Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Красавік 2022 года. Фота: 1387.by

«Каб атрымаць будынак ва ўласнасць, трэба плаціць арэнду»

Ксёндз-пробашч Андрэй Яркавец адразу пасля абвесткі пра арэнду запэўніў вернікаў і звычайных бабруйцаў, што непакоіцца няма пра што, а наадварот — ёсць нагода для радасці — нарэшце распачаўся працэс перадачы касцёла парафіі.

«Рэч у тым, што па дзяржаўных нарматывах, каб перадаць будынак ва ўласнасць касцёлу, трэба, каб перад тым аплачвалася яго арэнда. Гэтаксама плаціў за арэнду магілёўскі касцёл, а потым атрымаў будынак на пяць гадоў у бязвыплатнае карыстанне», — сказаў ксёндз Андрэй у інтэрв’ю «Вечернему Бобруйску».

Памер арэнды дагэтуль нідзе не называўся. Вядома, што грошы будуць збірацца з парафіянаў, а каб зменшыць суму, будуць вызваленыя некаторыя памяшканні ў касцёле, якімі карысталіся вернікі. Застануцца бібліятэка, памяшканні для катэхэзаў і набажэнстваў.

У сацсетках і некаторых СМІ можна было сустрэць інфармацыю, што ўлады загадалі разабраць арган. Ксёндз Андрэй сцвярджае, што музычны інструмент ніхто разбіраць не будзе — «гэта ўжо чуткі самі напрыдумваліся». Адначасова суполка «Аднаўленне бабруйскага касцёла» ў фэйсбуку тлумачыць, адкуль гэта ўсё пайшло:

«Прыйшла камісія па абмеры памяшканняў, каб падлічыць памер арэнднай платы, і кажа падчас абмераў: «Вось тут у вас арган стаіць, а каб вунь туды пераставілі, аплата выйшла б меней». Хацелі дапамагчы парадай, але не разумеюцца на арганах. Тут і пачалося…».

Аднак урэшце музычны інструмент вырашылі пакінуць у спакоі, там, дзе ён і стаіць.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Бабруйск, студзень 2023 года. Фота: 1387.by

У Бабруйску будзе, як у Магілёве і Нясвіжы. А што там у Магілёве ды Нясвіжы?

Старшыня парафіяльнай рады Віктар Маліноўскі ў каментарыі ў суполцы «Каталікі Беларусі» ў фэйсбуку заклікае захоўваць спакой, бо нібыта нічога страшнага не адбываецца, а насамрэч распачаўся працэс бязвыплатнага вяртання касцёла парафіі.

«Распачаўся, нарэшце, працэс бязвыплатнага вяртання каталіцкай супольнасці Бабруйска нашага пакутнага касцёла, у комплексе з пяціпавярховай прыбудовай. Юрыдычная працэдура адбываецца гэтак жа, як тое было ў Магілёве, адначасна і цяпер у Нясвіжы. Улады Бабруйска зацікаўленыя, каб перадаць касцёл вернікам.

Таксама ўзгодненыя і зацверджаныя ўсе захады, каб на час юрыдычнага афармлення ўсёй працэдуры памер арэнднай платы быў аптымальным і найменшым, — піша старшыня парафіяльнай рады. — Ніхто не збіраецца разбіраць арган, выносіць касцельную мэблю, чыніць перашкоды ў дзейнасці святыні. Пэўныя непаразуменні паўсталі праз некарэктныя пытанні з боку камісіі па абмеры памяшканняў і на сённяшні дзень яны не маюць ніякай актуальнасці».

Што ж адбываецца ў касцёлах Магілёва і Нясвіжа, якія прадстаўнікі прыводзяць як пазітыўныя прыклады? З размоваў з дасведчанымі асобамі стала вядома, што ў Магілёве касцёл не належыць парафіі і гэтае пытанне пакуль нават не падымаецца — проста працягваецца дамова на бязвыплатнае карыстанне.

Прыкладна тое самае і ў Нясвіжы — у гэтым годзе ўлады вырашылі браць арэндную плату, а потым можна будзе заключыць дамову на бязвыплатнае карыстанне. Як мінімум пакуль ідзе рэстаўрацыя касцёла. Абедзве святыні працягваюць заставацца ў камунальнай уласнасці.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Бабруйск, студзень 2023 года. Фота: 1387.by

Біскуп Яшэўскі: будзе бязвыплатнае карыстанне, не афармленне ва ўласнасць

Так пачаліся сумневы, ці насамрэч у Бабруйску гаворка ідзе пра перадачу касцёла ва ўласнасць парафіі? Паколькі ніякіх дакументаў ніхто не прадставіў, дакладнай інфармацыі не было, заставалася толькі задавацца пытаннямі і чакаць далейшых звестак.

