Фота: VLVCHK

Фота: VLVCHK

Стыкеры ў падтрымку рэпрэсій, АМАПа «silaomon» і абразамі беларускай сімволікі «zabatku»

Гэтыя стыкеры актыўна распаўсюджваліся ў праўладных каналах, асабліва ў 2020 годзе, а першым апублікаваў іх «Пул першага» — канал прэс-службы Лукашэнкі. Выглядаюць гэтыя стыкерпакі так:

Візуальны выгляд стыкерпакаў. Фота: тэлеграм

Візуальны выгляд стыкерпакаў. Фота: тэлеграм

У абодвух адна аўтарка — 36-гадовая мінская дызайнерка Ганна Перарослая, якая працуе пад псеўданімамі Ascha і Pink Shark (па-англійску гэта азначае «Ружовая акула»). Яна таксама мае ўласны сайт, з якога відаць, што яе спецыялізацыя — гэта праграмы для айфонаў (яна выпусціла і ўласную праграму з вокладкамі для экрана).

Ганна Перарослая. Фота: яе старонка ў інстаграме

Ганна Перарослая. Фота: яе старонка ў інстаграме

Перарослая ў 2009 годзе скончыла факультэт нямецкай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, а паралельна — курс графічнага дызайну ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце (2007—2009). Пасля гэтага яна скончыла праграму «Web-дызайн і камп'ютарная графіка» ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі пры БНТУ. 

Пра сябе Ганна распавядае ў сацсетках, што любіць камп'ютарныя гульні, падарожжы і кіраванне, а таксама акул — менавіта адтуль яе псеўданім.

Жанчына прафесійна займаецца UX/UI і графічным дызайнам больш за 10 гадоў, і, мяркуючы па ўсім, пачынала ў IT-кампаніі SaM Solutions. Таксама Ганна папрацавала ў ААТ «Новы паварот» — кампаніі, якая распрацоўвае праграмы, што дапамагаюць здаць тэарэтычны экзамен у ДАІ.

Ганна Перарослая распавядае дзецям аб правілах дарожнага руху ад кампаніі «Новы паварот» пры падтрымцы мінскай ДАІ, 2015 год. Фота: pdd.by

Ганна Перарослая распавядае дзецям аб правілах дарожнага руху ад кампаніі «Новы паварот» пры падтрымцы мінскай ДАІ, 2015 год. Фота: pdd.by

Да 2020 года, мяркуючы па сацсетках, сваёй палітычнай пазіцыі ніяк не выяўляла. Але пасля яна стварае серыі ілюстрацый, накіраваных на падтрымку спецслужбаў, а таксама тыя самыя стыкеры ў тэлеграме.

Адна з ілюстрацый у тыктоку Ганны

Адна з ілюстрацый у тыктоку Ганны

Таксама яна падтрымлівае Расію ў вайне супраць Украіны — вось такая выява ёсць у яе інстаграме.

Інстаграм-старонка verypinkshark

Інстаграм-старонка verypinkshark

Агулам варта зазначыць, што стыкерпакі аўтарства Ганны Перарослай — хіба найлепшыя з усіх праўладных стыкерпакаў у тэлеграме. І, хутчэй за ўсё, яны зробленыя не на замову.

Telegram-стыкеры ад «Жоўтых зліваў»

«Жоўтыя злівы» маюць як мінімум два стыкерпакі. У аднаго з іх назва iLoveGaysAndYou.

Стыкерпак iLoveGaysAndYou са спасылкамі на арыгінальныя «Жоўтыя злівы»

Стыкерпак iLoveGaysAndYou са спасылкамі на арыгінальныя «Жоўтыя злівы»

Ягоны стваральнік (магчыма, ён толькі загрузіў іх на платформу Telegram, але не намаляваў) — 22-гадовы актывіст БРСМ і «Белай Русі» Максім Кісель.

Максім Кісель. Фота: яго інстаграм

Максім Кісель. Фота: яго інстаграм

Максім родам з Брэста. У 2018 годзе ён паступіў на бюджэт у БНТУ на спецыяльнасць «тэхнічнае забеспячэнне эксплуатацыі спартыўных збудаванняў». Невядома, як ён вучыўся і ці былі ў яго дасягненні ў навуцы, але на другім курсе яму аб'явілі вымову за «няяўку без уважлівай прычыны на вучэбныя заняткі», да якой прыкладзены акт аб адмове ад тлумачэнняў.

