, то рост выглядае ўражліва — у 423 разы. Але ў той жа час гэта нішто ў параўнанні з першапачатковай цаной аб'екта — 161 тысячай рублёў.

Некалькі гадоў таму ў сядзібе размяшчалася сталовая работнікаў сельгаспрадпрыемства «Беразавец», аднак з часам гаспадарцы стала нявыгадна ўтрымліваць аб'ект.

Аднапавярховы будынак з калонамі ў Агарэвічах пабудавалі яшчэ ў 1911 годзе і належаў ён памешчыкам Свяжынскім. Плошча дома — 324 квадратныя метры. У ім ёсць ацяпленне, вада, электрычнасць, каналізацыя, тэлефон. Пры доме таксама ёсць прыбудова, брыгадны дом, танцпляцоўка з мостам, а яшчэ ўчастак на 2,5 гектара (яго перададуць пакупніку ў арэнду на 30 гадоў). Таксама тут маюцца тры штучныя сажалкі і парк. Аб'ект уяўляе гісторыка-культурную каштоўнасць, таму новаму ўладальніку трэба будзе падпісаць ахоўнае абавязацельства.

Як раней ужо распавядалася, у 90-я гады ХХ стагоддзя пры сядзібе ў Агарэвічах праводзілі конныя спаборніцтвы, не раз сюды прыязджалі і чыноўнікі: тагачасныя старшыня Саўміна Вячаслаў Кебіч, прэм'ер-міністры Міхаіл Мясніковіч і Міхаіл Чыгір.

Чытайце таксама:

Стогадовы панскі дом прапануюць за 37 рублёў. Ёсць ацяпленне, вада, электрычнасць, каналізацыя, тэлефон і 2 га зямлі

У Ганцавіцкім раёне за бесцань прадаюць старую панскую сядзібу ў добрым стане

У Сенненскім раёне выставілі на продаж рэшткі маёнтка, у якім некалі працаваў Янка Купала

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0