Сумневы пацвердзіў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Пра лёс бабруйскага касцёла ён распавёў падчас сустрэчы святароў у Горках.

«Рыма-каталіцкая парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Бабруйску не з’яўляецца ўласнікам адзінага дзейнага касцёла ў гэтым горадзе. Па гэтай прычыне яна атрымала пастанову ад выканкама Ленінскага раёна горада Бабруйска, што з 1 студзеня 2023 года (заднім чыслом? Бо пробашч парафіі казаў пра 1 лютага. — рэд.) неабходна заключыць дамову аб арэнднай плаце за тыя памяшканні, якімі карыстаецца парафія для сваіх мэтаў, паколькі бязвыплатнае карыстанне гэтымі памяшканнямі больш немагчымае паводле заканадаўства. За памяшканні прыбудаванага будынка былога «Бабруйскбудкомплекса», якімі парафія не карыстаецца, арэнда выплачвацца не будзе», — паведаміў генеральны вікарый.

Пасля падліку арандаванай плошчы бабруйская парафія падпіша дамову з уласнікам будынка на мінімальны тэрмін у шэсць месяцаў на аплату арэнды і будзе чакаць распараджэння ўладаў аб перадачы касцёла ў бязвыплатнае карыстанне. Далей біскуп Яшэўскі зноў згадаў касцёл у Магілёве, дзе парафія больш за год аплачвала будынак касцёла, гаража і прылеглай тэрыторыі, а потым атрымала гэтыя аб’екты на 5 гадоў у бязвыплатнае карыстанне.

«Наступным крокам стане просьба аб перадачы ва ўласнасць будынка касцёла, які быў пабудаваны і адрамантаваны каталіцкімі вернікамі Бабруйска і шматлікімі дабрачынцамі парафіяльнай супольнасці», — зазначыў іерарх.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Бабруйск, студзень 2023 года. Фота: 1387.by

Чарговая праява ціску на Касцёл?

Такім чынам, сітуацыя ў Бабруйску сапраўды падобная да таго, што адбываецца ў Магілёве і Нясвіжы, і гаворка пра перадачу касцёла ва ўласнасць парафіі цяпер не ідзе. Вернікі будуць цягам шасці месяцаў плаціць арэнду, а пасля ўсё вернецца да статусу-кво — горад перадасць касцёл у бязвыплатнае карыстанне, але не ва ўласнасць. Перспектыва афармлення ўласнасці зноў абяцаецца ў нейкім будучым часе, але без канкрэтыкі. То-бок, па сутнасці, касцёл у Бабруйску як не належаў вернікам, так не будзе належаць і далей.

Такая сітуацыя складваецца далёка не з усімі касцёламі ў Беларусі. У нас ёсць святыні, якія з’яўляюцца ўласнасцю Касцёла. Напрыклад, у Віцебскай дыяцэзіі няма ніводнага касцёла, які б належаў гарадскім ці абласным уладам. У Мінска-Магілёўскай мы ведаем пра чатыры такія выпадкі — у Магілёве, Бабруйску, Мінску (сітуацыя з Чырвоным касцёлам), Нясвіжы.

Сваім меркаваннем з «1387» падзяліўся чалавек, абазнаны ў касцельных справах. Ён лічыць, што перашкоды на шляху афармлення касцёлаў ва ўласнасць — гэта праява ціску на католікаў у Беларусі, і што заканадаўства не перашкаджае спрошчаную перадачу ў валоданне — была б толькі добрая воля.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Бабруйск, студзень 2023 года. Фота: 1387.by

Таксама сітуацыю папрасілі пракаментаваць юрыста, які сказаў, што няма такіх нарматываў, якія абавязваюць арэндадаўцу браць аплату. Гэта заўсёды залежыць ад жадання ўласніка — здаваць за грошы ці бясплатна.

Чаму касцёл не вярнулі цалкам у 1990-х?

У кастрычніку 1989 года было прынятае рашэнне аб перадачы касцёла, які быў закрыты савецкай уладай яшчэ да вайны, а пасля шмат гадоў выкарыстоўваўся не па прызначэнні, вернікам, аднак рэалізаванае яно было толькі ў сакавіку 1990 года. 13 ліпеня 1990 касцёл асвяціў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Тады святыні і парафіі надалі тытул Святых Апосталаў Пятра і Паўла, які некалі насіў касцёл на тэрыторыі бабруйскай крэпасці. 9 снежня 1996 года адбылася рэкансэкрацыя касцёла ў гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

