«Варта пазначыць хобі, прафесію»

Марыне 23 гады. Ціндар яна спампавала тры гады таму, але не карысталася ім доўга. Ужо на другім спатканні дзяўчына пазнаёмілася з хлопцам, з якім у яе завязаліся адносіны. 

«Мы размаўлялі з сяброўкай, яна сказала, што ўсе ўжо карыстаюцца ціндарам, а ў мяне яго няма, трэба паспрабаваць. Спампавалі для забаўкі, проста каб пазнаёміцца з кімсьці, нават не для таго, каб пайсці на спатканне. Мне было цікава, як гэта працуе, якія там людзі.

Увогуле, я не адмаўляю варыянт, што, магчыма, такім чынам у мяне з’явяцца адносіны. Але знайсці іх у Tinder не было маёй мэтай», — расказвае яна. 

Па словах Марыны, у ціндары шмат неадэкватных хлопцаў. Таму яна перш за ўсё глядзела на апісанне, якое стаіць у чалавека ў профілі, і месца працы. 

«Калі там было напісана «крыптамайнер» ці «бізнэсмен», то не лайкала. Не падавалася такое рэальным. Мне падыходзяць людзі са сферы IT, медыцыны. Рэальныя прафесіі сведчаць пра тое, што сустрэнеш адэкватнага чалавека.

Важны фотаздымак. Але тут не пра знешнасць. А ў цэлым пра тое, ці прыемны табе чалавек. І апісанне таксама важнае. Калі пішуць «я самы лепшы» ці выстаўляюць патрабаванні, напрыклад, «рост 170, павінна ўмець гатаваць», то для мяне гэта адразу не», — расказвае яна. 

Марына кажа, што абіраць фотаздымак на застаўку ў ціндары варта ў залежнасці ад мэты. 

«Калі вы хочаце пазнаёміцца, схадзіць на спатканне, то лепш ставіць нейкі прыемны фотаздымак, з усмешкай, дзе добра відаць твар, — тлумачыць яна. — Калі мэта — сэкс, то зразумела, што падыходзяць больш адкрытыя фота. Але трэба разумець, што з такой застаўкай будуць адпаведныя запыты. 

У апісанні, мяркую, варта напісаць некалькі сваіх хобі, прафесію. Па гэтых параметрах можа здарыцца мэтч, і ў цэлым будзе зразумела, аб чым можна весці дыялог. Не лайкаю я хлопцаў, у якіх стаіць на застаўцы фота з голым торсам, з машынай, у рэстаране ды іншае.

У цэлым я на першым кроку стасункаў вельмі моцна адфільтроўвала людзей. Калі адразу з'яўляўся нейкі дыскамфорт, то выдаляла. Хаця з маім хлопцам усё было зусім не так. Ён мне нічога не напісаў, не расказаў пра сябе, але мне ён знешне здаўся прывабным, і я падумала, што чаму б і не», — кажа яна. 

«Калі ўзяць мужчыну 40 гадоў, то еўрапеец выглядае значна лепей, чым беларус»

Аляксандры 34 гады. Карыстацца Tinder жанчына пачала ў маі 2022-га. 

Дадатак ёй спампавала сяброўка, каб Аляксандра развеялася ў сумным горадзе. 

«Два разы ціндар выдаляла, бо мне неяк шмат пішуць. Можа быць, уплывае тое, што ў мяне платная версія дадатку. Яе першапачаткова падключала, каб глядзець, хто мяне лайкае.

Я цяпер знаходжуся ў адносінах на адлегласці. Напісала пра гэта ў ціндары, сябры сказалі, што гэта можа выглядаць дзіўна. Але не растлумачыш, што я там сяджу для забавы, вывучаю мужчын», — кажа Аляксандра. 

Жанчына пабачыла пэўную розніцу паміж мужчынамі з Еўропы і з краін СНД. 

«Па знешнасці, фотаздымках відаць, еўрапеец ён ці беларус. Нашы нашмат прасцей выглядаюць і горш.

У ціндары ў мяне стаіць узроставае абмежаванне — 38—43 гады. З маладымі я ўжо мела адносіны. Калі ўзяць мужчыну 40 гадоў, то еўрапеец выглядае значна лепей, чым беларус. Нейкая туга ў беларускіх мужчын у вачах. Калі на фотаздымках мужчына без усмешкі, то 90 працэнтаў, што ён з Беларусі ці з Расіі», — заўважае яна. 

Па словах Аляксандры, у перапісцы еўрапейцы больш інтэлігентныя.

«Першыя паведамленні звычайна цікавыя бываюць. «Прывітанне, што чуваць?» — такога не бывае ці бывае рэдка. За ўвесь час, напэўна, два толькі чалавекі, якія напісалі адразу: «Прывітанне, малышка» і «Ты аральны сэкс любіш?». Такіх выдаляю, нават не адказваю.

Яшчэ знайшла ў ціндары некалькіх знаёмых жанатых беларусаў. Некаторыя пры гэтым выкладваюць шчаслівыя фатаграфіі з жонкай у сацсетках», — дзеліцца яна. 

Не лайкае ў ціндары Аляксандра, напрыклад, мужчын, у якіх няма фотаздымка. 

«Тых, хто не ўсміхаецца, хто на фота з рыбай, з машынамі, з голым торсам. Шмат мужчын фатаграфуецца з рыбай. Наогул не разумею, што гэта за тэндэнцыя. Але заўважыла, што такія фотаздымкі толькі ў нашых.

