Зімовая раніца ў Новай Зеландыі. Фота: AP/Mark Baker, File

Зімовая раніца ў Новай Зеландыі. Фота: AP/Mark Baker, File

Ацэнку шанцаў выжыць ва ўмовах ядзернай зімы правялі навукоўцы з Новай Зеландыі. У сваёй працы даследнікі з Універсітэта Атага вывучылі ўздзеянне, якое акажа рэзкае зніжэнне сонечнай асветленасці з-за ядзернай вайны, магутнага вывяржэння вулкана або ўдару буйнога астэроіда на вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ў сусветным маштабе і ў Новай Зеландыі — у прыватнасці.

«У выніку поўнамаштабнай вайны Расіі з НАТА забруджванне атмасферы 150 тэраграмамі сажы (што адпавядае дэтанацыі большасці ўстановак з баявымі зарадамі ў свеце) здольна знізіць глабальную вытворчасць сельгаспрадукцыі на працягу некалькіх гадоў на 80% і прыкладна на 100% — у краінах паўночнага паўшар'я», — гаворыцца ў даследаванні.

Зыходзячы з таго, што па разліках у глабальных катаклізмах вышэйшыя шанцы выжыць у жыхароў астраўных дзяржаў, навукоўцы ўжылі вынікі свайго мадэлявання да 38 астраўных дзяржаў, ацаніўшы таксама рэгіянальныя фактары, здольныя супрацьстаяць уздзеянню ядзернай зімы.

Наступствы ядзернага канфлікту залежаць ад колькасці прымененых боезарадаў, іх мэт, колькасці попелу, выкінутага ў атмасферу, ад дзеяння чалавека ў адказ на гэтыя фактары. «Тут ёсць элемент выпадковасці і нявызначанасці, але тое, што разбуральныя наступствы ядзернай зімы будуць доўжыцца 5—10 гадоў, пацвярджаецца мадэльнымі даследаваннямі маштабнага ядзернага канфлікту ЗША і Расіі і меншых рэгіянальных ядзерных канфліктаў», — лічаць навукоўцы.

Разлікі паказалі, што ўсяго пяць астраўных дзяржаў — Новая Зеландыя, Аўстралія, Ісландыя, Вануату і Саламонавы Астравы — змогуць самастойна вырабляць дастаткова сельгаспрадукцыі, нягледзячы на зніжэнне тэмпературы атмасферы і сонечнай асветленасці.

Гэтыя высновы адпавядаюць вынікам даследаванняў 30-гадовай даўніны, нягледзячы на тое, што за мінулы час Новая Зеландыя стала больш залежная ад паставак з-за мяжы, у асноўным у дачыненні да дызельнага паліва, падкрэслілі навукоўцы.

Клас
2
Панылы сорам
4
Ха-ха
5
Ого
12
Сумна
11
Абуральна
3