Ён быў фатографам і відэографам універсітэцкага выдання BSTU Times, БРСМ і аддзялення «Белай Русі» ў БНТУ. Дарэчы, і сам ён быў чальцом «Белай Русі», БРСМ і праўладнага прафсаюза. Максім скончыў універсітэт у 2022 годзе.

Максім Кісель на ўніверсітэцкай канферэнцыі. Фота: brsu.by

Максім Кісель на ўніверсітэцкай канферэнцыі. Фота: brsu.by

Telegram-стыкеры ад «Мінскай праўды»

«Мінская праўда» выпусціла серыю стыкерпакаў. І яны, бадай, самыя абразлівыя з усіх. Вось як яны выглядаюць.

Стыкеры ад «Мінскай праўды»

Стыкеры ад «Мінскай праўды»

Хутчэй за ўсё, большую частку з іх намаляваў ілюстратар выдання, 41-гадовы Антон Астроўскі.

Антон Астроўскі. Фота: яго старонка «УКантакце»

Антон Астроўскі. Фота: яго старонка «УКантакце»

Антон Астроўскі з Віцебска. Калі верыць ягонай старонцы «УКантакце», мужчына скончыў біяфак Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава, потым — мастацка-графічны факультэт.

З пачатку 2020 года ён пастаянны карыкатурыст «Мінскай праўды». Некаторыя ягоныя карыкатуры спачатку былі двухсэнсоўнымі. Яны фактычна эзопавай мовай высмейвалі лукашысцкую прапаганду.

Фота: старонка Антона Астроўскага «УКантакце»

Фота: старонка Антона Астроўскага «УКантакце»

Што праўда, пасля Астроўскі пачаў публікаваць больш абразлівыя і аднамерныя карыкатуры, многія з іх з часам могуць стаць прадметам крымінальных спраў аб распальванні сацыяльнай, рэлігійнай і міжнацыянальнай варожасці. На яго нават падавалі скаргу прадстаўнікі Каталіцкага касцёла. Праўда, гэта нічым не скончылася, а Астроўскі заявіў, што не разумее, чаму каталікі абразіліся. Антон Астроўскі малюе карыкатуры для выдання і дагэтуль.

Загрузіла стыкеры ў тэлеграм і 33-гадовая Ларыса Коршун (Геваркян), галоўная рэдактарка інфармагенцтва «Мінская праўда».

Ларыса Коршун. Фота: яе старонка «УКантакце»

Ларыса Коршун. Фота: яе старонка «УКантакце»

Ларыса родам з Дзяржынска. У 2012 годзе яна скончыла журфак БДУ і адразу пайшла працаваць літаратурнай рэдактаркай у газету «Адукацыя і выхаванне». У 2014 годзе яна перайшла на пасаду рэдактара ў «Дзяржынск.by», а з 2017 па 2019 гады была галоўрэдам дзяржынскай газеты «Узвышша».

У 2019 годзе Ларыса Коршун перайшла на пасаду намесніка галоўрэда газеты «Мінская праўда», але адтуль неўзабаве перавялася на пасаду прэс-сакратара Мінгарвыканкама. А ўжо ў 2020-м яе зрабілі галоўным рэдактарам інфармагенцтва «Мінская праўда», куды аб'ядналі, акрамя аднайменнай газеты, газету «Узвышша» (Дзяржынск і раён), «Чырвоная зорка» (Узда і раён) і «Прысталічча» (Мінскі раён), а таксама радыястанцыю «Мінская хваля».

Ларыса Коршун падчас «вялікай размовы» з Лукашэнкам. Фота: БелТА

Ларыса Коршун падчас «вялікай размовы» з Лукашэнкам. Фота: БелТА

У стужцы Коршун публікаваліся фота і цытаты Лукашэнкі яшчэ да 2020 года. Агулам з яе сацсетак паўстае вобраз класічнай кар'ерысткі часоў дыктатуры.

