Валерый Залужны, галоўнакамандуючы ўкраінскай арміяй. AP Photo / Efrem Lukatsky

Валерый Залужны, галоўнакамандуючы ўкраінскай арміяй. AP Photo / Efrem Lukatsky

Вядома, заявы адносна таго, што ўсё можа быць вырашана ўжо ў гэтым годзе, выглядаюць занадта аптымістычнымі і наўрад ці стануць рэальнасцю. Але ў цэлым тэндэнцыя пакуль такая, што Расія, хутчэй за ўсё, пацерпіць у гэтай вайне паразу. 

Зрэшты, у глабальным сэнсе яна яе ўжо пацярпела, бо цяжка ўявіць, што можа адбыцца, каб расіянам удалося дасягнуць тых мэтаў, якія Пуцін ставіў перад пачаткам вайны. Ні пра якую «дэмілітарызацыю» і «дэнацыфікацыю» Украіны (чытай поўны яе захоп і ператварэнне ў расійскага сатэліта) гаворкі ўжо не вядзецца нават у афіцыйных заявах Крамля. Пытанне толькі ў тым, ці ўтрымае Расія ўрэшце пад кантролем не толькі частку свежазахопленых земляў поўдня і ўсходу Украіны, але таксама тэрыторыі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» у перадваенных межах ды нават анексаваны яшчэ ў 2014 годзе Крым. 

Помнік Святому Уладзіміру на беразе Дняпра ў Кіеве

Помнік Святому Уладзіміру на беразе Дняпра ў Кіеве

Поспехі УСУ і няўдачы пуцінскага войска з энтузіязмам вітаюцца дэмакратычнай часткай беларускай грамадскасці і з імі натуральным чынам звязваюцца спадзяванні на пазітыўныя змены і нашай уласнай долі, якая стала невыноснай з-за палітыкі няспыннага дзяржаўнага гвалту і вынішчэння ў Беларусі ўсяго жывога, якая паслядоўна праводзіцца рэжымам Лукашэнкі апошнія два гады з лішкам. Але ў многіх ёсць і песімізм: 

маўляў, Украіна та вызваліцца, але нам ад гэтага лягчэй не стане. Наадварот, пацярпеўшы паразу ва Украіне, Пуцін яўна захоча ўзяць рэванш на нечым іншым, і найбольш відавочная мішэнь — Беларусь, якую можна пад гэтай маркай фармальна анексаваць. І хто гэтаму зможа нешта супрацьпаставіць, калі Лукашэнка цвёрдай рукой трымае ўсё пад кантролем, а калі нехта падыме галаву — па ёй адразу б’юць?

Скептыцызм выклікае ў многіх і тая думка, што нібыта вызвалення Беларусі можна дасягнуць праз умяшанне міжнароднага чынніка. 

Звычайна для аргументацыі такой пазіцыі выкарыстоўваецца пафасная фраза, што, маўляў, вызваліць Беларусь могуць толькі самі беларусы, а чакаць, што гэта можа адбыцца праз умяшанне звонку — наіўнасць і інфантылізм. 

Аднак такое сцвярджэнне мае пад сабой грунт толькі часткова. Неабходнасці весці змаганне з рэжымам даступнымі метадамі самімі беларусамі, вядома, нішто не адмяняе, але гэта ніяк не супярэчыць таму, што вельмі многія народы ў сваёй гісторыі сутыкаліся з сітуацыяй, калі іх унутраная барацьба не магла быць паспяховай без адначасовага падключэння знешняга чынніка ў самых розных формах. Нават такая вялікая і моцная дзяржава, як Францыя, у канцы Другой сусветнай вайны была вызваленая перадусім дзякуючы перамогам саюзнікаў, а не толькі сіламі ўнутранага супраціву. 

І вось акурат на цяперашнім этапе гісторыі мы знаходзімся ў такой сітуацыі, калі знешні чыннік ніяк не менш, а нават і больш уплывае на нашу будучыню, чым унутраны. Нічога добрага ў гэтым, вядома няма, але няма нічога і асабліва ганебнага, бо ў сусветнай гісторыі такі выпадак зусім не ўнікальны. 

