Генадзь Мікалаевіч даўно ў сельскай гаспадарцы — мае профільную адукацыю агранома, працаваў у мясцовым СВК «Заказельскі». У 2012 годзе ён стварыў уласную гаспадарку ў Людвінове. Пачынаў з некалькіх гектараў, а цяпер у гаспадара — каля 55 га, на якіх ён вырошчвае збожжавыя культуры, ягады, а таксама займаецца авечкагадоўляй. Генадзь выкупіў калгасную ферму, дзе цяпер паціху абжываюцца авечкі Іль Дэ Франс — пароды, выведзенай пад Парыжам.

Вялікая гаспадарка была ў Людвінове і 200 гадоў таму, калі нарадзіўся Пётр Ажэшка — будучы муж беларускай і польскай пісьменніцы. Пасярэдзіне прыгожага парку тады стаяў белы дом з калонамі, куды ў 1858 годзе прыехала 17-гадовая Эліза Паўлоўская. Да таго часу Пётр ужо быў дарослым мужчынам крыху за 30.

Сямейнае жыццё пары аказалася не самым шчаслівым — рамантычная маладая дзяўчына захапілася ідэямі будучага паўстання, займалася адукацыяй мясцовых дзетак, а муж быў болей прагматычным і цікавіўся перш за ўсё гаспадаркай.

Пасля падзей 1863-1864 гадоў сям’я ўжо фактычна не будзе існаваць — Пятра вышлюць у Сібір за падтрымку паўстанцаў, Эліза вернецца ў родныя мясціны і пражыве ўсё жыццё ў Гродне. У даведніках прынята пісаць, што да нашага часу са згадак пра Ажэшкаў у Людвінове захаваліся толькі старыя дрэвы і памятны камень.

Але гэта не зусім так. Генадзь Якоўчык ратуе для сучаснікаў гаспадарчую пабудову з чырвонай цэглы, узведзеную, верагодна, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя.

«Я даўно прыглядаўся да гэтага будынка. Дакладней, да таго, што ад яго захавалася: напаўразбураных сцен і смецця вакол іх. Але было зразумела, што гэта той фрагмент гісторыі, які яшчэ можна захаваць. Для мяне гэта важна. Мой бацька Мікалай Сцяпанавіч заўсёды вучыў з павагай ставіцца да мінулага і грунтоўна падыходзіць да працы. Ён і цяпер дапамагае з аднаўленнем.

У савецкія часы будынак выкарыстоўвалі як млын, потым — пад звычайны склад. Пасля гэтага ён стаяў закінутым. Я вырашыў выкупіць рэшткі пабудовы», — распавядае Генадзь Мікалаевіч.

Тут усё атрымалася не зусім проста — у мясцовай гаспадаркі не было дакументаў на будынак, а дзяржаўныя службы не маглі выдаць тэхнічны пашпарт на руіны. Фермеру прыйшлося рызыкаваць — аднавіць сцены і дах усё яшчэ чужога будынка, пасля чаго ён атрымаў нарэшце дакументы і быў выстаўлены на аўкцыён.

Генадзь Якоўчык з сям’ёй

Генадзь Якоўчык з сям’ёй

«Калі б з’явіўся яшчэ адзін пакупнік, з вялікімі грашыма, мог бы перахапіць у мяне будынак. Але, на шчасце, усё атрымалася, як мы і спадзяваліся», — кажа Генадзь.

Разам са спецыялістамі ў сферы архітэктуры, гісторыі і рэстаўрацыі мужчына даследаваў будынак. Прыйшлі да высновы, што гэта была двухпавярховая сталоўка са склепам, дзе захоўвалі ежу. Першы паверх быў падзелены на дзве зоны — з аднаго боку знаходзілася кухня і печы на адмысловых падмурках, з другога — зала для прыёму ежы. Другі паверх, з вокнамі на франтонах, быў месцам пражывання прыслугі.

За два гады рэстаўрацыі будынак змяніўся да непазнавальнасці. Цяпер ён зноў нагадвае месца, дзе будуць жыць, адпачываць і смачна есці людзі — наведвальнікі будучай гістарычнай сядзібы. Але наперадзе яшчэ шмат працы, на якую спатрэбіцца нямала фінансаў. Рэстаўрацыю Генадзь праводзіць на свае ўласныя сродкі.

«Грошай не шкада, бо гэта цяпер мая любімая справа. Можна сказаць, што фермерская гаспадарка — гэта і ёсць сапраўдная цяжкая штодзённая праца, а будоўля — адпачынак для душы. Працуючы там, прыемна разважаць пра мінуўшчыну родных мясцін, лёс Пятра і Элізы Ажэшкаў. Аднаўляць гісторыю — гэта і ёсць сапраўднае задавальненне. Нават калі матэрыяльныя страты ніколі не вернуцца, я буду ўсё адно шчаслівы, што зрабіў важную справу», — кажа Генадзь.

Гаспадар распавядае, што ідэя таго, якой будзе сядзіба, ужо ёсць. З-за фінансавых цяжкасцяў задума рэалізуецца не так хутка, але гэта не страшна. Тую працу, для якой не патрэбныя спецыяльныя веды, Генадзь робіць сам, разам з сям’ёй, сябрам Андрэем і іншымі. Для спецыяльных этапаў будаўніцтва наймаюцца спецыялісты.

«Асноўныя элементы планіроўкі мы пакінем такімі, якія яны былі. Застануцца зона з кухняй і зала для спажывання ежы. На другім паверсе будуць жылыя пакоі. Пакуль вызначаемся, колькі іх зрабіць. У склепе, як і даўней, будуць захоўвацца прадукты.

Не абыдзецца і без змяненняў. Так, колісь тут было шмат вокнаў. Напэўна, з-за адсутнасці электрычнасці людзі будавалі так, каб светло ў будынку было максімальна доўга. Цяпер іншыя часы. На месцы некаторых вокнаў мы зробім нішы, якія будзем выкарыстоўваць як музейную прастору з інфармацыяй пра гісторыю роду Ажэшкаў, барэльефамі Пятра і Элізы. Яшчэ параімся з дызайнерамі, як лепей гэта ўсё рэалізаваць.

З гістарычнай часткай дапамагае рэстаўратар Сяргей Крук. Гэта наш драгічынскі хлопец, які робіць вялікую працу. Я таксама ведаю асноўныя моманты гісторыі рэгіёна, але склад розуму ў мяне не гуманітарны. Проста душа баліць аб страчанай спадчыне. А ў Сяргея веды сістэмныя, ён вывучае гісторыю глыбока, і я ўдзячны яму за дапамогу».

Падчас будаўнічых работ выявілася, што ў канцы ХІХ стагоддзя будынак у Людвінове перажыў моцны пажар. На старых аконных рамах захаваліся сляды ад агню. Гаспадар вырашыў захаваць іх, а мясцовы рамеснік ператварае рамы ў прыгожыя люстры. Выглядае прыгожа і аўтэнтычна. Так стары матэрыял выконвае новую функцыю і нагадвае гісторыю будынка.

Клас
75
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
6
Абуральна
8