На жанчыну зарэгістраваная афіцыйная старонка «УКантакце» праўладнага выдання «Навіны Дзяржынска» (dzr.by) і старонка ў інстаграме Мінскага аблвыканкама. Таксама яна адмініструе тэлеграм-канал «Шкварка NEWS» (цяпер — «Шкварка 2.0»), у якім, акрамя праўладных, публікуюцца і відавочна абразлівыя і антыўкраінскія матэрыялы, якія таксама з часам могуць стаць прадметам крымінальнай справы аб прапагандзе вайны і распальванні міжнацыянальнай варожасці.

Адна з апошніх публікацый канала «Шкварка 2.0». Антыўкраінскіх матэрыялаў там сотні. Скрыншот з канала

Адна з апошніх публікацый канала «Шкварка 2.0». Антыўкраінскіх матэрыялаў там сотні. Скрыншот з канала

А нядаўна яна прыязджала на журфак, каб распавесці студэнтам пра журналістыку.

Telegram-стыкеры ад БРСМ

БРСМ зрабіў некалькі стыкерпакаў.

Стыкерпакі ў тэлеграме «newBelarys», «Канстытуцыя: моц Асноўнага закона», «100 ідэй для Беларусі», «brsm18». Скрыншоты з Telegram

Стыкерпакі ў тэлеграме «newBelarys», «Канстытуцыя: моц Асноўнага закона», «100 ідэй для Беларусі», «brsm18». Скрыншоты з Telegram

І не менш за чатыры з іх загрузіла ў тэлеграм і, імаверна, стварыла 25-гадовая Яўгенія Вайцянок.

Яўгенія Вайцянок, актывістка Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Фота: фэйсбук-старонка дзяўчыны

Яўгенія Вайцянок, актывістка Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Фота: фэйсбук-старонка дзяўчыны

Яўгенія Вайцянок родам з Дуброўна Віцебскай вобласці. У розныя часы была намесніцай кіраўніка школьнай арганізацыі, вяла старонку «Моладзь Дубровеншчыны» (і выйграла з ёй «Інтэрнэт-прэмію БРСМ» у 2016-м) і «Моладзь Лёзна», прыдумала фотаконкурс па «паляванні» на мясцовыя помнікі на роварах, гуляла ў КВЗ і была намесніцай кіраўніка «Моладзевай палаты Дуброўна». 

Яўгенія Вайцянок з «Інтэрнэт-прэміяй БРСМ» у 2016 годзе. Фота: сайт мясцовага БРСМ

Яўгенія Вайцянок з «Інтэрнэт-прэміяй БРСМ» у 2016 годзе. Фота: сайт мясцовага БРСМ

Дзяўчына ў 2015 годзе паступіла на землеўпарадкавальны факультэт Сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках (БДСГА). Пасля паступлення яна расказвала:

«Канчатковы выбар дапамагло зрабіць тое, што на зямфаку добрае размеркаванне. Да ЦТ па матэматыцы я рыхтавалася з 9 класа з рэпетытарам, з 10-га пачала займацца самастойна па фізіцы, а ў 11-м яшчэ і з рэпетытарам, бо я гуманітарый, і дакладныя навукі мне даваліся не вельмі. Ніводны з прадметаў на ЦТ мне вельмі складаным у выніку не падаўся. Я была ўпэўненая, што паступлю. Студэнцкае жыццё, спадзяюся, будзе не менш яркім, чым школьнае».

Але неўзабаве Жэня кінула БДСГА і вырашыла перапаступаць на «прыкладную матэматыку» ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава ўжо ў наступным, 2016-м, годзе. І там яна стала актывісткай розных праўладных моладзевых арганізацый, а таксама пісала для афіцыйнага сайта БРСМ.

Жэня Вайцянок на «Дні вышыванкі» ў 2018 годзе. Скрыншот відэа YouTube-канала БРСМ

Жэня Вайцянок на «Дні вышыванкі» ў 2018 годзе. Скрыншот відэа YouTube-канала БРСМ

Увосень 2016 года Яўгенія ездзіла на XIX Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Сочы, які праводзяць розныя прарасійскія арганізацыі з усяго свету. Перад паездкай яна распавядала:

«На фестывалі мы хочам паказаць, што Беларусь — гэта не проста дзяржава ў цэнтры Еўропы, а краіна з багатай і цікавай гісторыяй, пазнаёміць з гісторыка-культурнай спадчынай і абавязкова запрасіць наведаць нашу Сінявокую. Лічу, што такія форумы вельмі важныя для моладзі і для ўсіх людзей, бо што можа быць лепшае за сяброўства, згоду і мір, а гэты фестываль, я ўпэўненая, зможа аб'яднаць усіх удзельнікаў у адну вялікую фестывальную сям'ю».

