Мабілізаваныя расійскія вайскоўцы, якія загінулі ў Макееўцы

Мабілізаваныя расійскія вайскоўцы, якія загінулі ў Макееўцы

Руская служба Бі-бі-сі апублікавала пайменны спіс расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі ў ноч на 1 студзеня пры ўдары УСУ па будынку ПТВ у анексаванай Макееўцы Данецкай вобласці Украіны.

На падставе адкрытых даных, прадстаўленых расійскім бокам, выданне высветліла асобы 92 вайскоўцаў, якія загінулі ў Макееўцы. Бі-бі-сі адзначае, што гэты спіс можа быць няпоўным. Прадстаўлены пайменны спіс шмат у чым супадае са спісам загінулых, які вядзе выданне «Idel.Рэаліі» (у ім пазначаны 83 прозвішчы).

Большая частка загінулых — мабілізаваныя з Самарскай вобласці. Самаму маладому з іх было 22 гады, самаму старэйшаму — 48 гадоў, адзначае Руская служба Бі-бі-сі.

Сваякі загінулых у Макееўцы распавялі, што многія з вайскоўцаў атрымалі позвы ў войска ў канцы верасня 2022 года пасля таго, як у Расіі пачалася мабілізацыя. Затым каля двух месяцаў яны праходзілі падрыхтоўку ў вайсковых часцях Самарскай вобласці. У сярэдзіне снежня ім загадалі адправіцца ў зону баявых дзеянняў, 26 снежня вайскоўцы прыбылі ў Макееўку.

Поўны спіс на сайце Бі-бі-сі.

Руская служба Бі-бі-сі выявіла ў адкрытых крыніцах згадку пра 15 вайскоўцаў, якія ў момант абстрэлу знаходзіліся ў Макееўцы і пра лёс якіх пасля 1 студзеня нічога не вядома. У некалькіх сем'яў узялі матэрыял ДНК, каб знайсці супадзенні з загінулымі падчас абстрэлу, пра вынікі даследаванняў не паведамлялася.

Узброеныя сілы Украіны ў ноч на 1 студзеня абстралялі Макееўку з РСЗА HIMARS. Пад абстрэл трапіў будынак, у якім знаходзіліся расійскія вайскоўцы. 4 студзеня ў Мінабароны РФ заявілі, што падчас удару па Макееўцы загінулі 89 расійскіх вайскоўцаў, пасля чаго ведамства гэта не каментавала. Украінскі бок заяўляў, што загінула каля 400 чалавек.

Клас
20
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
8
Абуральна
4