Даклад прадстаўлены ў выкананне рэзалюцыі 49/26 Рады па правах чалавека і ў межах 52-й сесіі ААН, якая праходзіць цяпер у Жэневе (27 лютага — 31 сакавіка 2023 года). Даклад ахоплівае падзеі ў Беларусі з 1 мая 2020 года на парозе прэзідэнцкіх выбараў 2020 года па 31 снежня 2022 года і заснаваны на дэтальным аналізе 207 гутарак з ахвярамі і сведкамі, прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацый, журналістамі, адвакатамі і медыцынскімі работнікамі. У дакладзе ахоплены наступныя тэмы:

  • неапраўданае і несуразмернае прымяненне сілы,
  • катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці зневажаючыя годнасць віды абыходжання і пакарання,
  • адвольныя арышты і затрыманні,
  • права на належную законную працэдуру і справядлівы судовы разбор,
  • свабода слова, мірных сходаў і асацыяцый,
  • сэксуальны і гендарны гвалт,
  • разлучэнне з дзецьмі і неправамернае ўмяшанне ў сямейнае жыццё,
  • выгнанне.

«Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі не менш за 100 000 чалавек схаваліся за мяжой. Людзі былі вымушаныя пакінуць краіну і не маглі бяспечна вярнуцца праз пагрозы адвольнага затрымання, жорсткага абыходжання, а таксама парушэнняў эканамічных, сацыяльных і культурных правоў. Такое перамяшчэнне непасрэдна звязана з палітыкай і практыкай кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку з масавым падаўленнем іншадумства і наўмысна створанай атмасферай варожасці, якая перашкаджае бяспечнаму вяртанню», — гаворыцца ў дакладзе пра выгнанне.

Даклад таксама згадвае Канстытуцыйныя папраўкі, унесеныя ў 2022 годзе, якія прадугледжваюць магчымасць пазбаўлення грамадзянства, а таксама закон, які дазваляе пазбавіць грамадзянства асобу, асуджаную за «ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасці альбо прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

«Закон скіраваны супраць тых, хто «збег і прычыняе шкоду краіне», — спасылаюцца на выказванні ўлад дакладчыкі.

Таксама ААН адзначае, што Канстытуцыя Беларусі захоўвае смяротнае пакаранне, значна пашыраючы сферу дзеяння Крымінальнага кодэкса.

«Зараз смяротнае пакаранне можа быць вынесена за злачынствы, не звязаныя з наўмысным забойствам, у парушэнне мінімальных міжнародных стандартаў прымянення смяротнага пакарання, якія абмяжоўваюць яго найбольш цяжкімі злачынствамі, звязанымі з наўмысным забойствам».

Сярод вынікаў даклада прагучала і тое, што некаторыя з парушэнняў у Беларусі «могуць таксама прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці».

Клас
32
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2