Яўгенія Вайцянок на форуме IT-Youth, 2017 год. Фота: vsu.by

Яўгенія Вайцянок на форуме IT-Youth, 2017 год. Фота: vsu.by

У 2018 годзе Жэня рэпрэзентавала віцебскі БРСМ на «Дні вышыванкі». У 2019 годзе яна займала пасаду галоўнага спецыяліста аддзела арганізацыйнай і праграмнай дзейнасці Віцебскага абласнога камітэта БРСМ.

Пасля заканчэння ВДУ дзяўчына пераехала ў Мінск. Яна працавала ў цэнтральным офісе БРСМ на Маркса, 40. У чэрвені 2022 года Жэня стала афіцыйнай прадстаўніцай БРСМ на тэхнічнай выставе TIBO-2022.

Жэня Вайцянок. Фота: яе інстаграм

Жэня Вайцянок. Фота: яе інстаграм

Дзяўчына звольнілася з БРСМ у ліпені 2022 года. У рэзюме ў базе вакансій сказана, што апошняя яе пасада — намесніца загадчыка аддзела інфармацыйных і сацыяльных тэхналогій. 

Другі пул стыкерпакаў у Telegram ад БРСМ

У БРСМ ёсць яшчэ два стыкерпакі.

Стыкерпакі БРСМ «Беражы сябе» і «Кветкі вялікай перамогі». Скрыншоты з Telegram

Стыкерпакі БРСМ «Беражы сябе» і «Кветкі вялікай перамогі». Скрыншоты з Telegram

Загрузіла ў тэлеграм два другія стыкерпакі 26-гадовая Крысціна Кечка. Родам яна з Калінкавічаў Гомельскай вобласці. Дзяўчына яшчэ ў школьныя гады была актывісткай БРСМ і ўдзельнічала ў шматлікіх імпрэзах арганізацыі. У 2011-м школьны экалагічны атрад імя Героя СССР Зінаіды Самсонавай быў прызнаны адным з найлепшых у Беларусі.

Крысціна Кечка падчас школьнага бээрэсэмаўскага мерапрыемства. Фота: яе старонка «УКантакце»

Крысціна Кечка падчас школьнага бээрэсэмаўскага мерапрыемства. Фота: яе старонка «УКантакце»

Пасля заканчэння школы ў 2013-м годзе Крысціна паступіла на спецыяльнасць «біяхімія» на біяфак БДУ. Там яна працягнула актыўнасць у БРСМ і была кіраўніцай ячэйкі БРСМ на факультэце, а таксама карэспандэнткай тэлебачання БДУ. Пасля заканчэння біяфака пайшла ў магістратуру па зусім іншым кірунку — на спецыяльнасць «медыякамунікацыі» на факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, якую скончыла ў 2020-м.

Яе дыплом называўся «Асаблівасці прасоўвання камерцыйных і некамерцыйных арганізацый у сацыяльных сетках «УКантакце» і «Інстаграм».

Крысціна Кечка на фоне будынка БРСМ па вуліцы Маркса, 40 у Мінску. На момант, калі выкладзена фота, дзяўчына акурат пачала стала працаваць у БРСМ. Фота: яе старонка «УКантакце»

Крысціна Кечка на фоне будынка БРСМ па вуліцы Маркса, 40 у Мінску. На момант, калі выкладзена фота, дзяўчына акурат пачала стала працаваць у БРСМ. Фота: яе старонка «УКантакце»

Калі верыць яе Linkedin, яна пачала стала працаваць у БРСМ са жніўня 2019 года і прапрацавала там як мінімум да жніўня 2021. 

Конкурс, які курыравала Крысціна Кечка, які праводзіў БРСМ у ліпені 2020 года. Фота: brsm.by

Конкурс, які курыравала Крысціна Кечка, які праводзіў БРСМ у ліпені 2020 года. Фота: brsm.by

Яе пасада — галоўная спецыялістка Цэнтра інфармацыйных і сацыяльных тэхналогій Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ». Сярод іншага яна прэзентавала вышэйзгаданыя стыкеры і курыравала гэты праект. 

