Сайт «Твій сусід» запусціўся зусім нядаўна. Калі вы на яго заходіце, то адразу трапляеце на тэкст-зварот да ўкраінцаў ад імя беларусаў, які пачынаецца радкамі «Привіт! Я твій сусід із Білорусі. Ми так давно дружимо з тобою! А ти так мало знаєш про мене». Менавіта каб зменшыць узровень няведання ўкраінцаў пра Беларусь і беларусаў, асабліва што тычыцца сітуацыі апошніх гадоў, і ствараўся гэты сайт.

«Жывучы ва Украіне ўжо два гады, мы сутыкнуліся з тым, што многія людзі не ведаюць, што ў нас адбывалася ў Беларусі, якія ў нас пратэсныя настроі былі, які ўзровень рэпрэсій у Беларусі, чаму ў нас людзі не выходзілі на мітынгі. Людзі проста не ведалі, што ў нас адбываецца», — кажа аўтарка ідэі сайта, мастачка Віялета Майшук пра тое, што падштурхнула яе да такой ідэі.

Віялета Майшук

Віялета Майшук

А яе памочнік у стварэнні сайта «Твій сусід» Дзмітрый Лукомскі ўдакладняе канцэпцыю рэсурсу:

«Вельмі часта задаюць адныя і тыя ж пытанні. То-бок частка насельніцтва ведала, што адбывалася, але ведала павярхоўна. Яны бачылі, сачылі за падзеямі ў Беларусі. Аб пратэстах шмат хто ведаў нейкія простыя рэчы. Напрыклад, пра тое, як беларусы разуваюцца, становячыся на лаўку і пра тое, што былі жорсткія нейкія супрацьстаянні і пра тое, што людзей жорстка збівалі, катавалі.

Але ўсё адно не такая вялікая колькасць людзей пра гэта ведала цалкам. У людзей заставалася ўсё адно шмат унутраных пытанняў. І з гэтага стала зразумела: ну няма інфармаванасці.

Калі ўжо вайна пачалася ў 2022 годзе, мы вырашылі зрабіць нейкую такую інфармацыйную кампанію, якая б адказала ўкраінцам на іх гэтыя пытанні — чаму ў Беларусі адбываецца вось так, чаму з Беларусі запускаюцца расійскія ракеты, чаму ўвогуле расіяне ў Беларусі, што яны там робяць і чаму яны ўвайшлі.

Дзмітрый Лукомскі

Дзмітрый Лукомскі

Мы заўжды ім адказваем, што гэта расплата Лукашэнкі за тое, што ён утрымаўся ва ўладзе. Цяпер ужо, азіраючыся назад, мы разумеем, што Лукашэнка, магчыма, і не ўтрымаўся б без дапамогі Крамля.

І ў людзей ва Украіне за гэты час, асабліва пачатак самы, зразумела ж, была крыўда нейкая, неразуменне: яны Беларусь расцэньвалі як надзейнага партнёра, які дакладна не прапусціць расійскія войскі, хаця гэта і было слепа, мы пра гэта шмат каму казалі. І тое, што людзі насамрэч у нас выходзяць, і выходзілі на пратэсты, і неяк супрацьдзейнічаюць.

Але ўзровень рэпрэсій, які ёсць цяпер у Беларусі, настолькі высокі, што гэта проста, можна сказаць, па-дурному часам — рабіць нейкія такія жэсты, якія хочуць бачыць іншыя краіны ці ўкраінцы.

І менавіта гэтая інфармацыя пра палітвязняў, пра тое, за што канкрэтна гэтыя палітвязні атрымалі тэрмін, яна часта шакуе людзей. Нават проста ў размовах мы заўважалі, што калі ты размаўляеш і адказваеш на нейкія пытанні ды кажаш, што там якомусьці 17-гадоваму хлопцу за фотаздымак КамАЗа, які праязджае праз Гомель ці нейкі іншы рэгіён краіны, далі 5 — 10 гадоў (калоніі), ён зазнаў яшчэ катаванні, то іх гэта шакуе.

Таму мы вырашылі такой даступнай, простай мовай паказаць, патлумачыць. І прапануем пашыраць гэтую інфармацыю, каб іншыя бачылі і адказвалі на свае пытанні.

Назва ўзялася не з ніадкуль. Хаця сама па сабе назва праекту была прыдуманая спантанна, банальна, але там яшчэ закладзены і сэнс. У нас тут у Львове ёсць сусед, з якім мы камунікуем, і ён увесь час таксама цікавіцца падзеямі ў Беларусі, увогуле намі, як беларусамі. І шторазу, калі мы яго бачым, ён кажа: «Привіт, сусід!», «Привіт, сусід!»

І калі Віялета рабіла гэты праект, ёй трэба было зрабіць нейкае апісанне, і яна папрасіла мяне ў гэтай справе дапамагчы і сама назва «Твій сусід», плюс гэты сусед, прывялі да таго, што мы зрабілі вось гэтае апісанне: «Привіт! Я твій сусід із Білорусі…» і далей мы распавядаем як бы тэт-а-тэт, як сусед суседу, што адбываецца, як і навошта».

Віялета Майшук дадае, што сайт можа быць карысны не толькі ўкраінцам, але і беларусам. Напрыклад, вось з такой мэтай:

«За час жыцця ва Украіне мы не сутыкаліся ўжывую з хэйтам. Але ў інтэрнэце вельмі шмат з гэтым сутыкаемся. І, калі прааналізаваць старонкі хэйтараў, якія пакідаюць каментарыі, дык можна зразумець, што гэта боты і тролі. У іх старонкі пустыя, без сяброў, без фотаздымкаў. І спрачацца з імі часцяком бессэнсоўна, а часам і сабе даражэй. Я рэкамендую, калі вы бачыце хэйт, проста скіньце спасылку на сайт і тады пытанняў стане меней. А яшчэ не забывайцеся ў любых умовах уключаць крытычнае мысленне!»

Чытайце таксама:

Беларуская мастачка адкрыла ў Львове выставу «Жыве Украіна»

Ці праўда, што беларусы носяць у сабе «гены рабства», а ўкраінцы вальналюбцы ад прыроды?

Клас
70
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
2