Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі проста на вуліцы затрымалі 18-гадовага Арцёма Бярозкіна, паведамляюць праваабаронцы-вясноўцы.

Здарылася гэта ў рамках «зачысткі», якую загадаў правесці Аляксандр Лукашэнка.

Юнака паклалі на асфальт і прывезлі дамоў, дзе яго раздзелі і прымусілі аголеным, у адных трусах, застрашаным, расказваць на відэа, што ён стварыў тры каналы ў тэлеграме, дзе размяшчаў «экстрэмісцкія», нібыта, матэрыялы — да прыкладу, фатаграфіі ўкраінскіх вайскоўцаў.

Таксама яму ў віну ставяць створаны ў тыктоку акаунт, прысвечаны барацьбе Украіны супраць расійскай агрэсіі. Юнака вінавацяць і ў стварэнні чырвона-чорнага патча.

Відэа з хлопцам апублікавалі лукашэнкаўскія СМІ.

Аб працягу «комплекснай адпрацоўкі асоб, якія падтрымліваюць «антыдзяржаўныя погляды», паведаміла 17 сакавіка прэс-служба МУС. Толькі ГУБАЗіК штодзень праводзіць каля 20 ператрусаў. Загад пра зачыстку аддаў Аляксандр Лукашэнка, пасля таго, як падпольшчыкі з выкарыстаннем дронаў вывелі з ладу каштоўны расійскі самалёт, які базаваўся на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам і з дапамогай якога ракеты і дроны наводзіліся на цэлі ва Украіне. Адказнасць за гэтую дыверсію ўзяла на сябе ініцыятыва сілавікоў супраць дыктатуры «Байпол».

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу. З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі праследаваць таксама за антываенныя выказванні або за сімпатыі да Украіны, якая змагаецца за незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць. За гэты час у краіне адбылося каля 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена каля 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя базавыя нормы законнасці і маралі.

Чытайце таксама:

Пра «ілюзію Бабарыкі» і «непрадказальнае, якое нас чакае». Гісторык Фрыдман параўноўвае лукашызм з іншымі дыктатурамі і ўпэўнены, што моладзь спытае: «Як так атрымалася, што ўсё навокал расійскае?»

Клас
5
Панылы сорам
7
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
136