У касцёле аднавіліся службы, рэлігійнае жыццё, аднак уваход у святыню ўсцяж быў праз фае ААТ «Бабруйскбудкомплекс», якое працягвала працаваць у прыбудаваным у савецкія часы да касцёла пяціпавярховым будынку. Каталікі пачалі шукаць спосабы, што зрабіць з гэтым дзіўным сімбіёзам.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Бабруйск, студзень 2023 года. Фота: 1387.by

Адным з першых, хто звярнуў увагу гарадскім чыноўнікам, што прыбудова парушае правы вернікаў, быў ксёндз Раман Факсінскі. У лісце ў выканкам у 1995 годзе ён прапаноўваў знайсці кампраміс праз розныя варыянты вырашэння праблемы. У прыватнасці, сярод ягоных ідэяў было ўсталяванне ў фае будаўнічага камбіната глухіх перагародак, каб аддзяліць уваход у касцёл ад адміністрацыйнага будынка.

Таксама па ініцыятыве ксяндза Факсінскага ў 1990-х гадах у касцёле адбыўся пленэр з удзелам замежных архітэктараў, якія спрабавалі прыдумаць, як можна выкарыстоўваць прыбудову, калі яе не зносіць.

Тым не менш, пытанне з поўнай перадачай касцёла парафіі ва ўласнасць і яго адбудовай так і не атрымалася давесці да паспяховага вырашэння.

Купляць прыбудову Касцёл адмовіўся

ААТ «Бабруйскбудкомплекс» неаднаразова прапаноўваў католікам купіць прыбудову. Але Касцёл заўсёды лічыў, што ўлады самі павінны прыбраць тое, што надбудавалі, не патрабуючы за гэта грошай.

У некалькіх кроках ад вырашэння пытанне аднаўлення касцёла было ў 2009 годзе. Тады Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва было гатовае перадаць будынак католікам, але пры ўмове перадачы горадам раўназначнай пабудовы для прадпрыемства. Горад прапанаваў адміністрацыйны будынак на 31 кабінет па вуліцы Паркавай. Але Мінбуд адмовіўся ад яго, — маўляў, занадта далёка.

У касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Бабруйск, студзень 2023 года. Фота: 1387.by

Бабруйскія ўлады ўвесь час кажуць, што цалкам падтрымліваюць ідэю аднаўлення касцёла. Але заўсёды знаходзяцца прычыны, чаму гэта зрабіць немагчыма. У 2017 годзе неабыякавыя бабруйчане сабралі больш за 500 подпісаў за аднаўленне касцёла, распачалі камунікацыю з уладамі, хадзілі на прыёмы ў Бабруйскі гарвыканкам, размаўлялі са старшынёй выканкама і яго намеснікам, пісалі звароты ў Магілёў і адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Ніякага выніку гэта ўсё не прынесла.

Тады ж, у 2017 годзе, ААТ «Бабруйскбудкомплекс» збанкрутавала. Адміністратыўны будынак прадпрыемства некалькі разоў выстаўляўся на аўкцыён, аднак ахвочых набыць яго так і не знайшлося.

У бабруйскага касцёла няма гаспадара?

IMG_0207-1080x720.jpg

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Бабруйск, студзень 2023 года. Фота: 1387.by

На пачатку 2018 года актыўныя крокі парафіянаў датычна тэмы вяртання і аднаўлення касцёла заціхлі, у тым ліку праз нежаданне прадстаўнікоў касцельнай іерархіі, каб грамадскасць удзельнічала ў гэтай справе.

Неўзабаве парафія атрымала папярэджанне, што ўвосень 2018 года будынак касцёла будзе прызнаны безгаспадарным, калі не будуць зробленыя нейкія захады. Ці рабіла нешта парафія, нам невядома. Атрымліваць інфармацыю з таго часу станавілася ўсё складаней.

У кастрычніку 2018 года суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прызнаў будынак касцёла безгаспадарным і перадаў у камунальную ўласнасць.

Пробашч Андрэй Яркавец тады казаў, што раней асноўны крэдытор ААТ «Бабруйскбудкомплекс», якое збанкрутавала, прапаноўваў перадаць каталікам і будынак касцёла, і прыбудову, але парафія адмовілася праз недахоп сродкаў на знос прыбудовы ці яе ахову.

«Мы ўдзячныя гораду і банку за такія прапановы, але што рабіць з прыбудовай? Мы не фінансавая арганізацыя і ў нас няма грошай, каб арганізаваць знос, — казаў ксёндз Яркавец. — Пакуль будынак знаходзіцца ва ўласнасці горада, яго ахоўваюць, а ў нас няма сродкаў нават на тое, каб яго ахоўваць — мала хто будзе блукаць па гэтых пяці паверхах?».

