Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

«Я ўжо ў храме казаў: нам не трэба ствараць дадатковыя нейкія пункты напружання ў нашым грамадстве. Таму даручаў Адміністрацыі з удзелам грамадскасці гэтае пытанне прапрацаваць і прапанаваць механізм магчымага рашэння (гаворка пра вяртанне на радзіму тых, хто з'ехаў за мяжу пасля падзей у Беларусі 2020 года). Тыя, хто гатовы жыць у міры, ствараць для дабра сваёй краіны, не павінны быць адкінутыя грамадствам. Гэта аксіёма. Гэта не я прыдумаў. І калі мы людзі мудрыя і ўлада мае прыкметы мудрасці, яна павінна ў такім ключы і дзейнічаць. Нам трэба не закрывацца ад тых, хто спатыкнуўся, усвядоміў гэта, а зрабіць крок насустрач», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Але толькі тым, хто вернецца з месцаў не гэтак аддаленых, або з-за мяжы і будуць, як у нас прынята казаць, «ябацькамі» яшчэ большымі, чым тыя, хто сёння нас акружае. А такія ёсць», — адзначыў Лукашэнка.

Разам з тым ён мяркуе, што неканкрэтызаваныя «ворагі» будуць усяляк перашкаджаць вяртанню дадому гэтых людзей: «Мы гэта бачым. Для збеглых, якія гандлююць інтарэсамі народа, простыя людзі заўсёды будуць таранам для барацьбы супраць дзяржавы і пастаяннай крыніцай асабістага фінансавага дабрабыту».

«Вы, напэўна, заўважылі ў СМІ, калі я заявіў пра тое, што мы гатовыя размаўляць з тымі, хто ўсвядоміў сваю віну і гатовы жыць на радзіме, вы бачылі, як захлынуліся гэтыя ўсе тэлеграм-каналы, чаты і іншыя: «Ах, тут хапаюць сілавікі тых, хто паспрабавалі прыехаць, саджаюць, ледзь не забіваюць!»

Сілавікі, сапраўды, заявілі пра затрыманне ўжо трох дзясяткаў людзей, якія спрабавалі вярнуцца ў Беларусь. Аднак Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Абсалютная лухта. Ніхто нікога не хапае».

Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў краіны Захаду. «Захад выдатна разумее, што гэтых людзей у перспектыве гэты самы Захад можа выкарыстаць супраць нашай краіны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Кожны, хто стаў на шлях выпраўлення і хоча загладзіць сваю віну, павінен мець шанец на разуменне і літасць. Гэта тычыцца толькі тых, хто заслугоўвае гэтага прабачэння, — адзначыў Лукашэнка і пагражаў тым, хто выступае супраць дыктатуры.

— Ну а хто свядома парушыў закон, паставіў пад пагрозу чалавечыя жыцці, пры падтрымцы заходніх спецслужб працягвае дэструктыўную дзейнасць супраць нашай краіны, будзе адказваць перад законам. Закон мы прывялі ў адпаведнасць і зрабілі досыць больш жорсткім. Тым больш, што асобныя з тых, хто туды пабеглі, зрабілі больш жорсткай пазіцыю і цяпер стаўку робяць на прымяненне сілы і стварэнне незаконных ваенізаваных фармаванняў. У такім выпадку зваротнай дарогі няма і не будзе», — заявіў Лукашэнка.

Клас
4
Панылы сорам
61
Ха-ха
31
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
44