Па інфармацыі выдання, праз два гады ні падазраваных, ні цела, ні годных версій, якія маглі б сысці за больш-менш праўдападобныя, у следства няма. Таму справа спынена.

Жанчыне на момант смерці было 37 год. Яна жыла ў адной з вёсак Лунінецкага раёна. Акрамя таго, што яна ўвесь час лячылася, імкнучыся перамагчы ВІЧ, у яе дыягнаставалі сухоты. Жыццё пад замком у абласным тубмеддыспансеры давалася ёй складана. Медработнікам жанчына не раз пагражала, што выскачыць з акна. З-за гэтага яе перавялі ў псіхіятрычную бальніцу «Гарадзішча».

29 студзеня сваякоў папярэдзілі, што пацыентку трэба забраць дадому, яе выпісваюць. Але тыя вырашылі крыху пачакаць, каб вырашыць пытанне з месцам яе пражывання. Крыху пазней ім паведамілі, што жанчына памерла.

Сваякі пачалі арганізоўваць пахаванне. Выкапалі яму на могілках, купілі труну і паехалі за нябожчыцай у пінскі морг. Даведку аб смерці ім выдалі. А цела ў моргу не аказалася.

Былі абследаваныя блізкія тэрыторыі, знятыя запісы з камер відэаназірання, апытаны работнікі морга і бальніцы, дзе жанчына праходзіла лячэнне. Але падазраваных так і не знайшлі.

У выкапанай магіле сваякі закапалі бохан хлеба.

Клас
1
Панылы сорам
36
Ха-ха
2
Ого
15
Сумна
5
Абуральна
18