Таму трэба ўспрымаць тую сітуацыю, у якой мы воляй лёсу апынуліся, як дадзенасць, і ўжо цяпер ацэньваць, якім чынам вызваленне Украіны можа прывесці да вызвалення Беларусі і якія фактары на гэта могуць ці нават павінны паўплываць. 

Трэба сказаць, што аўтар гэтага артыкула не прэтэндуе на лаўры вешчай Касандры. Дару яснабачання ён зусім не мае і прызнае, што з абсалютнай дакладнасцю прагназаваць наступны ход падзей вельмі цяжка, калі магчыма ўвогуле. Бо ход гэты залежыць ад вельмі многіх фактараў, кожны з якіх можа змяніць базавыя ўмовы і, адпаведна, верагоднасць развіцця падзей. 

Напрыклад, надзвычай важна, ці ўступіць беларускі рэжым у гэтую вайну паўнамаштабна, з не толькі наданнем расіянам тэрыторыі краіны ў якасці плацдарма, але і з непасрэдным удзелам беларускай арміі. 

Калі беларуская армія ў вайну ўступае, то гэта азначае, што палітычных стрымак з боку ўкраінцаў для таго, каб атакаваць і беларускую тэрыторыю, больш не застаецца. Значыць, яны будуць гэта рабіць пры любым зручным выпадку, калі гэта будзе дыктаваць ваенная неабходнасць. 

Такі ўдзел у вайне, несумненна, будзе нам каштаваць шматлікіх ахвяраў рознага кшталту, хоць, з другога боку, можа амаль гарантаваць тое, што рэжыму Лукашэнкі не застанецца месца ў пасляваенных раскладах — украінцы і Захад будуць зацікаўленыя ў яго зрынанні, нават калі для гэтага давядзецца непасрэдна прымяніць ваенную інтэрвенцыю. 

У адрозненне ад Расіі, Беларусь — не такая вялікая краіна, і часова акупаваць яе ваенным шляхам — зусім не невыканальная задача. Тым больш, што ў падтрымку рэжыму Лукашэнкі па зразумелых прычынах яўна не разгорнецца маштабны партызанскі рух. 

Але, бадай, лепш разгледзець іншы варыянт, які пакуль што выглядае больш верагодным — што Лукашэнка так да канца і пратрымаецца, у вайну канчаткова не ўступіўшы і захаваўшы армію. А ваенныя дзеянні працягнуцца там, дзе яны ідуць і цяпер — на ўсходзе і поўдні Украіны. І тут таксама магчымыя самыя розныя сцэнарыі, адны з якіх нас могуць абнадзейваць, а іншыя — зусім не.

Найбольш кепскі і трагічны не толькі для нас варыянт — гэта калі Расіі ўдасца стабілізаваць фронт і ператварыць вайну ў зацяжную ды пазіцыйную, прыкладна такую, якой яна была да лютага 2022 года на Данбасе. Калі расіянам удасца не толькі не аддаць Крым і тэрыторыі «ДНР» і «ЛНР» у межах да пачатку вайны, але і захаваць прынамсі тое-сёе са свежаанексаванага. А да гэтага і зацэментаваць і закансерваваць рэжым на канстытуцыйнай тэрыторыі Расіі, канчаткова прыстасоўваючыся жыць у самаізаляцыі.

Калі ў Еўропе ў выніку такой раўнавагі бакоў створыцца новая «жалезная заслона», то пры такім варыянце Беларусь з Лукашэнкам на чале непазбежна апынецца па той яе бок, дзе і Расія. З усім, што з таго вынікае. І чаканне зменаў можа тады для нас расцягнуцца на неакрэслена працяглы перыяд. 

