Арганізуе збор на пратэз для Аляксея Назарава журналіст тэлеканала «Белсат» Сяргей Пеляса, робячы гэта па просьбе палка Каліноўскага. Збор вядзецца з дапамогай польскага фонду «Браты».

З лютага 2015 года Аляксей Назараў (пазыўны «Псіхолаг») абараняў Украіну на полі бою. Ён прыехаў ва Украіну ў якасці добраахвотніка, паступіў на службу ў полк «Азоў» з іншымі беларусамі, служыў інструктарам. Скончыў службу пад канец 2016 года. У цывільным жыцці таксама быў звязаны з вайсковай справай. Апошнія гады перад поўнамаштабнай вайной займаўся навучаннем тактычнай падрыхтоўцы цывільнага насельніцтва, рыхтаваў будучую тэрытарыяльную абарону.

З 24 лютага 2022 года Аляксей Назараў разам з іншымі беларускімі ветэранамі, якія раней абаранялі Украіну на Данбасе, вярнуўся ў вайсковыя шыхты. На першым этапе расійскай агрэсіі ён браў удзел у абароне Кіеўскай вобласці ў розных месцах дыслакацыі.

3 сакавіка 2022 года ў адным з баёў «Псіхолагу» фактычна адарвала палову нагі вышэй калена. Ён страціў ніжнюю траціну бядра. Нягледзячы на цяжкую рану і бой, які працягваўся вакол яго, ён сам сабе наклаў турнікеты, каб спыніць кроў, адрэзаў кавалак нагі і запісаў відэазварот. Думаў, што ўжо не выйдзе жывым з таго бою. Але яму пашчасціла, хлопца ўдалося эвакуяваць.

Пасля ранення Аляксей прайшоў стадыю стабілізацыі, аперацыю. Затым некаторы час працягвалася зажыўленне пашкоджанай канечнасці для падрыхтоўкі да далейшага пратэзавання. У пачатку мая 2022 года ў клініцы пратэзавання Стэцэнкі ў Кіеве (Артотэх сэрвіс) ён стаў на першасны пратэз, вучыўся хадзе і прыстасоўваўся жыць па-новаму. У ліпені 2022-га яму паставілі пастаянны пратэз.

«Псіхолаг» марыць вярнуцца да паўнавартаснай службы, вучыць новых добраахвотнікаў, дзяліцца з імі сваім досведам, магчыма, нават вярнуцца на фронт. Для гэтага трэба аднавіць функцыі хады і бегу. Сённяшні пратэз гэтага не дазваляе. Патрэбны больш сучасны, больш трывалы пратэз, створаны для актыўнага жыцця.

Пасля кансультацый з пратэзістамі яму прапанавалі варыянт з устаноўкай пратэза сцягна модульнага тыпу з каленным вузлом і электронным кіраваннем Ottobock Genium x3 і ступнёй 1Е95. Поўны кошт паводле рахунка, выстаўленага кіеўскім цэнтрам, цяпер складзе 2223911,53 украінскай грыўні. Улічваючы магчымыя змены курсаў валют і іншыя арганізацыйныя выдаткі сума збору складае 58 000 еўра. 

Ад нас з вамі залежыць, ці зможа Аляксей вярнуцца да актыўнага жыцця і вайсковай службы.

Падтрымаць Аляксея Назарава сваім ахвяраваннем можна па спасылцы.

Клас
23
Панылы сорам
0
Ха-ха
5
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
0