У правядзенні гэтага семінара, галоўным арганізатарам якога фармальна лічыўся Савет Рэспублікі, узялі ўдзел практычна ўсе вышэйшыя органы ўлады, а таксама Акадэмія навук, установы адукацыі, праўладныя грамадскія аб’яднанні і СМІ, прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры і праваслаўнай царквы. Кіравала семінарам Наталля Качанава, сярод удзельнікаў былі Ігар Марзалюк, Вадзім Лакіза, Вадзім Гігін і іншыя праўладныя дзеячы. Адыёзны прапагандыст Рыгор Азаронак назваў дакумент, які атрымаўся ў выніку — хоць насамрэч, вядома, падрыхтаваны загадзя — «магутнай храналогіяй».

Па выніках абмеркавання ўдзельнікі семінара прыйшлі да наватарскай высновы, што 

Рэспубліка Беларусь — суверэнная незалежная дзяржава, якая прайшла шматвяковы гістарычны шлях грамадска-палітычнага станаўлення і сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Гэтая дзяржава, на думку ўдзельнікаў семінара, «абрала сваю ўнікальную мадэль дзяржаўнасці, заснаваную на ўласцівай беларусам дзяржаўна-прававой ідэнтычнасці». Гэта праяўляецца ў «стаўцы на моцную і самадастатковую дзяржаўную ўладу, у аснове якой — законнасць і народаўладдзе, міралюбнасць і стварэнне, адзінства і згуртаванасць грамадства, сацыяльная справядлівасць і традыцыйныя духоўна-маральнасці каштоўнасці».

Так як крывадушны Захад нібыта праводзіць цяпер «палітыку фальсіфікацыі гісторыі, ігнаравання агульнага мінулага народаў, скажэння праўды аб бяспрыкладнай бітве чалавецтва з фашызмам», то ў свеце адбываецца «імклівы рост напружанасці, дэградацыі сістэмы міжнароднай бяспекі». І ў такой «сучаснай нестабільнай і агрэсіўнай геапалітычнай архітэктуры свету» Рэспубліка Беларусь па-ранейшаму неяк умудраецца «заставацца аазісам міру, стварэння і спакою».

Што канкрэтна па гісторыі, то ўдзельнікі семінара прыйшлі да высновы, што «першымі гістарычнымі формамі беларускай дзяржаўнасці былі Полацкае і Тураўскае княствы», станоўча выказаліся пра хрышчэнне Русі, Еўфрасінню Полацкую і Кірылу Тураўскага, сістэму кіравання Полацкай зямлёй з яго народным вечам. Гэтая сістэма, маўляў, моцна паўплывала і на далейшае ўладкаванне Вялікага Княства Літоўскага.

Вялікае Княства Літоўскае таксама ацэньваецца станоўча, бо ў ім «створаныя перадавыя для таго часу сістэмы дзяржаўнага кіравання і права», а «афіцыйнай мовай была старабеларуская».

Таксама ў тыя часы, як падкрэсліваецца, сфарміравалася беларуская народнасць.

У той жа час перыяд знаходжання ў складзе Рэчы Паспалітай удзельнікі семінара ацэньваюць як «цяжкае выпрабаванне для беларусаў»,

бо тады былі «войны, сацыяльныя і канфесійныя канфлікты, культурная і дзяржаўная асіміляцыя, паланізацыя шляхты і мяшчан», якія ў сукупнасці «прывялі да ўпадку культуры беларусаў, істотна запаволілі нацыянальнае развіццё беларускага народа і яго дзяржаўнасці».

І толькі ўключэнне Беларусі ў склад Расійскай Імперыі забяспечыла ёй «тэрытарыяльную цэласнасць, эканамічную мадэрнізацыю і працяглае мірнае развіццё, спыніла паланізацыю, садзейнічала развіццю нацыянальна-духоўных традыцый, фарміраванню беларускай нацыі, распаўсюджванню пісьменнасці».

У гэтым жа пераліку станоўчых рысаў прысутнічае і пункт, што тады «беларусы разглядаліся як частка трыадзінага (велікарусы, беларусы і маларусы) тытульнага народа Расійскай Імперыі».

Спроба абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, як лічыцца, была «тупіковым напрамкам развіцця айчыннай дзяржаўнасці і не сустрэла падтрымкі народа», у адрозненне ад абвешчанай бальшавікамі БССР, якая «забяспечыла спрыяльныя ўмовы для эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця беларускага народа».

Пра тое, што рабілася ў БССР у 1930-я гады, не згадана аніводным словам.

«Уз’яднанне Заходняй Беларусі з Беларускай ССР восенню 1939 года» традыцыйна называецца «актам аднаўлення гістарычнай справядлівасці», «перамога ў Вялікай Айчыннай вайне над нацысцкай Германіяй і яе сатэлітамі была дасягнута дзякуючы надзвычайнай стойкасці, гераізму, мужнасці і самаадданасці савецкіх людзей, а «савецкі партызанскі і падпольны рух меў у Беларусі ўсенародны характар» і «стаў адным з вырашальных фактараў разгрому гітлерызму», «няглядзячы на жахлівую палітыку генацыду».

Галоўным вынікам савецкага перыяду ў выніку стала тое, што «беларуская дзяржаўнасць набыла геапалітычную вагу, рэальны сацыяльна-эканамічны базіс, які забяспечыў далейшы прагрэс краіны», якая нібыта ў 1991 годзе займала 40-е месца сярод 174 краін свету паводле індэкса чалавечага развіцця.

Не дзіўна таму, што «распад СССР стаў буйной геапалітычнай катастрофай, ажыццёўленай насуперак волі беларускага народа».

І добра яшчэ, што 15 сакавіка 1994 года была прынята Канстытуцыя, «галоўным дасягненнем якой стала ўвядзенне пасады прэзідэнта і прававое замацаванне суверэнітэту нашай краіны». А пасля таго рэферэндумы 1996-га, 2004-га і 2022-га гадоў «прадэманстравалі, што беларусы сталі палітычна сталай нацыяй і выбралі эвалюцыйны шлях развіцця праз захаванне грамадскай згоды, прававых і культурных традыцый». Апошняя рэдакцыя Канстытуцыі 2022 года «пацвердзіла ўнікальнасць выбранага беларусамі самастойнага шляху развіцця».

Трохгадовы перыяд ад набыцця Беларуссю незалежнасці да прыходу да ўлады Лукашэнкі асобна не ацэньваецца, проста застаецца па-за ўвагай.

Таксама ўдзельнікі семінара дэкларатыўна падкрэслілі сярод іншага, што «беларуская мова ўплывае на развіццё нацыянальнай самасвядомасці і культуры беларусаў», «Рэспубліка Беларусь захоўвае пазітыўнае стаўленне да ўсіх перыядаў сваёй гісторыі, адмаўляе любыя формы этнічнага і культурнага нацыяналізму», «духоўна-ідэалагічнымі дамінантамі айчыннай прававой сістэмы з’яўляюцца прыхільнасць нацыянальным традыцыям, фарміраванне сацыяльна адказных паводзін, забеспячэнне грамадзянскай згоды, захаванне гістарычнай памяці».

Характэрна, што «ў рамках дзяржаўна-прававога будаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь сфарміраваны прынцып прыярытэту дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў».

Яго рэалізацыя нібыта «садзейнічае пабудове сацыяльна справядлівага грамадства і забеспячэнню правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян». Формы ж кіравання і самакіравання ў сучаснай Беларусі нібыта «адпавядаюць светапогляду і менталітэту беларускага народа».

Асобнымі пунктамі рэзалюцыі ўдзельнікі семінара адзначылі неабходнасць узмацнення дзяржаўнай прапаганды на гістарычным полі, «супрацьдзеяння бесперапынным спробам выкарыстоўваць шырокі спектр палітычных тэхналогій пратэсту»,

супрацьстаяння «штучнаму стварэнню гістарычных фактаў, накіраваных на зацвярджэнне вузканацыяналістычнага характару ментальнасці беларусаў і іх нецярпімасці ў адносінах да сваіх братоў-славянаў».

Клас
5
Панылы сорам
45
Ха-ха
18
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
34