Можа такое быць? У прынцыпе, так. Ці найбольш верагодны гэта варыянт? Хутчэй за ўсё, не, перадусім таму, што Украіна не адна, за ёй стаіць увесь заходні свет, які, як паказала практыка, у тэхналагічным плане больш прасунуты, яго зброя больш сучасная і ён гатовы ёй дзяліцца з Украінай. Можа, не так хутка і не ў той колькасці і якасці, як хацелася б, але ўсё ж дзеліцца. І Захад ужо ўклаў у гэтую падтрымку такія аграмадныя сродкі ды рэсурсы, што малаверагодна, каб ён мог узяць і проста спыніцца, дапусціўшы няпройгрыш Пуціным гэтай вайны. 

Рубікон тут пяройдзены, і заходнія палітыкі самі ўсё часцей і рэгулярна пра гэта гавораць адкрытым тэкстам — што будуць, па-першае, падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца, па-другое — што Пуцін не павінен перамагчы, а па-трэцяе — што перамагчы павінна Украіна.

Калі ж дзеянні УСУ на ўсходзе і поўдні Украіны будуць пры заходняй падтрымцы развівацца ў адпаведнасці з самымі смелымі ці хоць бы проста аптымістычнымі планамі і прагнозамі, то трэба спадзявацца, што ўжо ў нейкай агляднай перспектыве ўкраінскія войскі вызваляць не толькі тое, што пуцінскім генералам удалося захапіць у 2022 годзе, але таксама захопленыя ў 2014—2015 гадах тэрыторыі ўкраінскага Данбаса, і нават «святую карову» цяперашняга расійскага імперыялізму — украінскі паўвостраў Крым.

Фота: AP

Фота: AP

Не трэба быць вялікім прарокам, каб меркаваць, што менавіта неабходнасць пакінуць Крым можа стаць для Расіі і пуцінскага рэжыму пераломным пунктам. Бо для расіян валоданне менавіта гэтым паўвостравам мае асаблівае значэнне. 

Мы памятаем пра «крымскі кансэнсус» 2014 года: да якіх завоблачных вышыняў узрос тады рэйтынг Пуціна, як з-за далучэння паўвострава рабіліся «дзяржаўнікамі» нават, здавалася б, непрымірымыя да гэтага крытыкі ўлады. Усё гэта не толькі прапагандысцкая карцінка: у сучаснай расійскай масавай свядомасці Крым — безумоўна «свая» тэрыторыя, і яго страта будзе ўспрынятая нашмат больш балюча, чым Херсон і нават Данбас. 

Менавіта поспех украінскай аперацыі па вяртанні Крыма можа запусціць многія ўнутрырасійскія працэсы, якія будуць уплываць і на фармаванне новага сусветнага парадку. У той жа час і небяспека прымянення Расіяй ядзернай зброі, відаць, стане найбольшай у той момант, калі УСУ пачнуць адбіваць гэты паўвостраў. Калі ядзернай вайны ўдасца пазбегнуць у той момант, то далей яна робіцца ўжо куды менш верагоднай.

Заходнія дзяржавы часта прынята лаяць за нерашучасць і схільнасць да згодніцтва з Пуціным. Маўляў, усе яны аплеценыя павуціннем эканамічных інтарэсаў, там квітнее крамлёўскі лабізм і адзіная мара заходніх палітыкаў — каб неяк цяперашнюю сітуацыю замяць, улагодзіць і зноў выйсці на партнёрства з Масквой, толькі крыху паставіўшы Пуціна на месца, бо ён зарваўся. І менавіта з гэтым, маўляў, звязаныя і затрымкі з пастаўкамі ўзбраенняў, і тым больш нежаданне непасрэднага ўступлення ў вайну войскаў самога НАТА. 

Вядома, пэўнай рацыі, асабліва на першых этапах вайны, такая логіка была не пазбаўленая, але цяпер, здаецца, усё ж ваганні скончыліся і стаўка зробленая адназначна на давядзенне да краху цяперашняга расійскага рэжыму. 

