Максім Недасекаў. Фота: commons.wikimedia.org

Максім Недасекаў. Фота: commons.wikimedia.org

Асноўная ідэя такая: выканкам МАК раіць міжнародным спартовым федэрацыям дапускаць да міжнародных спаборніцтваў атлетаў з расійскімі ці беларускімі пашпартамі, але пры гэтым спартоўцы мусяць выступаць у нейтральным статусе. У той жа час не стаіць пытанне аб допуску беларусаў і расіян у камандных відах спорту, а таксама аб допуску тых, хто падтрымлівае вайну ва Украіне, і супрацоўнікаў сілавых структур.

Рэкамендацыі МАК не датычаць Алімпіяд 2024 і 2026 гадоў, бо па іх рашэнні будуць прынятыя асобна. Але ж адзначым, што, каб трапіць на Гульні, спартовец павінен атрымаць алімпійскую ліцэнзію на адным з адпаведных міжнародных турніраў, і калі ён не будзе да іх дапушчаны, то не трапіць і на Алімпіяду.

Для беларускага і расійскага спорту цяперашнія рэкамендацыі — не самы горшы вынік. Большасць тых спартоўцаў, хто застаўся па-за турнірамі пасля пачатку вайны, дакладна змогуць туды вярнуцца, бо папярэднія санкцыі, у адрозненне ад цяперашніх, цалкам выкідалі з міжнародных турніраў грамадзян Беларусі і Расіі. Украіна, Польшча і краіны Балтыі і цяпер выступалі супраць таго, каб зняць спартовы бан.

Татальны бан для спартоўцаў з расійскімі і беларускімі пашпартамі закрануў і тых атлетаў, якія пасля падзей 2020-га выказаліся супраць рэжыму і не падтрымалі вайну. Большасць з іх была вымушаная эміграваць, багата хто скончыў кар'еру, бо не меў магчымасці працягнуць выступы і трэніроўкі.

Рашэнне МАК пакідае шэраг пытанняў. Напрыклад, як будзе вызначацца, падтрымлівае спартовец вайну ці не? Адным з адказаў магло б быць публічнае асуджэнне вайны або падпісанне адпаведнага дакумента накшталт Антываеннай дэкларацыі спартоўцаў, распрацаванай год таму Беларускім фондам спартовай салідарнасці.

Але больш імаверным падаецца іншы вынік: на турніры аўтаматычна паедуць усе атлеты, хто не выступаў у падтрымку вайны адкрыта і недвухсэнсоўна. Але ці будуць міжнародныя спартовыя федэрацыі прыслухоўвацца да рэкамендацый МАК? Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый, напрыклад, не жадае дапускаць да сваіх турніраў нікога з расіян і беларусаў.

Іншае пытанне датычыць атлетаў, якія належаць да сілавых структур. Патлумачым: калі той ці іншы спартовец працаўладкаваны ва ўмоўным КДБ, але гэта не значыць, што ён ходзіць туды на службу. Атлетаў, і не толькі ў Беларусі, папросту прыпісваюць да такіх структур, і тыя плацяць ім заробкі, сам жа спартовец у той час прысвячае сябе трэніроўкам і турнірам.

Пра якіх канкрэтна спартоўцаў ідзе гаворка? Вось толькі некалькі самых вядомых імён, прыпісаных да беларускіх Узброеных сіл:

  • Дзінара Смольская — біятланістка, алімпійская чэмпіёнка — 2018 у жаночай эстафеце;
  • Алі Шабанаў — прадстаўнік вольнай барацьбы;
  • Настасся Шкурдай — плыўчыха, чэмпіёнка Еўропы — 2019 сярод юніёраў;
  • Максім Недасекаў — лёгкаатлет, срэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы — 2018, бронзавы прызёр Алімпіяды-2020;
  • Настасся Пракапенка — пяціборка, удзельніца чатырох Алімпіяд, бронзавая прызёрка Алімпіяды;
  • Аліна Талай — лёгкаатлетка, прызёрка чэмпіянату свету.

Амаль усе з іх, за выключэннем Настассі Шкурдай і Аліны Талай, тым ці іншым чынам выступалі ў падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

Ёсць такія спартоўцы і ў іншых сілавых структурах. Напрыклад, у МУС лічыцца лёгкаатлетка Настасся Мірончык-Іванова, адна з самых актыўных прыхільніц дзейнай беларускай улады.

Згодна з рэкамендацыямі МАК, такія спартоўцы не павінны атрымаць доступ да міжнародных турніраў. Але застаецца іншае пытанне: ці не паставяцца міжнародныя федэрацыі да сваёй працы фармальна? Якім чынам будзе гарантавана выкананне на практыцы рэкамендацый МАК? І ці можа яно ўвогуле быць гарантавана?

Пакуль рашэнне МАК выклікае больш пытанняў, чым адказаў.

«Балі і абдыманкі з Лукашэнкам — не палітыка?» Спыталі ў сумленных спартсменаў, ці варта зняць спартовы бан з Расіі і Беларусі

Алена Леўчанка і Аляксандра Герасіменя абурыліся спартовым фондам, які выкарыстоўвае іх імёны. Там адказалі

Генпракуратура будзе вырашаць, каму са спартоўцаў з «чорнага спіса» дазволіць выступаць

Клас
1
Панылы сорам
10
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
4