Лайкаю, калі прыемная знешнасць, усміхаецца і ёсць некалькі фотаздымкаў, якія «не крычаць», што «я багаты, паспяховы».

Наогул магу даць параду не ісці ў ціндар, калі вы шукаеце нешта большае, чым проста забаўка і сэкс на адзін-два разы. Ведаю толькі два выключэнні. Ёсць знаёмыя, якія ажаніліся ў выніку з жанчынамі, з якімі пазнаёміліся ў Tinder. 

З цікавага — у мяне сяброўка таксама сядзіць у ціндары, часам мы лайкаем адных і тых жа мужчын, супадаюць пары, і глядзім, як яны будуць пісаць, ці ёсць нейкая розніца ў падыходах», — кажа яна.

Летам у Аляксандры здарыўся раман з хлопцам з ціндара. Ён быў першым, з кім жанчына пайшла на спатканне. 

«Гэта быў беларус, але потым аказаўся жанатым. У мяне табу на такіх, — кажа яна. —

Для мяне правальнае спатканне, калі ты прыходзіш, а ён адразу прапануе паехаць да яго. Такое ў мяне было адзін раз — у найбліжэйшых барах не было вольнага месца. Гэта для мяне непрымальна, у мяне няма задачы пераспаць. Часам проста хочацца выгуляць сукенку, чырвоную памаду.

Дастаўляюць задавальненне самі зборы, пагаварыць у цэлым з чалавекам. Сэксу пакуль не хочацца». 

У апісанні профілю ў Аляксандры напісаны яе рост, палітычная пазіцыя і на якіх мовах яна размаўляе. 

«Я дастаткова высокая, многія чамусьці адсейваюцца на пытанні, які ў мяне рост», — кажа яна. 

«Удалых спатканняў, на жаль, не было»

Таццяне 22 гады. Яна спампавала Tinder восенню мінулага года. 

Сваю гісторыю дзяўчына апісвае як «звычайную»: разышлася з хлопцам, хацелася атрымаць долю ўвагі. 

«Звычайна ў першую чаргу гляджу на здымкі, наколькі падабаецца знешнасць, ці бачны твар і цела. Спрабую па іх аналізаваць асобу. Калі ў апісанні ёсць інстаграм, то таксама заходжу туды. 

У сваёй большасці апісанні нічога не кажуць пра чалавека, але дапамагаюць адразу адсеяць зусім неадпаведных людзей. Потым гляджу, наколькі далёка гэты чалавек, бо ён, канешне, можа быць цудоўны, але тысячы кіламетраў паміж намі наўрад ці знікнуць. 

А вось на хобі не звяртаю ўвагі, толькі на тое, ці ёсць сабакі, бо не люблю іх. Апошні параметр — гэта ўстанова адукацыі, бо прынцыпова не хачу знаёміцца з людзьмі са свайго ўніверсітэта праз ціндар», — расказвае яна. 

Таццяне падабаецца, калі здымкі на застаўцы якасныя альбо смешныя. 

«У ідэале гэта добрае святло, цалкам бачныя твар ці цела і адсутнасць фільтраў, фоташопа. І відавочна, каб ён быў адзін, бо не заўсёды зразумела, дзе хто, а ўсіх адразу не пацягну», — апісвае яна. 

Профілі, дзе адзін фотаздымак, для дзяўчыны заўсёды міма. Ёй трэба, каб фота было не менш за тры. 

«Апісанні ў большасці выпадкаў аднолькавыя, рэдка нешта чапляе. Асабіста мне падабаюцца кароткія, з адсылкай на які-небудзь твор або з жартам. «Добры, харызматычны, круты» і ўльтыматумы «ты павінна быць такой» не лайкаю», — тлумачыць яна. 

Дзяўчына знайшла заканамернасць: калі большасць фота ў профілі з голым целам, то, хутчэй за ўсё, хлопец шукае проста сэкс.

«І ў першы ж дзень знаёмства. Мне гэта не падыходзіць, таму адразу не. Сапраўднае каханне ў ціндары я не сустракала, там знаёмствы ўсе нейкія штучныя і аднолькавыя.

Удалых спатканняў, на жаль, таксама не было, але я не страчваю надзеі. Магчыма, я не ўмею абіраць людзей, але ўсе мае спатканні былі шпацырам на марозе з не вельмі цікавымі размовамі», — расказвае Таццяна.

У апісанні ў дзяўчыны стаіць фраза на беларускай мове. 

«Але ўсё роўна пакуль што ў большасці гутарак у нейкі момант просяць перайсці на рускую,

— кажа яна. — Падаецца, самы дзіўны выпадак быў, калі хлопец спачатку сказаў, што не разумее ўкраінскую, потым, што не ведае польскую, а ў выніку ўвогуле выдаў: «Гэта што, вас у Беларусі такому вучаць?» Усё яшчэ не разумею: мне пужацца за нашу краіну, ці я проста троля не зразумела».

Чытайце таксама: 

«Нанесла мне эмацыйную траўму і выклікала дэпрэсію». Мужчына падаў у суд на сяброўку з-за адмовы стаць яго дзяўчынай

«Пачаўся абсалютны трэш: людзі сталі запампоўваць бязглуздыя відэа і дзікпікі». Гутарка са стваральнікам беларускага дадатку для знаёмстваў

«У турме, на жаль, цябе хвалюе, ці мастурбаваў іншы чалавек». Былы палітвязень распавёў пра інтым у зняволенні

Клас
16
Панылы сорам
17
Ха-ха
16
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
13