У СК лічаць, што Шапаткоўскі «адказваў за дэструктыўны інфармацыйны парадак, размяшчаючы медыяматэрыялы, накіраваныя выключна на нанясенне шкоды рэпутацыі дзяржаўных органаў, праваахоўнага блока і прадстаўнікоў улады».

«Мэта інфармацыйнага парадку — закласці зерне сацыяльна-палітычнага супрацьстаяння ў грамадстве. Нягледзячы на тое, што Шапаткоўскі, асцерагаючыся, не ўступаў у прамую змову па захопе ўлады, ён актыўна падзяляў ідэі злачынных фарміраванняў і спрыяў ім у дасягненні намечаных мэт шляхам забеспячэння інфармацыйнага суправаджэння, культываваў і прапагандаваў у грамадстве пратэсныя настроі, тым самым дзяліў беларусаў на «сваіх» і «чужых» па прынцыпе іх стаўлення да дзейнай улады. Такая дзейнасць фармавала радыкальна настроеныя групы і акумулявала іх у выглядзе натоўпу на вуліцах, у тым ліку паблізу выбарчых участкаў. Так званую «жывую сілу» экстрэмісты імкнуліся выкарыстоўваць як асноўны інструмент для дасягнення злачынных мэтаў і сілавога захопу ўлады», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Шапаткоўскаму выстаўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Матэрыялы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Нагадаем, Ілья Шапаткоўскі ў 2020 годзе быў адным з кіраўнікоў ініцыятывы «Сумленныя людзі». Ён браў актыўны ўдзел у працы выбарчага штаба Віктара Бабарыкі і ўзначальваў аддзел верыфікацыі подпісаў.

Шапаткоўскага затрымалі 4 жніўня 2020 года, яго змясцілі пад варту ў межах крымінальнай справы па «эканамічным» артыкуле. Аднак у канцы 2021 года артыкул змянілі на «палітычны».

Незалежная ініцыятыва па развіцці грамадзянскай супольнасці ў Беларусі «Сумленныя людзі» была створана ў 2020 годзе. Мэтай ініцыятывы было не дапусціць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
11