Аднак застаецца пытанне, як гэта рабіць так, каб пазбегнуць найгоршага сцэнарыя для ўсяго свету. Такі сцэнарый — Трэцяя сусветная вайна з выкарыстаннем ядзернай зброі. Апошні фактар найбольш важны. 

Наяўнасць у краіны-агрэсара ядзернага арсеналу — тое, што прынцыпова адрознівае цяперашнюю сітуацыю ад ранейшых. 

Увесь апошні год мы бачым, наколькі акуратна дзейнічаюць заходнія палітыкі: нягледзячы на тое, што яны цвёрда падтрымліваюць Украіну, прытым, што важна, не толькі словамі, але і справай, яны, тым не менш, стараюцца не рабіць вельмі рэзкіх крокаў і не паліць мастоў. Зброя ўкраінцам даецца паступова і пад пэўнымі абмежавальнымі ўмовамі, рыторыка хоць і цвёрдая, але адносна стрыманая, вокны для перамоваў не зачыняюцца — карацей, усё нацэлена на тое, каб перамагчы Расію, пазбегнуўшы магчымай ядзернай вайны. І прынамсі пакуль што гэта ўдаецца. 

Перадусім з-за наяўнасці ў Расіі ядзернай зброі наўрад ці варта чакаць, што гэтая вайна скончыцца паводле сцэнарыя Другой сусветнай: узяццем Масквы, усталяваннем украінскага сцяга на крамлёўскай вежы і далейшым падзелам Расіі на зоны акупацыі з наступным вызначэннем іх лёсу не знутры, а звонку. 

Банальную акупацыю Расіі складана ўявіць таксама і з-за занадта вялікай расійскай тэрыторыі, на якой у свой час спатыкнуліся Напалеон і Гітлер: можна заняць нават вельмі шмат рэгіёнаў, але расіянам усё адно ёсць куды адступаць, тым больш што і разлічваць на адкрыццё другога фронту на ўсходзе ў гэтым выпадку не выпадае. Добра, калі той жа Кітай прынамсі захавае нейтралітэт.

Беларускія байцы-«каліноўцы». Фота: @BelWarrior

Беларускія байцы-«каліноўцы». Фота: @BelWarrior

Таму стаўка Захаду цяпер, як выглядае, — перадусім на знясільванне Расіі і на стымуляванне ў ёй на фоне ваенных няўдач і стомленасці ад вайны ўнутраных працэсаў, якія мусяць прывесці да змены ўлады ў Маскве і гатоўнасці новай расійскай вярхушкі да перамоваў. 

Вядома, нярэдка чуваць галасы, што Расія такая краіна, што ніхто нармальны там прыйсці да ўлады не можа — кожны, хто прыйдзе, будзе настроены змагацца за «рускі мір» далей, таму адхіленне Пуціна нічога не мяняла б, вайна працягвалася б. 

І з гэтым можна было б пагадзіцца, каб вайна складвалася паспяхова. Але калі ты прайграеш і патрабуеш часу ды спакою, каб аднавіць сілы, залізаць раны ды зноў пачаць атаку, то хоцькі-няхоцькі мусіш наступаць на горла ўласнай песні, якім бы ні быў імперыялістам. 

Так было, напрыклад, пасля рэвалюцыі 1917 года ў Расіі, выкліканай ці не ў першую чаргу стомленасцю грамадства ад вайны і ўпэўненасцю, што яе трэба заканчваць. Часовы ўрад, па-вялікім рахунку, і пагарэў з-за таго, што не знайшоў волі спыніць вайну, перадусім з-за таго, што меў абавязкі перад заходнімі саюзнікамі. А вось Ленін, прыйшоўшы на гэтай хвалі да ўлады, добра разумеў, што выходзіць з нікому не патрэбнай вайны трэба неадкладна і любой цаной, каб мець развязаныя рукі на вайну з «унутранай контррэвалюцыяй». І заключыў нават «пахабны» Брэсцкі мір, ахвяраваўшы вялікімі тэрыторыямі на захадзе.