«Грошы б знайшлі, сабралі б»

Тады ж святар скардзіўся, што ў Бабруйску няма арганізацый, якія маглі б знесці прыбудову без шкоды для касцёла, а на аплату адмыслоўцаў з Менску ў парафіі няма грошай і нават у гарадскім бюджэце яны наўрад ці знайшліся б.

У касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Бабруйск, студзень 2023 года. Фота: 1387.by

Адзін з парафіян, які пажадаў застацца ананімным, не згодны з такой пазіцыяй пробашча, і кажа, што грошы заўсёды можна знайсці:

«Ды элементарна сабралі б, і знайшлі б адмыслоўцаў, але затое касцёл быў бы нашым, і была б надзея на хуткае аднаўленне, — кажа вернік. — А цяпер невядома, чаго чакаць, і таксама незразумела, чаму раней не хацелі забіраць з прыбудовай, а цяпер ужо вядзецца гаворка пра перадачу ў карыстанне комплекса — касцёла і прыбудовы».

Ці зносіць прыбудову да касцёла, ці проста перарабіць яе?

«1387» запытаўся ў бабруйцаў на сваёй Інстаграм-старонцы — хто павінен вырашаць лёс касцёла? Вынік такі: 4% ці 3 чалавекі лічаць, што ўлады, 50% (34 чалавекі) за парафіян, 46% (31 голас) аддаюць права вырашаць усім бабруйцам.

Адказы бабруйцаў на пытанне пра тое, каму павінен належаць касцёл, і хто мусіць вырашаць ягоны лёс. Скрыншот: 1387.by/Instagram

На другое пытанне, ці трэба цалкам аднавіць першапачатковы выгляд, ці можна пакінуць прыбудову і адаптаваць яе пад патрэбы касцёла, 4% (4 чалавекі) выбралі другі варыянт, 96% (86 падпісчыкаў) лічаць, што святыні трэба вярнуць першасны выгляд.

Адказ бабруйцаў на пытанне пра тое, ці трэба адбудаваць касцёл, ці можна пакінуць прыбудову і адаптаваць яе пад патрэбы гараджанаў. Скрыншот: Скрыншот: 1387.by/Instagram

За адбудову большасць выступіла таксама ў нядаўнім абмеркаванні гэтай тэмы на старонцы «Аднаўленне бабруйскага касцёла» у Фэйсбуку.

Аўтар старонкі прыводзіць у тым ліку аргументы за тое, каб пакінуць і перарабіць прыбудову:

«Дзе апрача Бабруйска можна ўбачыць падобнае зліццё мадэрновай неаготыкі з савецкай бязлікасцю? Ці не робіць гэта наш прыклад настолькі ўнікальным, што прыбудову неабходна адрэстаўраваць разам з захаванай часткай касцёла і адкрыць пры парафіі такую патрэбную каталіцкую школку, выставачную залу, урэшце — музей каталіцкай грамады горада, гісторыя якой налічвае ці не паўтысячагоддзя… Абодва меркаванні маюць свае перавагі і недахопы».

І разважае далей пра тое, што можна было б зрабіць з былой адміністрацыяй «Бабруйскбудкомплекса»:

«Ці не лепш было б пакінуць абапал адбудаванага фасаду фрагменты сцен вышынёю ў паўтара-два паверхі, накрыць іх дахоўкай і ўпісаць у ансамбль будучага скверу на касцельным участку, як гэта было калісь, а на сценах размясціць гістарычную даведку і выявы, што сведчылі б аб праўдзівасці першай? Такім чынам мы не абразім архітэктурнага генія Станіслава Шабунеўскага, вярнуўшы спрадвечнае аблічча аднаму з найлепшых яго архітэктурных твораў, і разам з тым захаваем элементы старога будынка, як напамін аб памылках продкаў».

У каментарах большасць падпісчыкаў не пагадзіліся з гэтай ідэяй і выступілі за поўнае аднаўленне ўнікальнага касцёла.

А як святыня магла б выглядаць, калі яе адбудаваць, чатыры гады таму бабруйцам паказалі гомельскія архітэктары Дзмітрый і Ганна Башмакі, якія зрабілі 3D-рэканструкцыю касцёла. Прыводзім тут гэтыя выявы.

Так мог бы выглядаць бабруйскі касцёл, калі б яго аднавілі. Рэканструкцыя: Дзмітрый і Ганна Башмакі

Так мог бы выглядаць бабруйскі касцёл, калі б яго аднавілі. Рэканструкцыя: Дзмітрый і Ганна Башмакі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Астап Ібрагімавіч / Адказаць
23.01.2023
"Адзін з парафіян, які пажадаў застацца ананімным, кажа, што грошы заўсёды можна знайсці: "Ды элементарна сабралі б".
Скажыце, якая сума вам падабаецца?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру