Фота: yaseminozer / BeReal

Фота: yaseminozer / BeReal

Сацыяльная сетка BeReal не самае відавочнае месца для пошуку натхнення. У адрозненне ад Instagram, дзе мільёны сэлфі зроблена, каб пахваліцца новым паліто, удалай прычоскай ці сабою крутым у люстэрку ліфта, BeReal паказвае ўсіх паўсядзённымі.

Калі вы ў праграме, вам прыходзіць апавяшчэнне з просьбай сфатаграфаваць тое, што перад вамі, а задняя камера ў гэты ж момант робіць ваша сэлфі. У выніку атрымліваюцца два фота: ваша і здымак вашага атачэння, — якія і трапляюць у стужку (сэлфі месціцца на здымку фона як на вокладцы). Такі падыход азначае, што ў вас значна больш шанцаў трапіць на фота непрычасаным або стомленым.

Чым BeReal адрозніваецца ад іншых праграм

Сацыяльная платформа створана ў Францыі ў 2020 годзе і спачатку была даступная толькі ў гэтай краіне. Сёння палова яе карыстальнікаў — з ЗША, на другім месцы ідуць брытанцы і толькі трэція — з Францыі. Часта карыстальнікі — гэта студэнты, якія ацанілі гумар платформы, або людзі пакалення 2000-х, якія настальгуюць па весялосці і наіўнасці інтэрнэту ранейшых часоў.

Вось некаторыя адметнасці дадатку.

  • Здымак трэба зрабіць на працягу не больш як дзвюх хвілін (у праграме запускаецца таймер).
  • Здымкі робяцца раз на дзень, трымаюцца ў стужцы 24 гадзіны і потым застаюцца толькі ў раздзеле Memories.
  • Няма колькасці праглядаў, хэштэгаў ці чаго-небудзь яшчэ, што прасоўвае ў іншых сацыяльных сетках культура ўплыву. Таксама няма рэкламы і падліку падпісчыкаў. Як адзначае сама кампанія, «BeReal не зробіць вас вядомымі».
  • Любы, хто хоча пракаментаваць фатаграфію, павінен быць у сябрах у карыстальніка.
  • Карыстальнікі не могуць камунікаваць з іншымі прыватна. Любыя каментары адкрытыя для ўсеагульнага бачання.

Фота: malia._.marie / BeReal

Фота: malia._.marie / BeReal

Фота: yourfavjoee / BeReal

Фота: yourfavjoee / BeReal

Большасць здымкаў да болю звычайная: сняданак, электронная паштовая скрыня, заваленая паведамленнямі, тэлевізар з нэтфліксам на экране. І асобы, злоўленыя пад самымі мудрагелістымі ракурсамі. Няма фільтраў, прадуманых надпісаў і рэкламы.

Але, нягледзячы на шматабяцальнасць, крытыкі не прадказваюць BeReal вялікай будучыні. На думку большасці, папулярнасць праграмы шмат у чым звязана з крызісам Instagram, Facebook ды іншых буйных платформаў. Карыстальнікі шукаюць альтэрнатыўныя спосабы функцыянавання ў віртуальнай рэальнасці, якія вернуць ім сапраўднасць і аўтэнтычнасць. Тым не менш, пакуль TikTok застаецца тым дадаткам, які найболей часта выбіраецца і асабліва падабаецца пакаленню зумераў. Да таго ж большасць карыстальнікаў BeReal не збіраецца адмаўляцца ад іншых платформ. Хутчэй яны разглядаюць французскую праграму як дадатковае пашырэнне свайго гарызонту.

Фота: willinear / BeReal

Фота: willinear / BeReal

Фота: leonadou / BeReal

Фота: leonadou / BeReal

Як з праграмы можна атрымаць урокі стылю

«BeReal паказаў мне, што я нашу шэры колер часцей, чым любы іншы колер, а таксама тое, што шэры мне зусім не пасуе. Рэч у тым, што ў канцы года BeReal прапануе вам мантаж вашых фатаграфій за год. Нешта накшталт Spotify Wrapped, але замест рэйтынга вашых любімых песень і выканаўцаў ён дае канчатковы адказ пра тое, які ваш любімы джэмпер і ці варта вам часцей мыць галаву», — піша журналістка The Guardian Джэс Картнер-Молі.

Па яе словах, яна ўжо ведала пра сваю слабасць да алоўкава-шэрага і цёмна-шэрага трыкатажу, але пакуль не ўбачыла мантаж, не разумела, у якой ступені гэтыя колеры дамінуюць у яе адзенні. «І я пабачыла, што, калі я нашу шэрае, мой колер твару набывае тон, які лепш за ўсё можна апісаць як «другі тыдзень грыпу», тады як мой твар больш прывабны, калі я нашу яркі колер».

«Аказваецца, калі бачыш сябе ў непрывабным святле, можна многае зразумець», — кажа Джэс Картнер-Молі.

Клас
14
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0