Сённяшняя ж Расія вельмі залежная ад Захаду ў самых розных сферах. І колькі б расійскае кіраўніцтва ні храбрылася і ні кідала публічныя панты, што нам усё адно, ёсць санкцыі ці няма — яны ўсё ж вельмі ўплываюць і руйнуюць расійскую эканоміку. І нават каб назапасіць новых сілаў для спробы ўзяцця рэваншу — патрэбны час і доступ да заходніх тэхналогій. 

Дзмітрый Мядзведзеў на заводзе з сістэмы ВПК у Омску. Фота: Ekaterina Shtukina, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Дзмітрый Мядзведзеў на заводзе з сістэмы ВПК у Омску. Фота: Ekaterina Shtukina, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Таму, калі расійская вярхушка пазбавіцца ад Пуціна і здолее прынамсі збольшага ўтрымаць кантроль над краінай, то наўрад ці яна будзе настроеная працягваць вайну, якая складваецца так няўдала, далей. Не з-за ўласнай міралюбнасці, вядома, і тым больш гуманістычнасці — наўрад ці ў сучасным расійскім грамадстве здольныя прыйсці да ўлады ідэйныя дэмакраты. Проста не ўсё залежыць ад уласных жаданняў, ёсць і аб’ектыўныя абставіны. 

І калі аказалася, што да такой вайны Расія зусім не гатовая і хутка ўзмацніць яе гатоўнасць на гэты момант магчымасці няма, то лагічна, што трэба з гэтай вайны хутчэй выходзіць і пачынаць займацца ўнутранымі справамі, не чакаючы, пакуль усё пойдзе ўразнос. 

Тым больш, што ўсцяж несеныя ахвяры і выдаткі на вайну, якія кладуцца цяжарам на насельніцтва, пры гэтым без натхняльнага выніку ў выглядзе бліскучых перамог, непазбежна будуць рабіць яе ўсё менш папулярнай. Найвідавочнейшая гістарычная аналогія — ужо згаданая вышэй Першая сусветная вайна.

У такіх умовах, калі на тым баку не супраць таго, каб пагаварыць і, калі магчыма, дамовіцца пра новыя правілы сужыцця, то чаму б не пагаварыць і не дамовіцца? 

Праўда, гэтыя правілы сужыцця ранейшымі быць аб’ектыўна ўжо не могуць. 2022 год памяняў усё кардынальна. Нягледзячы на тое, што Захад страшна не хацеў выходзіць з наезджанай каляіны і радыкальна пераглядаць адносіны з Масквой, ад якой да таго ж некаторыя краіны Еўрасаюза апынуліся ў крытычнай энергетычнай залежнасці, Пуцін сваім нападам на Украіну і ўкраінскі народ сваім гераічным супрацівам не пакінулі яму выбару. 

І цяпер ужо дакладна можна сказаць, што так, як раней не будзе, чарговы раз фактычна ўсё замяць і «перагарнуць старонку», як гэта адбылося пасля анексіі Крыма і развязвання вайны на Данбасе ў 2014 годзе, больш аб’ектыўна не атрымаецца.

Развязаная Пуціным паўнамаштабная вайна мусіць канчаткова прывесці да дасягнення пастаўленай ім мэты, адно што толькі зусім не з тым вынікам, да якога расійскі лідар імкнуўся. 

Маецца на ўвазе непазбежны перагляд усёй сістэмы міжнароднай бяспекі ў рэгіёне і змена ў гэтым ролі Расіі. 

Сваёй авантурай Пуцін канчаткова пахаваў ужо і раней моцна падупалы імідж Расіі як хай сабе капрызнага, але партнёра. Аднаўленне нейкіх адносін, вядома, з часам будзе, але той крэдыт даверу, які мела ў вачах заходнікаў Расія ельцынскага часу і якім па інерцыі доўгі час карыстаўся і пуцінскі рэжым, растрачаны незваротна. 

