Cuddle Party, або кадлы (ад англ. cuddle «прыціснуцца», «абняць») — гэта цялесна арыентаваныя сустрэчы з тэрапеўтычным эфектам, на якіх незнаёмыя людзі абдымаюць і кранаюць адзін аднаго без сэксуальнага падтэксту. Па словах арганізатараў, так удзельнікі вучацца разумець, як уладкаваная дыстанцыя паміж людзьмі.

Cuddle Party прыдумалі ў ЗША на пачатку 2000-х, цяпер такія сустрэчы праходзяць па ўсім свеце: у Германіі, Аўстраліі, Даніі, Англіі, Швецыі, Расіі і цяпер у Беларусі.

Сёння ў свеце існуе цэлая кадл-супольнасць, з дапамогай якой можна атрымаць сертыфікат трэнера па абдымках, які сведчыць, што чалавек умее мадэраваць кадл-практыкі.

З чаго ўсё пачалося ў Беларусі

— Марыя Зобіна — першая, хто арганізаваў вечарынкі ў Маскве. Я была адной з тых, хто купіў у яе навучанне, каб пачаць рабіць кадл-паці ў сябе ў горадзе», — распавядае Міра, арганізатарка кадлаў у Беларусі. — Вясной 2020-га я прачытала водгук аднаго з псіхолагаў, які схадзіў на кадл. Пазначыла сабе, што такое ёсць і што я б таксама хацела схадзіць. А восенню 2020-га ўжо зрабіла яго сама ў Гомелі, таму што мне не хапала бяспечнага месца, дзе можна было б забыцца пра тое, што адбываецца і проста атрымаць асалоду ад таго, што побач жывыя цёплыя людзі.

— Памятаеш першы кадл, які ты зладзіла?

— Так, пасля таго, як я запісалася на навучальны семінар, пачалася рассылка, з якой я засынала і прачыналася, пошук памяшкання, ліхаманкавы збор плэй-ліста. Я аздобіла памяшканне, пасадзіла людзей, якія прыйшлі, у кола, і расказала правілы.

А выдыхнула толькі тады, калі ўткнулася носам у шыю хлопца. Ён пах адрэналінам і жывёльным жаданнем. Увесь кадл мы проста ляжалі разам: ён гладзіў мяне па валасах, я слухала яго таямнічыя гісторыі пра зданяў. А потым прыехала дадому і яшчэ пяць гадзін не магла заснуць — дафамін бушаваў у крыві. Я падсела на гэтыя эмоцыі з першага разу і назаўжды.

— А як праходзяць гэтыя сустрэчы?

— Мерапрыемства доўжыцца 4 гадзіны і мае сваю структуру: мы знаёмімся ў коле, прагаворваем правілы, медытуем. Потым ідуць практыкаванні ў парах на цялесны кантакт, калі знаёмішся з іншымі ўдзельнікамі навобмацак, каб да «свабоднай часткі» лепш разумець, з кім хочаш пакантактаваць. Потым ідзе так званая «свабодная частка», дзе можна кантактаваць з кім заўгодна і як заўгодна ў рамках правілаў. І рэфлексія.

Кадл-вечарынка ў Нью-Ёрку

Пра правілы вечарынкі: ніякага сэксу, пацалункаў і алкаголю

— У кадл-сустрэч ёсць нейкія правілы?

— Так. І за іх парушэнне чалавек можа быць выключаны. Гэта дапамагае захаваць бяспечную і цёплую атмасферу. Напрыклад, на сустрэчах забаронена сыходзіць у сэксуальны кантакт: сэкс — гэта добра, але ў кадл-паці іншы настрой, мы пра пяшчоту, чуллівасць, цёплыя абдымкі і пагладжванні, клапатлівыя дотыкі, па-дзіцячы гуллівыя ўзаемадзеянні і кашэчыя купкі, калі шмат-шмат людзей ляжаць усе разам і не разумеюць, дзе чыя рука, дзе чыя нага.

Гэта значыць, у нас забаронена цалавацца ў вусны, распранацца і дакранацца да інтымных месцаў, нават калі вы прыйшлі са сваім партнёрам, таму што вашы адкрытыя ўзаемадзеянні могуць збянтэжыць іншых удзельнікаў, таму пакіньце іх да канца мерапрыемства.

Гэта нармальна, калі вы раптам узбудзіцеся. Проста растлумачце чалавеку, што з вамі адбываецца, і перапыніце кантакт, пераключыўшы сваю ўвагу на нешта іншае — паглядзіце ў акно, запарце чаю, падыдзіце пабалбатаць са мной або іншым удзельнікам.

Важна заўсёды пытацца пра згоду, перш чым закрануць іншага чалавека ці далучыцца да пары, якая ўжо ўзаемадзейнічае (часам людзі не хочуць кагосьці пускаць у свой кантакт, і гэта нармальна). Трэба паважаць чужую адмову і не ўспрымаць яе на свой рахунак.‌

Мы просім ашчадна ставіцца да любых сваіх пачуццяў: кадл на тое і створаны, каб там можна было ўголас расказаць пра свае перажыванні і быць прынятым у любым са сваіх станаў. І яшчэ: нельга выкарыстоўваць гаджэты, нельга адцягваць іншых удзельнікаў: для таго, каб заглыбіцца ў сябе і свае адчуванні, неабходная цішыня, не павінна быць ніякіх размоў, акрамя абмеркавання сваіх межаў. І важна быць абсалютна цвярозым або цвярозай.‌

— Зразумела. Як патэнцыйнаму ўдзельніку трэба падрыхтавацца да сустрэчы?

— З нагоды падрыхтоўкі я заўсёды высылаю ўдзельнікам памятку, дзе напісана, чаго лепш не рабіць перад кадлам і што браць з сабой.

Удзельнікам сустрэчы 11 лютага я рассылала такую памятку: «Не курыць за пару гадзін да сустрэчы, каб не было непрыемнага паху. Прыняць душ. Пачысціць зубы. Зняць у распранальні пярсцёнкі і бранзалеты: яны зніжаюць адчувальнасць да дакрананняў. Пакінуць там жа тэлефон — ён не спатрэбіцца падчас паці».

Я заўсёды прашу браць з сабой зручную і цёплую вопратку, цёплыя шкарпэткі для камфорту. У нас будзе чай, можна ўзяць з сабой прысмакі і садавіну.

Гэтым разам мерапрыемства будзе ў студыі, дзе ёсць ёга-дыванкі, але для зручнасці гэтага замала, таму можна прыносіць з сабой падушкі, пледы і мяккія цацкі. 

Чытайце таксама: 

Бляскі для павелічэння вуснаў, самы стойкі лайнер, ззяючы тон, ідэальны туш — сабралі галоўныя хіты беларускай касметыкі

«Амонавец пачаў каментаваць сваю знешнасць». Вось з якімі складанасцямі ў жыцці сутыкаюцца беларускі з вялікім памерам грудзей

Клас
18
Панылы сорам
6
Ха-ха
8
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
2