Гэта было першае пасланне Лукашэнкі з пачатку вайны ва Украіне і беспрэцэдэнтнага геапалітычнага канфлікту паміж Расіяй і Захадам. І менавіта гэтая тэма была вылучана як галоўная, з яе пачаўся выступ, і да яе ж Лукашэнка неаднаразова вяртаўся на працягу ўсяго трохгадзіннага даклада.

Лукашэнка ўвязаў праблему вострай канфрантацыі ў рэгіёне з пытаннем суверэнітэту і незалежнасці. У прынцыпе, пастаноўка праблемы, можа, і правільная. На тэрыторыі краіны — чужыя войскі. Але галоўную пагрозу суверэнітэту ён бачыць з боку Захаду.

Прапанаваная фантастычная карціна свету, якую амаль немагчыма рацыянальна ацэньваць.

Адносна вайны ва Украіне Лукашэнка паўтарыў усе ранейшыя інтэрпрэтацыі. Хіба што звярнула на сябе ўвагу заява пра паўмільёна чалавек забітымі і скалечанымі з абодвух бакоў ды тэзіс пра тое, што і ў Расіі, і ва Украіне людзі не разумеюць, за што ваююць, а таму не хочуць ваяваць. Увогуле, Расія ў ходзе вайны «целяпаецца». Гэта моцна разыходзіцца з наратывамі расійскай прапаганды. Адначасова ён заклікаў Расію прымяніць усю зброю, фосфарныя бомбы, уранавыя снарады.

Акцэнт быў зроблены на тое, каб рэанімаваць сваю ролю міратворца. Маўляў, мы за мір і за перамовы.

Што тычыцца тэмы ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, то яе Лукашэнка не стаў развіваць і расшыфроўваць дэталі. Прагучала заява, што гэта наша ядзерная зброя, кіраваць ёй будзем мы. Праўда, незразумела, ці пагодзіцца з гэтым Расія. Таксама пужаў магчымасцю размяшчэння стратэгічных ракет.

Ён абверг інфармацыю, што 80% беларусаў выступаюць супраць ядзернай зброі. Відавочна, непрыемна гэта ўсведамляць. Ствараецца ўражанне, што гэтае пытанне для яго хутчэй праблема, чым палітычны поспех. Таму лепш мінімізаваць такую далікатную тэму.

Важна зафіксаваць тое, чаго не было ў пасланні. Лукашэнка амаль нічога не казаў пра ролю Беларусі ў расійскай агрэсіі. Таксама сарамліва апраўдваўся за прысутнасць расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Спрабаваў даказваць, што гэта не абмяжоўвае сувэрэнітэту Беларусі.

З супярэчлівых выказванняў Лукашэнкі можна зрабіць выснову, што адыходзіць ад улады ён не збіраецца.

І тлумачыў гэта тым, што, маўляў, ворагі хочуць, каб Лукашэнка сышоў, таму ён зробіць наадварот. І да таго ж з ягоных дзяцей і прыхільнікаў будуць здзекавацца, калі яго не будзе. І ўвогуле, народ павінен вырашыць, хто будзе прэзідэнтам. Уласна, нічога нечаканага: падобнае ён заяўляў перад кожнай выбарчай кампаніяй на працягу апошніх амаль трыццаці гадоў.

Прагучала некалькі мэсэджаў у пытаннях унутранай палітыкі і ідэалогіі. Напрыклад, «плюралізм — гэта даніна заходняй модзе, партыі падзяляюць людзей». То-бок на ўзроўні тэорыі адкідаецца ідэя дэмакратыі. Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі не будзе і партыі ўлады. Што патлумачыла ягоную адсутнасць на з'ездзе «Белай Русі».

Жорстка было заяўлена, што беларуская ідэнтычнасць грунтуецца на праваслаўі, а гістарычную памяць трэба інтэграваць у канцэпт «рускага свету».

Таксама Лукашэнка намякнуў, што на парадку дня пытанне пра рэпрэсіі адносна родзічаў «збеглых» і канфіскацыю іх маёмасці.

Увогуле, Лукашэнка прадэманстраваў, што не дужа рыхтаваўся да паслання. Напрыклад, спачатку прачытаў нейкі тэзіс, а потым пакрытыкаваў сваіх спічрайтараў за тое, што яго ўнеслі ў тэкст.

Чытайце таксама:

«Каб былі ў чыстым, без прыкмет учарашняй п’янкі, будзе адгул». Як чыноўнікаў і працоўных сагналі слухаць Лукашэнку

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ёсць геі на самых высокіх узроўнях і яны «залатыя людзі»

Лукашэнка: Расійскія войскі нас не захапілі, я іх сюды прывёў і імі кірую

«Прамова Лукашэнкі — звычайная славесная пустата» — Brief

Клас
4
Панылы сорам
6
Ха-ха
9
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
39