Пра гэта са спасылкай на ананімныя крыніцы паведамляе агенцтва Bloomberg. ЗША спрабуюць высветліць, ці ведае Пекін пра гэтую дзейнасць.
У чым менавіта заключаецца дапамога, незразумела. Вядома толькі ў агульных рысах, што дапамога ваенная (зрэшты, гаворка не ідзе пра зброю), і эканамічная: яна не даходзіць да масавага ўхілення ад рэжыму санкцый ЗША і іх саюзнікаў. Крыніцы Bloomberg мяркуюць, што кітайскія кампаніі свядома садзейнічаюць Расіі ў яе ваенных дзеяннях.
Прэзідэнт Сі Цзіньпін пазбягае крытыкі Расіі з-за вайны, але пры гэтым прапанаваў згуляць ролю ў мірных перамовах і выступіць супраць выкарыстання ядзернай зброі ў канфлікце.
Калі высветліцца, што кітайскія дзяржкампаніі сапраўды падтрымлівалі ўварванне ва Украіну, гэта будзе мець трывожныя наступствы для палітыкі ЗША ў дачыненні як да Расіі, так і Кітая, піша Bloomberg.
Стратэгія ЗША ў дачыненні да Украіны заснаваная ў тым ліку на ізаляцыі ўрада прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, імкненні задушыць яго эканоміку. Узмацненне падтрымкі з боку Кітая, другой па велічыні эканомікі свету, можа прыкметна падарваць гэтую стратэгію, падсумоўвае агенцтва.