І гэта яўна будзе вісець над будучымі міжнароднымі адносінамі нават у тым на практыцы надзвычай малаверагодным выпадку, калі пасляпуцінскую Расію ўзначаляць дэмакратычныя празаходнія сілы. Бо ва ўмовах дэмакратыі сёння яны ёсць, а калі заўтра шляхам свабодных выбараў зноў прыйдуць «нацыянал-патрыёты» з рэваншысцкімі намерамі? 

Таму нават калі ўлада ў Крамлі зменіцца на больш адэкватную, настроеную на аднаўленне спаленых мастоў з заходнім светам, усё адно, прайшоўшы праз горкі досвед, аб’яднаная Еўропа мусіць далей надаваць непараўнальна больш увагі ўмацаванню сістэмы бяспекі на сваіх усходніх межах — з улікам таго, што Маскве давяраць больш нельга. Тым больш калі Расія не пройдзе дэнацыфікацыі ці дэмілітарызацыі (ці дэрашызацыі, калі выводзіць ад папулярнага цяпер тэрміну «рашызм») паводле пасляваеннага нямецкага ці японскага ўзору. 

Адпаведна, і пытанні, выстаўленыя на будучых мірных перамовах на абмеркаванне, будуць тычыцца не толькі Украіны, але і ўсёй сістэмы еўрапейскай бяспекі. А таму на іх абавязкова мусіць быць паднятае пытанне будучыні Беларусі. Перадусім на гэтым будуць настойваць тыя краіны, якія непасрэдна з Расіяй ды Беларуссю мяжуюць і найперш падвяргаюцца небяспецы.

Чаму без гэтага не абыдзецца? Бо тэрыторыя Беларусі ў ваенным плане стратэгічная. Без яе выкарыстання быў наўрад ці магчымы такі пачатак вайны, які ён быў, з наступленнем расійскіх войскаў непасрэдна на Кіеў. Ды і ракеты ў некаторыя ўкраінскія рэгіёны з яе кідаць зручней, чым з іншых месцаў. А наша краіна ж мяжуе не толькі з Украінай, але і з краінамі НАТА — Польшчай, Літвой, Латвіяй. 

Ад беларускай мяжы да Варшавы — тыя ж прыблізна 200 кіламетраў, што і да Кіева, да Вільні ж увогуле 40 кіламетраў. Таму пагаджацца пераможцам на тое, каб гэтая тэрыторыя заставалася пад кантролем Масквы, было б, мякка кажучы, непрадбачліва. 

Пра тое, што ў заходнім свеце цудоўна разумеюць важнасць Беларусі і не збіраюцца яе кідаць на волю лёсу, выразна сведчыць той факт, што ўжо два з паловай гады на самым высокім узроўні ў заходніх сталіцах працягваюць прымаць Святлану Ціханоўскую, і пасля пачатку вайны інтэнсіўнасць яе сустрэч ніяк не спала. Гэта не выпадкова: 

тым самым усцяж падкрэсліваецца, што беларускае пытанне ў вачах краін Захаду не з’яўляецца вырашаным і цяперашняе кіраўніцтва Беларусі для іх не ёсць легітымным. І гэты факт мае ў пэўны час аказаць свой уплыў.

Пры любых перамовах з Масквой пытанне нелегітымнасці беларускага кіраўніцтва будзе пастаўленае рубам, і яно дасць магчымасць прапанаваць магчымасць вырашэння праблемы нават без моцнага фармальнага прыніжэння Крамля. Маўляў, мы не настойваем на тым, каб Беларусь абавязкова рвала сувязі з Масквой, але рашэнне адносна гэтага павінен прыняць беларускі народ. А каб народ мог прадэманстраваць сваю волю, неабходнае правядзенне новых, не бутафорскіх выбараў. 

