Даследчыкі пад кіраўніцтвам доктара Мелані Болбах з Медыцынскага каледжа Вэйл Корнэл у Нью-Ёрку пры падтрымцы нацыянальных інстытутаў аховы здароўя ЗША, якія апублікавалі працу ў часопісе Nature Communications, заявілі, што ў будучыні мужчыны змогуць прымаць гэты кантрацэптыў непасрэдна перад сэксуальнай актыўнасцю, і іх фертыльнасць будзе адноўленая ўжо на наступны дзень.

Даследчыкі выявілі, што рэчыва TDI-11861 паралізуе сперматазоіды і перашкаджае іх паспяванню, не парушаючы пры гэтым палавую функцыю.

Гэта рэчыва часова дэактывуе фермент, які жыццёва важны для таго, каб сперматазоіды маглі «плаваць» і спець, прайсці праз жаночы рэпрадуктыўны тракт і апладніць яйцаклетку.

Як паказалі эксперыменты, хоць самцы мышэй, якім давалі гэта рэчыва, некалькі разоў спарваліся з самкамі, цяжарнасць не надыходзіла. Пабочных эфектаў таксама не назіралася ні ў самцоў, ні ў іх самак. Прыкладна праз тры гадзіны дзеянне рэчыва слабла, і самцы грызуноў аднаўлялі сваю фертыльнасць.

Галоўная выснова даследавання ў тым, што «растваральныя інгібітары адэнілатцыклазы патэнцыйна могуць стаць бяспечным, даступным у любы час, негарманальным і абарачальным аральным кантрацэптывам для мужчын».

На сёння метады мужчынскай кантрацэпцыі абмяжоўваюцца выкарыстаннем прэзерватываў і хірургічнай стэрылізацыяй з дапамогай вазэктаміі. Спробы распрацаваць мужчынскія кантрацэптывы ў форме таблетак да гэтага часу стрымліваліся нізкай эфектыўнасцю, павольным дзеяннем або пабочнымі эфектамі.

Новае рэчыва дае вялікія надзеі, але яго яшчэ трэба будзе выпрабаваць на людзях.

Эфектыўнасць кантрацэптыву, выпрабаванага на жывёлах, склала 100% на працягу першых дзвюх гадзін пасля прыёму і 91% на працягу першых трох гадзін.

Вяртанне фертыльнасці ў мужчын заўсёды завяршалася на працягу 24 гадзін. Пасля бесперапыннага прыёму рэчыва (ін'екцыйна або пераральна) цягам шасці тыдняў пабочных эфектаў не назіралася.

Чытайце таксама:

Даследчыкі выявілі яшчэ адзін карысны эфект ад «Віягры» 

Дзяржава для народа: у Францыі прэзерватывы зробяць бясплатнымі для моладзі ад 18 да 25

«Муж сам папаўняе калекцыю». Беларускі расказалі, як у іх ложку з’явіліся сэкс-цацкі і якія

Клас
17
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
2