Новае захапленне з'явілася пасля знаёмства з будучым мужам Андрэем, заўзятым рыбаком. Усе іх сустрэчы праходзілі ў асноўным на прыродзе. Самае рамантычнае «спатканне», успамінае Вольга, — адпачынак у Санкт-Пецярбургу. Тады заехалі палавіць рыбку на Фінскі заліў. Начавалі ў машыне. Заход сонца, а пасля яго ўзыход, запомніўся маладой пары на ўсё жыццё.

Спачатку некалькі гадоў дзяўчына ездзіла разам з Андрэем на рыбалку і проста назірала за падрыхтоўкай, працэсам лоўлі. Дапамагала збірацца, купляла прыкормку, варыла кашу, капала чарвякоў. Да таго, як будучы муж даў выцягнуць з лункі першага невялікага шчупака. Пасля Вольга кожны раз спрабавала нешта лавіць. Пачынала з верхаводкі. Паціху сама пагрузілася ў гэтую справу. Нават на 9 месяцы цяжарнасці ездзіла з мужам на начную рыбалку.

— Цяпер гэтае захапленне як хвароба, — жартуе Вольга. — Усе нармальныя людзі ходзяць у кіно, кавярню, а мы з мужам ездзім на рыбалку. Больш за тое, так праходзіць увесь адпачынак і выхадныя.

Лоўля на фідар летам, падлёдная рыбалка — кожная асаблівая.

Самы вялікі яе ўлоў быў пару гадоў таму. На свой дзень нараджэння паехала з мужам на Дзвіну лавіць ляшча. Усе рыбакі, якіх сустрэлі на лёдзе, казалі, што клёву няма.

— Настрой быў добры, я ў думках папрасіла вялікага ўлову — свята ўсё ж! — распавядае жанчына. — Пасля, не паверыце, адначасова на 2-3 фідары былі паклёўкі, цягнулі рыбу з мужам у чатыры рукі. Тады злавілі дзесьці 50 ляшчоў.

Аматарка рыбалкі ўспамінае, як аднойчы вылавіла свой самы вялікі трафей: шчупака больш за 12 кілаграмаў. Ды і 5-6— кілаграмовая рыба — гэта таксама вялікая ўдача. А вось самы буйны лешч заважыў больш за 4,5 кілаграма.

З рыбы Вольга гатуе розныя прысмакі. Соліць яе, вяліць, запякае ў духоўцы, навучылася рабіць шпроты.

Здымае відэа на свой YouTube-канал «Рыбалка найлепшы Адпачынак», дзе разам з мужам расказваюць пра свае дасягненні, спрабуюць новае абсталяванне, прыкормкі, дзеляцца рыбнымі рэцэптамі.

Куды б яны ні паехалі, заўсёды бяруць з сабой вуду — на ўсялякі выпадак. Напрыклад, гэтым летам вазілі дзіця ў Магілёўскі заасад. Па дарозе заехалі на Дняпро.

Калісьці для Андрэя рыбалка была проста адпачынкам. Цяпер ён кажа, што яна стала сапраўднай працай. Многія мужчыны-рыбакі зайздросцяць яму. А часам добра ставяцца да жанчыны-рыбачкі: бо ў іх няма клёву, а ў Вольгі ёсць.

— Муж — прафесійны рыбак. Ён шмат чаго ведае. Мне ж, наадварот, усё цікава. Шмат новага знаходжу ў інтэрнэце, эксперыментую з прыкормкай. Усё працуе, без рыбы ніколі не вяртаемся, — падсумоўвае Вольга Навіцкая.

Клас
15
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
4