Фота: AP

Фота: AP

Міністэрства замежных спраў Аўстрыі заявіла, што заходнія краіны павінны «захоўваць пачуццё меры» ў адносінах з Расіяй, бо гэта «частка еўрапейскай культуры і гісторыі». Пра гэта сказаў міністр замежных спраў Аўстрыі Аляксандр Шаленберг, піша радыё «Свабода».

«Мы не павінны перагінаць палку, напрыклад, уводзячы забарону на выдачу віз 144 мільёнам расіян», — сказаў ён.

Міністр заявіў, што Аўстрыя падтрымае Украіну ў яе намаганнях па абароне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці.

«Але ў той жа час мы павінны думаць пра наступны дзень, тыдзень і месяцы пасля ўсяго, — сказаў Шаленбэрг, — бо ў архітэктуру еўрапейскай бяспекі так ці інакш у будучыні павінна будзе ўвайсці Расія як пастаянны член Рады Бяспекі ААН і як ядзерная дзяржава».

Шаленберг запатрабаваў, што Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве (АБСЕ) трэба захаваць, і ў чарговы раз раскрытыкаваў тое, што на апошнюю сустрэчу прадстаўнікоў АБСЕ ў Польшчы не запрасілі міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова.

Таксама аўстрыйскі міністр выступіў супраць выключэння Расіі з АБСЕ.

«АБСЕ — адна з нямногіх пакінутых пляцовак, дзе расійскія дыпламаты вымушаныя слухаць нашы аргументы і нашу строгую крытыку расійскай захопніцкай вайны», — сказаў кіраўнік МЗС Аўстрыі. Па словах Шаленберга, «захаваць пачуццё меры» — адна з найважнейшых задач на 2023 год.

Аўстрыя ўжо не першы раз выступае за больш мяккую ацэнку Расіі на міжнароднай арэне. Раней Шаленберг быў канцлерам Аўстрыі і заяўляў пра наступствы для вінаватых у парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. Ягоны пераемнік на пасадзе Карл Негамер у красавіку 2022 года пасля сустрэчы з Зяленскім ездзіў у Маскву да Пуціна. Аўстрыя — нейтральная краіна, якая не ўваходзіць у NATO і не пастаўляе зброю Украіне.

Клас
4
Панылы сорам
8
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
27