Фота: Naftoport.pl

Фота: Naftoport.pl

Польскія СМІ пішуць, што у ноч з суботы на нядзелю 15 студзеня у Гданьскім заліве прайшла выратавальная аперацыя. Марская пошукава-выратавальная служба Польшчы дапамагла камандзе з трох вадалазаў з Іспаніі, у якой зламалася маторная лодка.

Па словах вадалазаў, яны шукалі бурштын, але ў самой лодцы не было ні бурштыну, ні спецыяльнага інвентару для яго пошуку.

«Паліцыя першапачаткова вызначыла, што катар не быў абсталяваны звычайнымі элементамі бяспекі: навігацыйным асвятленнем, сродкамі сувязі і выратавальнымі сродкамі. Акрамя таго, афіцэры паліцыі ўстанавілі, што экіпаж не меў права кіраваць катарам і не атрымліваў дазволу на пагружэнне», — паведамляе выданне Onet са спасылкай на прадстаўніка Галоўнага ўпраўлення паліцыі Гданьска.

Характэрна, што каманда вадалазаў знаходзілася зусім побач з тэрміналам па перавалцы сырой нафты і нафтапрадуктаў, які належыць польскай кампаніі Naftoport Ltd. Гэты тэрмінал вельмі важны для рэгіянальнай энергетычнай бяспекі ва ўмовах замяшчэння расійскіх энергарэсурсаў.

«Нафтапорт мае магчымасць перапрацоўваць 40 млн тон сырой нафты ў год. Да вайны ва Украіне яго магчымасці выкарыстоўваліся прыкладна на 50 працэнтаў, цяпер працэнт будзе нашмат больш высокі. Польшча, верагодна, будзе пастаўляць сыравіну ў краіны Балтыі, Чэхію і Нямеччыну», — сказаў у маі 2022 года Якуб Рыбацкі з аддзела макраэканомікі Польскага эканамічнага інстытута.

У выніку іспанцаў адпусцілі, а двое з іх адразу хутка пакінулі Польшчу. Па звестках паліцыі, іх асобы вызначаныя, а самі яны ўзятыя на кантроль.

Гэты выпадак прымусіў польскія ўлады ўзмацніць бяспеку каля сваіх аб'ектаў энергетычнай інфраструктуры.

«Мы ўзмацнілі ахову нашай крытычна важнай і стратэгічнай інфраструктуры, напрыклад, ЗПГ-тэрмінала ў горадзе Свінавусце і газаправода «Балтыйская труба». Відавочна, што падчас вайны ва Украіне, калі невымерна ўзрасла рызыка дыверсій з боку Расіі, неабходна ўзмацніць нагляд за крытычнай інфраструктурай», — заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Клас
34
Панылы сорам
19
Ха-ха
14
Ого
24
Сумна
3
Абуральна
29