Аляксандра Герасіменя, Аляксандр Апейкін. Фота: інстаграм Аляксандры Герасімені, «Радыё Свабода»

Аляксандра Герасіменя, Аляксандр Апейкін. Фота: інстаграм Аляксандры Герасімені, «Радыё Свабода»

Алена Леўчанка, адна з найлепшых баскетбалістак у беларускай гісторыі, апісала сітуацыю ў інстаграме так: «У канцы 2020-га года фармаваўся новы фонд. Мне паступіла прапанова быць у яго кансультатыўнай радзе (advisory board). Я старанна вывучыла ўсю інфу, якая была мне прадстаўлена, і прыняла адназначнае рашэнне не ўдзельнічаць у гэтай ініцыятыве. Нагадаю, мая адмова была атрыманая яшчэ ў 2020-м годзе. Але аказалася, што на сёння я чамусьці там знаходжуся: маё фота і прозвішча лічацца ў спісе «advisory board», і нехта ад майго імя там нешта робіць. Зразумела, я пра гэта нічога не ведала».

А вось фрагмент публікацыі са старонкі славутай плыўчыхі Аляксандры Герасімені: «Я патлумачыла мой выхад з BSSF (Беларускага фонда спартовай салідарнасці. — НН) і сказала, што больш ніякага дачынення да яго не маю. І зараз не разумею, чаму маё імя выкарыстоўваецца ў зборах сродкаў? Чаму маё фота вісіць на сайце фонду @athletesforfreedom, які супрацоўнічае з @bssf.team? Чаму BSSF паразітуе на маім імені?»

Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю выканаўчага дырэктара Фонду спартовай салідарнасці Аляксандра Апейкіна — яго імя, дарэчы, таксама прысутнічае ў спісе ўдзельнікаў кансультатыўнай рады. Аляксандр распавёў, што БФСС пачаў супрацоўнічаць з арганізацыяй AFF у 2020 годзе.

Фота: сацыяльныя сеткі

Фота: сацыяльныя сеткі

Athletes for Freedom, паводле Апейкіна, яшчэ не ажыццяўляе ніякай дзейнасці: «Фонд яшчэ не мае рэгістрацыі ў сістэме IRS (Падатковае ўпраўленне ЗША. — НН), таму ніякай гаспадарчай дзейнасці не здзяйсняў увогуле, апроч рэгістрацыйных працэдур. То-бок не ладзіў ніякіх збораў і дапамогі, ніякіх праектаў. Да моманту рэгістрацыі ў IRS арганізацыя вядзе проста інфармацыйную працу.

Пасля візіту дэлегацыі Фонду спартовай салідарнасці ў Вашынгтон у кастрычніку 2022 года было прынята рашэнне актывізаваць працу. Зараз AFF распаўсюджвае інфармацыю пра атлетаў, якія робяць мужныя ўчынкі ў абарону свабоды, сваёй радзімы, трагічна гінуць. Мы спрабуем рабіць цікавыя нетрывіяльныя допісы пра іх. Там ёсць асобная тэма — «Атлеты ў вайне».

Датычна сітуацыі з Леўчанка і Герасіменяй Аляксандр лічыць, што імёны беларусак проста не прыбралі з сайта: «Наколькі я ведаю, Алена і Аляксандра мелі дачыненне да арганізацыі. Ведаю, што AFF пракаментаваў сітуацыю таксама: яны не атрымлівалі заяў аб выхадзе з арганізацыі, але прымуць допіс у сацсетках за дэкларацыю аб выхадзе. Таму мяркую, што яны былі на старой старонцы сайта арганізацыі, якую зменяць пасля іхняга выйсця. Так бывае часам, што людзі забываюцца на ініцыятывы і праекты, у якіх яны бралі ўдзел на самым пачатку пратэстаў. Лічу, што менавіта непаразуменне ў тым, што БФСС і AFF — розныя структуры, і магло стаць падставай для абурэння».

На старонцы AFF у сацсетках вісіць спасылка на аўкцыён, прысвечаны продажу рэчаў гульцоў футбольнага клуба Manchester City. У публікацыі фонд пазначаны як арганізатар аўкцыёну. Апейкін тлумачыць, што роля AFF у аўкцыёне была выключна інфармацыйная, і дадае, што інфармацыйная падтрымка дабрачынных праектаў — звычайная практыка.

Аляксандра Герасіменя расказала, што фонд AFF узнік стыхійна, калі ў 2020 годзе пачаўся збор грошай на дапамогу рэпрэсаваным. Пазней кіраўнікоў БФСС, якімі тады былі і Герасіменя, і Апейкін, запрасілі ўзяць удзел у працы AFF.

«Мы нават падпісвалі паперы на ўступленне, але трохі пазней, праз пару месяцаў, зразумелі, што рашэнне было заўчаснае, і далі вусны і пісьмовы адказ (юрыст рыхтаваў паперы) аб выхадзе са складу. Першапачаткова мы былі ў складзе фонду, але ўжо два гады не ведалі, што фонд яшчэ існуе і тым больш неяк функцыянуе», — патлумачыла нам Аляксандра.

Герасіменя ўпэўненая, што яе імя прысутнічала на сайце фонду невыпадкова. Яна тлумачыць: «Заявіла пра гэта адкрыта, бо пад маё імя, імаверна, збіраліся сродкі. Не хачу, каб людзі былі падманутыя, нібыта я нейкім чынам звязаная з гэтым фондам».

У сацсетках AFF тым часам з'явілася афіцыйная заява з гэтай нагоды.

«Імёны некаторых раней актыўных удзельнікаў фонду не былі прыбраныя своечасова, і гэта было чалавечай памылкай, — гаворыцца ў заяве. — Часткова яна звязаная з фактам, што фонд не атрымаў афіцыйную заяву аб сыходзе ад некаторых членаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў арганізацыі на раннім этапе».

Таксама, як сцвярджаецца ў заяве, фонд AFF пакуль што не атрымаў афіцыйнага статусу і падчас затрымкі, звязанай з афармленнем папер, не праводзіў ніякіх мерапрыемстваў, звязаных са зборам грошай, не выкарыстоўваў імён былых удзельнікаў у сваёй дзейнасці.

Сам фонд, згодна з інфармацыяй у сацсетках, базіруецца ў амерыканскім штаце Вірджынія. Цяжка сказаць, які на сёння склад заснавальнікаў. Цяпер у спісе кансультатыўнай рады фонда прысутнічаюць Дзмітрый Дубаграеў, юрыст, і Аляксандр Апейкін, а таксама Андрэй Марозаў — былы спартовы журналіст з Расіі, які зараз, паводле яго фэйсбука, працуе ў клубе па фехтаванні Cardinal Fencing Club. У сацсетках фонда яго сузаснавальнікамі таксама названыя беларускі лёгкаатлет Андрэй Краўчанка і яго ўкраінская калега Вольга Саладуха.

Баскетбалістка Алена Леўчанка пераехала з Грэцыі і расказала пра новую працу

«Я дам рады». Герасіменя расказала, што разводзіцца з мужам

МАК патлумачыў, як рэпрэсаваныя беларускія спартсмены змогуць выступіць на Алімпіядзе-2024

Клас
5
Панылы сорам
25
Ха-ха
7
Ого
7
Сумна
4
Абуральна
16