Крысціна Кечка на пачатку 2020 года. Фота: яе старонка «УКантакце»

Крысціна Кечка на пачатку 2020 года. Фота: яе старонка «УКантакце»

Калі верыць LinkedIn, цяпер Крысціна працуе ў кампаніі.

Telegram-стыкеры ад Ільі Бегуна

Яшчэ стыкеры стварыў Ілья Бягун. Вось яны:

Стыкерпак аўтарства Ільі Бегуна 

Стыкерпак аўтарства Ільі Бегуна 

Ілья Бягун — 31-гадовы былы айцішнік з Мінска, працаваў у EPAM. Ён мае два грамадзянствы: расійскае і беларускае. 

Ілья Бягун дае інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» у 2021 годзе. Фота: «Беларусь 1»

Ілья Бягун дае інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1» у 2021 годзе. Фота: «Беларусь 1»

У 2020 годзе Бягун, магчыма, па заданні, далучыўся да каманды Валерыя Цапкалы, а неўзабаве пасля выбараў пераехаў з Беларусі ў Літву. Там ён уцёрся ў давер да прадстаўнікоў фондаў «Байсол» і «Краіна для жыцця», а пасля вярнуўся ў Беларусь і даў інтэрв'ю АНТ, дзе паліваў брудам фонды і рух за свабодныя выбары.

Яго звязвалі рамантычныя адносіны з Кацярынай Канаплёвай. Гэта дзяўчына, якая спачатку была ў камандзе Віктара Бабарыкі, а пасля перайшла да Вольгі Карач і стала адміністратаркай канала «Штаб Аношка». Невядома, ці захоўваюць яны нейкія адносіны, але, мяркуючы па сюжэтах дзяржСМІ, ён перадаў, прынамсі, частку інфармацыі пра дзяўчыну беларускім спецслужбам.

«Трэба было прыбраць паразітаў з акружэння Ціханоўскай». Бягун заявіў, што Карач фінансуе канал з кампраматам на Стрыжака і Вячорку

З парай сябравала і Святлана Галуза, колішняя сакратарка Андрэя Стрыжака. Дзяўчына праславілася тым, што ў 2021 годзе распаўсюдзіла асабістыя звесткі Стрыжака, а таксама некаторых іншых звязаных з ім асоб.

Былая журналістка «СБ», якую падазраюць у зліве інфармацыі з BYSOL, атрымала стыпендыю для рэпрэсаваных у Германіі

Мінскі знаёмы Бегуна распавядае:

«Бягун супрацоўнічаў са спецслужбамі і атрымліваў ад гэтага задавальненне, усім хваліўся. Я не ведаю, што ён рабіў у КСДС, але, наколькі я ведаю, ён там пратрымаўся нядоўга».

Хто такі Ілля Бягун, які на дзяржаўным ТБ вылівае бруд на фонды салідарнасці і штаб Ціханоўскай?

Тое, што ён супрацоўнічаў з ГУБАЗіКам, пацвярджаюць сацсеткі. У ягоным тыктоку і тэлеграм-канале выкладваліся відэа з затрыманымі. Цяпер ён працуе начальнікам спецпраектаў у «Мінскай праўдзе», якую ўзначальвае вышэйзгаданая Коршун.

У артыкул мы ўключалі толькі тыя стыкерпакі, якія шырока распаўсюдзіліся па тэлеграме і дзе асобу стваральніка атрымалася адшукаць напэўна.

Мы прапусцілі нейкі стыкерпак або вы ведаеце болей пра іхніх стваральнікаў? Тады напішыце нам на e-mail ([email protected] ці [email protected]), у наш кантактны тэлеграм-акаўнт або ў каментары пад гэтым артыкулам.

Чытайце таксама:

Як малады камуніст вядзе філіял «Жоўтых зліваў» для моладзі і выкладае ў БДУІР

Распавядаем, як сілавікі знаходзяць стваральнікаў стыкераў у Telegram

Клас
15
Панылы сорам
109
Ха-ха
7
Ого
5
Сумна
15
Абуральна
90