Гэтым законам прадугледжваецца распаўсюджванне крымінальнай адказнасці за здраду дзяржаве, здзейсненую службовай асобай, на ўсіх асоб, якія займаюць дзяржаўныя пасады. Пры гэтым, калі «здрадзіць дзяржаве» дзейная службовая асоба ці вайсковец, то яго могуць пакараць і смерцю.

За «шэраг злачынстваў антыдзяржаўнай накіраванасці» цяпер будуць спаганяць драконаўскія штрафы — у памеры да 50 тыс. базавых велічынь (гэта да больш за 700 тысяч даляраў). 

Паводле расійскага ўзору ўводзіцца крымінальная адказнасць за «прапаганду тэрарызму, дыскрэдытацыю Узброеных сіл, іншых войскаў і вайсковых фармаванняў, ваенізаваных арганізацый», а таксама за «парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў».

Тэрмін затрымання асоб, якія падазраюцца ў здзяйсненні здрады дзяржаве, змове ці іншых дзеяннях з мэтай захопу дзяржаўнай улады, шпіянажы і агентурнай дзейнасці, павялічваюць з трох да дзесяці сутак.

У той жа час прадугледжваецца вызваленне ад крымінальнай адказнасці асоб, якія «ажыццяўлялі падрыхтоўку да нападу на ўстановы, якія карыстаюцца міжнароднай абаронай, або да здзяйснення дыверсіі, але якія адмовіліся ад сваіх намераў і якія аказалі садзейнічанне ў прадухіленні названых злачынстваў».

Таксама, як заяўлена, у Крымінальна-працэсуальны кодэкс уносяцца асобныя карэкціроўкі, абумоўленыя практыкай яго прымянення.

Клас
2
Панылы сорам
10
Ха-ха
13
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
37