radish salad

Салата з радыскай. Фота: Freepik.com

Галоўнага героя гэтай стравы — радыску — часта абмінаюць належнай увагай, хоць яна ўтрымлівае вялікую колькасць карысных мікраэлементаў. У нашых шыротах радыска папулярная ў канцы вясны, аднак цяплічную і прывазную гародніну можна знайсці ў супермаркеце і зараз.

Тонка нарэзаныя радыску і зялёную цыбулю (асабліва калі ў вас цыбуля-шалот) спачатку лепш ненадоўга замачыць у салёнай вадзе — гэта добры спосаб зрабіць радыску менш вострай і крыху змякчыць смак сырой цыбулі. Потым гародніну трэба заправіць ёгуртам ці смятанай і, калі любіце ды маеце, дадаць да яе зеляніну. Пасуе як спалучэнне свежай мяты і кропу (па 2 сталовыя лыжкі кожнага), так і базілік, кінза.

Для салаты спатрэбяцца:

  • соль і чорны перац,
  • 600—700 г нарэзанай радыскі,
  • зялёная цыбуля,
  • ёгурт без дабавак або смятана,
  • 2 сталовыя лыжкі свежавыціснутага лімоннага соку,
  • нарэзаная свежая зеляніна — гэта можа быць кроп, мята, базілік, каляндра ці любая іншая зеляніна з мяккім смакам.
  1. У вялікай місцы змяшайце 3 шклянкі халоднай вады і 2 чайныя лыжкі солі — да растварэння. Дадайце радыску і цыбулю; дайце пастаяць 15 хвілін.
  2. Адкіньце радыску і цыбулю на друшляк. Вытрыце міску насуха і змяшайце ў ёй ёгурт і лімонны сок. Дадайце асушаную радыску і цыбулю, кроп і мяту. Змяшайце, пасаліце і паперчыце.

Іншыя варыянты рэцэпта і дробныя сакрэты:

  • смятана замест грэцкага ёгурту робіць салату больш сметанковай на смак;
  • выкарыстоўвайце нарэзаную зялёную цыбулю замест цыбулі-шалот для больш мяккага смаку (у такім выпадку цыбулю ў халоднай вадзе можна і не замочваць);
  • можна замяніць шалот чырвонай цыбуляй і дадаць маладую кінзу замест кропу;
  • можна дадаць тонка нарэзаны агурок;
  • трохі аліўкавага алею будзе таксама вельмі дарэчы;
  • дадайце раскрышаны казіны сыр для больш крэмавай тэкстуры і прысмаку. 
Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2