Пуцінская даваенная Расія з такога патрабавання пакпіла і пасмяялася б, а вось Крамлю, які пацярпеў ваенную паразу і заклапочаны тым, каб выграбацца з той сітуацыі, у якую сам сябе загнаў, хутчэй за ўсё, так сябе паводзіць ужо будзе праблематычна, і ён вымушаны будзе ісці на саступкі ў другасным, каб захаваць галоўнае. Захаванне ж улады Лукашэнкам — справа яўна другасная, калі на коне ўлада твая ўласная. Не да парасяці свінні, калі яе смаляць.

А што пры гэтым Лукашэнка? Надзвычай наіўна было б разлічваць на тое, што ён можа паддацца на нейкія заходнія ультыматумы і сам пад іх уплывам адмовіцца ад сваёй улады. Папярэднія дзесяцігоддзі засведчылі, што неабмежаваная ўлада для яго — найвышэйшая каштоўнасць, без якой ён жыцця не ўяўляе. І трымацца за яе будзе літаральна да апошняга, нават не маючы знешняй падтрымкі. Тым больш, што і яму асабіста, і яго сям’і, і найбольш задзейнічанай у рэпрэсіях частцы атачэння дзецца ўжо няма куды, усе масты за апошнія два гады спаленыя. 

Безумоўна, добраахвотна Лукашэнка не сыдзе нават пры самай неспрыяльнай для яго сітуацыі.

Але трымацца пры поўнай падтрымцы Масквы і трымацца ва ўмовах, калі дзеля сваіх шкурных інтарэсаў тая пагадзілася ім ахвяраваць — вялікая розніца. У такіх умовах цвёрда разлічваць, што сістэма, якая крыху пахіснулася, але выстаяла ў 2020 годзе, не дасць гэтым разам больш грунтоўную трэшчыну, ніяк не выпадае. Тым больш сістэма, у якой няма жывой ідэалогіі і якая відавочна не мае падтрымкі з боку актыўнай часткі насельніцтва. 

Прытым ва ўмовах, калі Захадам могуць цалкам сур’ёзна ставіцца нават ультыматумы аб гатоўнасці, у выпадку адмовы сысці мірна, прымянення і вайсковай сілы. 

На ўкраінска-беларускай мяжы

На ўкраінска-беларускай мяжы

У новых абставінах Захад як пераможца ў вайне яўна будзе мець магчымасць дзейнічаць максімальна рашуча ды непахісна калі не ў дачыненні да вялікай ядзернай дзяржавы, то прынамсі да дробнага дыктатара на сваіх межах, якога нават спрабаваць упісваць у новую канфігурацыю — азначае падкладаць пад яе новую бомбу. 

Такая сітуацыя не абавязкова складзецца, але яна можа скласціся. І менавіта ў гэтым можа быць вялікі шанец для нас, чарговае акно магчымасцяў. Мы самі, насамрэч, маем не так шмат механізмаў, каб час яго з’яўлення прыспешыць — сітуацыю фармуюць перадусім фактары, мала залежныя непасрэдна ад нас. 

Святлана Ціханоўская падчас выступлення ў Камітэце па знешніх справах Еўрапарламента

Святлана Ціханоўская падчас выступлення ў Камітэце па знешніх справах Еўрапарламента

Але ў той жа час мусім і ўнутры краіны, і вонкі рыхтавацца, каб патэнцыйнае акно магчымасцяў скарыстаць. Задача-мінімум — не заглыбляцца ва ўнутраныя сваркі і захоўваць суб’ектнасць, дасягнутую па выніках 2020 года. Шмат можа залежаць і ад узроўню нашай згуртаванасці. 

Чытайце таксама:

«Лукашэнка занадта «палітычная жывёліна», каб звяртаць увагу на такія дробязі». Украінская рыторыка і беларуская рэакцыя

«Логіка ўкраінцаў адносна санкцый супраць лукашэнкаўцаў — у беларускіх інтарэсах таксама»

Ці праўда, што беларусы носяць у сабе «гены рабства», а ўкраінцы вальналюбцы ад прыроды?

Клас
111
Панылы сорам
12
Ха-ха
11
Ого
3
Сумна
9
Абуральна
28